Памятны знак «За адданасць прафесіі» заснавалі ў Бялыніцкім раёне

- 17:04Могилевская область, Новости

Памятны знак “За адданасць прафесіі” заснавалі ў Бялыніцкім раёне. Узнагародай адзначаюць плённую і добрасумленную працу педагогаў, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— У сістэме адукацыі раёна няма выпадковых людзей. Нашы настаўнікі творчыя, актыўныя, ініцыятыўныя, неабыякавыя да дзяцей і сваёй справы. Яны прафесіяналы, больш за 75% маюць першую і вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, нямала тых, хто прадукцыйна працуе ўжо 30, 40 і нават 50 гадоў. Для таго каб іх уганараваць, і ўзнікла ідэя заснаваць спецыяльную ўзнагароду, — паведаміла начальнік аддзела па адукацыі Бялыніцкага райвыканкама Жанна Звягіна.

Фота прадастаўлена педагогам

Да рэалізацыі задумы падключыўся райкам галіновага прафсаюза. Сумеснымі намаганнямі былі прыдуманы адметныя імянныя статуэткі. Новую ўзнагароду ўжо атрымалі 17 педагагічных работнікаў. У іх ліку настаўнікі пачатковых класаў Ірына Ярмоленка, Людміла Якубава і Ірына Траццякова. Усе яны прысвяцілі вучням дзесяцігоддзі, ва ўсіх працоўная біяграфія звязана з адной навучальнай установай.

— У прафесіі я ўжо 40 гадоў. На працягу практычна ўсяго гэтага перыяду працую ў сярэдняй школе № 1 імя М.І.Пашкоўскага. Урокі будую на развіцці пазнавальнай актыўнасці і разумовай дзейнасці дзяцей. Увагу ўдзяляю не толькі навучанню, але і выхаванню. Далучаю вучняў да народных традыцый, прывіваю ім любоў да Радзімы. Не забываю і пра раскрыццё здольнасцей навучэнцаў. Наогул, лічу важным індывідуальны падыход, паразуменне і кантакт з дзецьмі. Вучні адчуваюць маю зацікаўленасць і ў выніку радуюць вучэбнымі, творчымі і спартыўнымі дасягненнямі. Вельмі ганаруся сваімі выпускнікамі, іх у мяне каля 250, — падзялілася Людміла Якубава.

Прадстаўніца сярэдняй школы № 2 райцэнтра Ірына Ярмоленка сваім галоўным педагагічным дасягненнем таксама называе поспехі навучэнцаў. За 35 гадоў настаўніца выпусціла звыш 200 хлопчыкаў і дзяўчынак.

— У кожнага ўкладвала душу, перад кожным адкрывала сэрца. Пастаянна займаюся самаразвіццём, бо хочацца даць дзецям самае лепшае. Нават зараз, маючы важкі вопыт, не перастаю выву­чаць новае, укараняю ў вучэбны працэс інавацыйныя методыкі і тэхналогіі. Вядома, акцэнт раблю на выхаваўчых момантах. Стараюся быць для вучняў узорам у дзеяннях і ўчынках, фармірую іх асобу на спрадвечна беларускіх духоўна-маральных каштоўнасцях, — расказала Ірына Васільеўна.

Педагогіка даўно не проста работа і для Ірыны Траццяковай з Цяхцінскай сярэдняй школы. Яна выхоўвалася ў настаўніцкай сям’і і працягнула дынастыю.

— Выкладанне для мяне без перабольшання прызванне, складана ўявіць сябе без школы і любімых вучняў. Сваёй ключавой задачай заўсёды бачыла даць трывалыя веды сваім выхаванцам, пад­рыхтаваць іх да старшай школы. Заўсёды імкнуся закласці ў дзяцей правільныя арыенціры. Сёння хлопчыкі і дзяўчынкі з першых выпускаў ужо дарослыя, і з упэўненасцю магу сказаць: яны сталі дастойнымі людзьмі. Зараз вучу ўжо дзяцей сваіх былых навучэнцаў, — расказала Ірына Максімаўна.

Атрыманне памятнага знака стала для настаўніц прыемнай нечаканасцю. Як адзначылі педагогі, такая ўвага вельмі каштоўная. Значна, што, акрамя статуэткі, узнагароджаным уручылі ганаровыя дыпломы і грашовыя прэміі.

— Заслугі педагагічных работнікаў не павінны заставацца незаўважанымі, — падкрэсліла Жанна Звягіна. — Уручэнне памятнага знака і ўшанаванне педагагічных работнікаў, якія ўсё жыццё прысвяцілі сферы адукацыі, пла­нуем зрабіць штогадовым.

Ганна СІНЬКЕВІЧ