У Слонімскім дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці ёсць свой астравок лета — зімовы сад

- 14:18Репортаж

Дрэвы даўно пераапрануліся ў залатыя і чырвоныя ўборы, а ў Слонімскім дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці ёсць свой астравок лета — зімовы сад. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

На экскурсію — да пальмаў

Ён налічвае каля 110 разнавіднасцей раслін. На працягу многіх гадоў зімовы сад з’яўляецца любімым месцам не толькі экскурсій, але і заняткаў для дашкалят.

— Гісторыя нашага зімовага саду пачалася ў 1992 годзе па ініцыятыве загадчыцы Таццяны Андрэеўны Ягоравай. Тады відавая разнастайнасць налічвала ўсяго 20 відаў раслін, а сёння такіх ужо больш за сто, — гаворыць загадчыца Слонімскага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Ларыса Ягаўдзік.

Дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву з Цэнтральным батанічным садам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, у зімовым садзе дашкольнай установы могуць пахваліцца наяўнасцю дрэва трапічных лясоў — Жакаранда, фінікавай пальмы і авакада, кававага дрэва і мандарына, лімона, інжыра… Імкнуцца вырасціць нават бананы.

— Ураджай пакуль не збіралі, але як толькі дзеці і іх бацькі падчас экскурсій даведваюцца, што ў нас расце банан, цікавасць тут жа набывае асабліва ажыўленую форму, — з усмешкай адзначае кіраўнік установы.

У сваю чаргу цікавасць да прыроды і яе захавання ў зімовым садзе не толькі нараджаецца, але і актыўна папулярызуецца. Прычым удзельнікамі такіх пачынанняў заўсёды становяцца выхаванцы дашкольнай установы. У зімовым садзе яны назіра­юць за ростам і развіццём дэкаратыўных і пакаёвых раслін і разам з дарослымі вырошчваюць насенне іглічных для азелянення тэрыторыі ўстановы.

— Ёсць у нас і мікраагарод для вырошчвання расады кветак і лекавых траў. Акрамя таго, усе нашы дашкаляты ведаюць і з цікавасцю наведваюць галоўных герояў зімовага саду — чырванавухую чарапаху Лолу, рыбак, — працягвае Ларыса Ягаўдзік.

Эксперыменты з паметкай “эка”

Зімовы сад — яшчэ і месца нараджэння імкнення да новых адкрыццяў і эксперыментаў. Створана і актыўна функцыянуе ў ім лабараторыя “Эксперыментус” з дзіцячымі мікраскопамі і іншым абсталяваннем для эксперыментальнай дзейнасці, а таксама цікавым матэрыялам для даследаванняў: калекцыямі камянёў, мінералаў, насякомых. Сабраны гербарый.

— Абсталяваны і экасістэмы “луг”, “лес”, “поле” з фігуркамі адпаведных жывёл і насякомых. Так што наш зімовы сад — яшчэ і любімае месца заняткаў экалагічнай накіраванасці, — працягвае тэму суразмоўніца.

З 2018 года Слонімскі да­школьны цэнтр развіцця дзіцяці ўдзельнічае ў адукацыйным праекце “Зялёныя школы”. І ўстанова дашкольнай адукацыі ганарыцца назапашаным у гэтым напрамку вопытам.

— З 2022/2023 навучальнага года ў нас працуе аб’яднанне па інтарэсах экалагічнай накіраванасці для выхаванцаў сярэдніх і старшых груп “Зялёны патруль”. Арганізацыя адукацыйнага працэсу прадугледжвае інтэграваны падыход у навучанні. Гэта правядзенне гульняў экалагічнай накіраванасці, назіранняў, выяўленчай і доследна-эксперы­ментальнай дзейнасці, спартыўна-экалагічных свят і інсцэніровак, экскурсій, — адзначае Ларыса Ягаўдзік.

Гучыць экалагічная тэма і ў групавых памяшканнях. Прадметна-развіццёвае асяроддзе тут прадстаўлена ў тым ліку куткамі прыроды, шырокім спектрам тэматычных дыдактычных гульняў, энцыклапедычнай, пазнавальнай і мастацкай літаратурай.

— Больш за тое, у 2020 го­дзе мы атрымалі дыплом І ступені па рэалізацыі адукацыйнага праекта “Зялёныя школы” і істотны грант у якасці заахвочвання. Як вынік — прадметна-развіццёвае асяроддзе ўстановы папоўнілася пяццю дзіцячымі планшэтамі, мікраскопам, сумкамі для доследна-эксперыментальнай дзейнасці, дыдактычнымі гульнямі экалагічнай накіраванасці і не толькі, — гаворыць Ларыса Уладзіміраўна.

Скарбонка метадычнага вопыту

На базе ўстановы сістэматычна арганізуюць метадычныя аб’яднанні, у межах якіх педагогі дзеляцца вопытам па рэалізацыі праекта “Зялёныя школы”.

Рэгулярна папаўняем інфармацыйна-метадычны кабінет матэрыяламі семінараў і практыкумаў па фарміраванні экалагічных ведаў і ўменняў у выхаванцаў. Творчыя групы нашых педагогаў распрацавалі перспектыўныя планы арганізацыі работы з выхаванцамі другой малодшай, сярэдняй і старшай груп па фарміраванні экалагічнай адукаванасці, структурна-лагічную схему па фарміраванні навыкаў эксперыментавання ў дашкольным узросце, перспектыўны план арганізацыі пазнавальна-практычнай дзейнасці ў другіх малодшых, сярэдніх і старшых групах.

Зноў жа стараннямі вопытных педагогаў створаны картатэкі назіранняў, доследаў і эксперыментаў, рухавых гульняў з прыродным матэрыялам. У займальнай форме знаёмяць дашкалят у Слоніме яшчэ і з ідэямі энергазберажэння. Ёсць тут свой экалагічны тэатр “Берагошы”, у рэпертуары якога экалагічныя казкі “Пра што расказаў ручаёк”, “Жыла-была смеццевая куча”, “Урокі Берагошы”, “Усё пачыналася з кропелькі”.

Ідучы па экасцежцы

Ідэі экалагічнага выхавання прасочваюцца нават на тэрыторыі дашкольнай установы. Ужо на ўваходзе гасцей і дашкалят з баць­камі сустракае яркая клумба з тэматычнай інсталяцыяй — карабель “Свет адкрыццяў”, які плыве па шары-планеце.

Адкрыцці ж юных выхаванцаў чакаюць яшчэ да таго, як яны пераступаюць парог дашкольнай установы. На ўсёй тэрыторыі абсталявана экалагічная сцежка з 10 станцыямі.

— Перш за ўсё нашы вандроўнікі сустракаюцца на ёй з Тапалёшай — таполяй-старажылам. Тут яны знаёмяцца з асаблі­васцямі дрэва, параўноўваюць і разглядаюць лісце, удакладня­юць правілы паводзін у прыродзе, у тым ліку на экалагічнай сцежцы, — расказвае пра маршруты сцежкі кіраўнік дашкольнай установы.

Увазе дашкалят і станцыя “Вясковы дворык-агарод”, дзе старэйшыя выхаванцы з за­давальненнем высаджваюць сельскагаспадарчыя культуры і назіраюць за іх ростам увесь цёплы сезон.

Цікава, што на “Лекавым дворыку” экасцежкі растуць не толькі лекавыя расліны, такія як чарада, лаванда, падбел, рамонак, але і расліны-барометры — кісліца, фіялка, календула.

— Іх суквецці закрываюцца перад непагодай, а нашы выхаванцы тым часам улоўліваюць узаемасувязь жывой і нежывой прыроды, — тлумачыць Ларыса Ягаўдзік.

Ёсць тут свая алея туй і птушынае мястэчка з кармушкамі і шпакоўнямі, сад з вішнямі, слівамі і яблынямі і нават паляна настрою — вялікі кветнік, які ў цёплую пару года радуе кожнага разнастайнасцю фарб прыроды.

Нярэдка старэйшыя выхаванцы праводзяць экскурсіі па экалагічнай сцежцы для сваіх малодшых калег. І словазлучэнне “зялёны патруль” у такім выпадку набывае літаральны сэнс. Лепшыя ідэі беражлівых адносін да прыроды пры такім падыхо­дзе трансліруюцца па прынцыпе “роўны вучыць роўнага” і, зразумела, знаходзяць водгук і рэакцыю ўважлівага ўдзельніка экскурсіі і не толькі.

— Карабель “Свет адкрыццяў” нездарма сустракае ўсіх на ўваходзе, — робіць важнае ўдакладненне Ларыса Ягаўдзік. — Наша ўстанова — гэта свет пазнання новага і цікавага як для дзяцей і іх бацькоў, так і для педагогаў, якія імкнуцца да пастаяннага ўдасканалення. Спадзяёмся, што наш “Свет адкрыццяў” — гэта яшчэ і другі дом для выхаванцаў, у якім яны адчуваюць сябе ўпэўнена і камфортна. Ва ўсялякім выпадку мы робім усё, каб гэта было сапраўды так!

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара