Цэлых 8 узнагарод — па 4 дыпломы I і II ступеней — атрымалі педагогі і юныя танцоры сталічнага Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Вікторыя” на міжнародным фестывалі-конкурсе “Творчасць без меж”, які праходзіць у Мінску. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Як расказала загадчыца аддзялення мастацкай творчасці цэнтра “Вікторыя” Наталля Жадзінская, такі багаты на ўзнагароды фестываль для калег яе ўстановы ўжо штогадовая традыцыя. А сакрэт, па яе меркаванні, у каманднай рабоце педагогаў:
— Усяго ў нашым цэнтры сем харэаграфічных калектываў, у якіх працуюць 12 педагогаў. Калектывы розныя, паміж імі ёсць здаровая канкурэнцыя, але пры гэтым і кіраўнікі калектываў, і іх удзельнікі — усе адно аднаму дапамагаюць. Мегаважнае для нас і супрацоўніцтва з сем’ямі навучэнцаў, бо, каб падрыхтаваць іх, спачатку бацькі павінны знайсці час прывесці сваіх дзяцей да нас, не кажучы ўжо пра фінансавую дапамогу ў пашыве касцюмаў і г.д. Што да работы харэографаў, то ў нас ёсць правіла: кіраўніцтва ўстановы не ўмешваецца ў іх дзейнасць, у творчы палёт іх думак і фантазій. Так, мы іх крыху накіроўваем у актуальнае рэчышча, просім захоўваць нашы традыцыі, а ўсё астатняе — гэта іх выбар і права.
Амаль на тыдзень сцэна Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі стала галоўнай пляцоўкай для ўдзельнікаў адкрытага міжнароднага фестывалю-конкурсу “Творчасць без меж”. Свае ўменні канкурсанты дэманструюць у харэаграфіі, вакале, ігры на музычных інструментах.
Навучэнцы ўзорнага ансамбля “Данс Авеню” атрымалі адразу два дыпломы I ступені ў намінацыі “Эстрадны танец” (ва ўзроставых катэгорыях 6—9 і 14—17 гадоў) і дыплом II ступені ў намінацыі “Сучасны танец” (узроставая катэгорыя 10—13 гадоў). Жанна Англінская і Тамара Канашэвіч больш за 20 гадоў з’яўляюцца кіраўнікамі гэтага калектыву. У кастрычніку, напярэдадні Дня настаўніка, яны былі ўзнагароджаны нагруднымі знакамі “Выдатнік адукацыі”.
— Жанна Віктараўна і Тамара Канстанцінаўна — пастаянныя пераможцы і ўладальніцы гран-пры, чэмпіёны ўсіх магчымых нацыянальных і міжнародных харэаграфічных конкурсаў. Іх асноўны кірунак — сучасная і эстрадная харэаграфія. Іх выхаванцы — дзеці розных узростаў. З малышамі яны часцей за ўсё ставяць вясёлыя нумары, але на аснове сур’ёзнай харэаграфіі. Вялікую ўвагу педагогі ўдзяляюць пастаноўцы цела, рук і ног дзіцяці і, толькі калі гэтыя элементы адточаны, пераходзяць да фарміравання малюнка танца, сінхронна, прыдумваюць яркія танцавальныя элементы, — прыадкрыла прафесійныя сакрэты калег Наталля Жадзінская.
Сярод лідараў у намінацыі “Эстрадны танец” у розных узроставых катэгорыях і навучэнцы школы сучаснага танца Dance City, якой кіруе Святлана Акуліч. Адметнасць калектыву ў тым, што, акрамя сучаснай і эстраднай харэаграфіі, яго кіраўнік шмат увагі ўдзяляе спартыўнаму танцу і чырлідынгу (гэты кірунак некалькі гадоў назад быў афіцыйна прызнаны відам спорту ў Рэспубліцы Беларусь). Навучэнцы Святланы Сяргееўны — шматразовыя ўладальнікі гран-пры спаборніцтваў, арганізаваных Беларускай федэрацыяй чырлідынгу і каманд падтрымкі. Многія з навучэнцаў і выпускнікоў калектыву — майстры спорту па чырлідынгу, а некалькі выпускнікоў Святланы Акуліч ужо яе калегі і самастойна выкладаюць харэаграфію і чырлідынг у альма-матар, уваходзяць у лік вядучых спецыялістаў установы. Такім чынам, педагог сама вырасціла сваіх калег.
Горача прымалі гледачы і выступленні ўдзельнікаў дзіцячай узорнай студыі “Кляксы” (кіраўнік і харэограф Яўгенія Рэзнікава і харэограф Настасся Шчуцкая). Журы аддало ім найвышэйшыя ўзнагароды.
— Гэта адзін з самых шматлікіх дзіцячых калектываў у нашым цэнтры — у ім больш за 300 навучэнцаў. Тут шмат і груп, і танцавальных кірункаў, але асаблівая ўвага ўдзяляецца дзіцячаму танцу. У гэтым кірунку педагогі прымяняюць тэатралізацыю, а ў самых малодшых групах да тэатралізаваных пастановак дабаўляюцца яшчэ і элементы акцёрскага майстэрства. Я не ведаю іншых калектываў у краіне, на рахунку якіх было б больш гран-пры, чым у нашых “Клякс”, — адзначыла Наталля Жадзінская.
Гэта фестывальны вынік толькі адной установы адукацыі. Усяго ж у фестывалі-конкурсе сёлета прымаюць удзел 356 калектываў і індывідуальных выканаўцаў. Гэта каля 6 тысяч таленавітых дзяцей з Беларусі, Расіі, Азербайджана, Кыргызстана. Свае ўменні юныя таленты дэманструюць у харэаграфіі, вакале, ігры на музычных інструментах.
Выступаючы перад артыстамі і гледачамі, намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Кацярына Пятруцкая адзначыла:
— За 10 гадоў, на працягу якіх у Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі праходзіць фестываль, вырасла цэлае пакаленне таленавітых людзей, якія працягваюць жыць творчасцю. Многія з іх, дзякуючы гэтаму конкурсу, сталі стыпендыятамі спецыяльных фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі і адораных навучэнцаў і студэнтаў, звязалі сваё жыццё з творчасцю. Упэўнена, што, дзякуючы гэтаму фестывалю, вашы таленты будуць і далей развівацца і падтрымлівацца.
Надзея Васільчанка, дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, дадала:
— Вельмі важна, што мы маем магчымасць азнаёміцца з лепшымі ўзорамі культуры і мастацтва розных краін, а нашы дзеці могуць пасябраваць. Сёння вы размаўляеце мовай творчасці, і важна, каб заўтра, калі вы станеце дарослымі, вы працягвалі гэтыя зносіны, каб чулі адно аднаго. Гэтая мова дзіцячай дыпламатыі — творчай дыпламатыі — будзе спрыяць развіццю дружбы і міру.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара і прадастаўлены ЦДАДіМ “Вікторыя”