VII Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Бесперапынная адукацыя педагогаў: дасягненні, праблемы, перспектывы» прайшла ў Акадэміі адукацыі. У ёй удзельнічалі больш за 180 педагагічных работнікаў Беларусі і Расіі, перадае карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Рэктар акадэміі Ірына Старавойтава падкрэсліла, што бесперапыннае прафесійнае развіццё педагогаў — найважнейшая ўмова павышэння якасці адукацыі, і спынілася на асноўных вектарах развіцця адукацыі ў нашай краіне. У іх ліку рэалізацыя кампетэнтнаснага падыходу, фарміраванне функцыянальнай адукаванасці, сістэма работы па грамадзянскім і патрыятычным выхаванні дзяцей і моладзі, рэалізацыя прынцыпу інклюзіі, удасканаленне адукацыйнага асяроддзя і сістэмы ацэнкі якасці адукацыі.
На пленарным пасяджэнні выступоўцы назвалі сучасныя тэндэнцыі развіцця бесперапыннай педагагічнай адукацыі. Пасля прайшлі дыялогавыя пляцоўкі па пытаннях кіравання прафесійным удасканаленнем педагога, развіцця яго кампетэнцый у кірунку функцыянальнай адукаванасці сродкамі вучэбнага прадмета, ролі педагога як выхавальніка.
Падчас дыялогавай пляцоўкі «Развіццё кампетэнцый педагагічных работнікаў у галіне фарміравання функцыянальнай адукаванасці сродкамі вучэбнага прадмета» гаварылі не столькі пра тое, як важна фарміраваць такую адукаванасць, колькі адказвалі на пытанні, як гэта рабіць. Педагогі дзяліліся сваім вопытам, які дае станоўчыя вынікі ў рабоце з вучнямі. Абмяркоўвалі пры гэтым розныя віды функцыянальнай адукаванасці, у тым ліку future-адукаванасць, або «адукаванасць у дачыненні да будучыні», пра якую казаў дацэнт Расійскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.А. Герцэна кандыдат педагагічных навук Сяргей Мадэстаў. Ён лічыць, што самым простым і даступным інструментам для рэалізацыі гэтага падыходу на ўроках з’яўляецца выкарыстанне найбагацейшага пласта навуковай фантастыкі ў якасці вучэбнага матэрыялу.
Настаўніца фізікі, настаўнік-метадыст гімназіі № 1 Жодзіна Эла Якубоўская расказала аб фарміраванні прыродазнаўчанавуковай адукаванасці ў класах інжынернай накіраванасці. Яна адзначыла, што дзеці часта прыходзяць на ўрокі з пытаннямі з серыі “а ці праўда, што..?” (гаворыцца ў рэкламе, інтэрнэце). Для дапамогі вучням у вырашэнні такіх пытанняў педагог прапанавала правяраць інфармацыю эксперыментальна. Для гэтага можна выкарыстоўваць папулярныя лайфхакі: паспрабаваць адкрыць шчыльна закручаны слоік з дапамогай скотча, выправіць увагнутасці на драўляных паверхнях, прыбраць разліты лак для пазногцяў, зрабіць лавец сонца, каб напоўніць дом сонечнымі зайчыкамі, або тэрмас сваімі рукамі і г. д. Эла Якубоўская расказала пра этапы работы з лайфхакамі і крытэрыі правільна выкананага даследавання.
Аб комплекснай рабоце з тэкстам у пачатковых класах з мэтай фарміравання чытацкай адукаванасці паведаміла настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 192 Мінска Ірына Даніленка. Праектную дзейнасць для развіцця функцыянальнай адукаванасці прадставіла настаўніца працоўнага навучання сярэдняй школы № 7 Ваўкавыска Алена Дубанос. Пад яе кіраўніцтвам вучні разлічваюць энергетычную каштоўнасць снедання, складаюць меню абеду, выконваюць творчыя работы па пашыве вырабаў.
Ва ўрачыстай атмасферы былі падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве Акадэміі адукацыі з Інстытутам зместу і метадаў навучання (Масква) і Санкт-Пецярбургскай акадэміяй постдыпломнай педагагічнай адукацыі імя К.Д. Ушынскага, а таксама план узаемадзеяння з Расійскай акадэміяй адукацыі.
— З нашымі партнёрамі з Расіі мы засяродзімся на сумеснай рабоце ў сістэме павышэння кваліфікацыі, — адзначыла Ірына Старавойтава. — Плануюцца стажыроўкі, паездкі з мэтай абмену вопытам паміж нашымі ўстановамі, сумесныя навуковыя распрацоўкі. Вынікам узаемадзеяння нашых навуковых школ павінны стаць практыка-арыентаваныя матэрыялы і метадычныя распрацоўкі для педагогаў. Расійская навуковая школа, вядомая глыбінёй і грунтоўнасцю, ахоплівае сацыялагічныя, псіхалагічныя і педагагічныя даследаванні. Канцэптуальныя і перспектыўныя напрамкі, якія рэалізуюцца ў нашай краіне ў рамках навуковых даследаванняў, сканцэнтраваны на фарміраванні кампетэнцый у педагогаў, развіцці функцыянальнай адукаванасці як у вучняў, так і ў настаўнікаў, на важных аспектах патрыятычнага выхавання і фарміравання грамадзянскасці, пытаннях профільнай адукацыі, ацэнкі якасці адукацыі. З 2023 г. у Беларусі праводзіцца нацыянальнае даследаванне па ацэнцы функцыянальнай адукаванасці навучэнцаў, якія атрымалі базавую адукацыю, што ўключае чытацкую, матэматычную, прыродазнаўчанавуковую і фінансавую дасведчанасць. Неабходна далейшая прапрацоўка гэтых пытанняў, абнаўленне матэрыялаў, у тым ліку ў супрацоўніцтве з расійскімі партнёрамі.
— Спадзяюся, што падпісанае пагадненне стане зыходным пунктам для ўзаемадзеяння нашых устаноў у трох ключавых кірунках, — паведаміў в. а. рэктара Санкт-Пецярбургскай акадэміі постдыпломнай педагагічнай адукацыі імя К.Д. Ушынскага Андрэй Багданцаў. — Па-першае, мы плануем сумесныя праграмы павышэння кваліфікацыі, у тым ліку падрыхтоўку кіраўніцкіх кадраў, а таксама работу з класнымі кіраўнікамі і настаўнікамі-прадметнікамі. Асаблівую ўвагу ўдзяляем развіццю функцыянальнай адукаванасці. Другі напрамак тычыцца прыкладных навуковых даследаванняў, якія сканцэнтраваны на вобразе сучаснага педагога і яго патрэбах, а таксама на фарміраванні вобраза выпускніка. Мы хочам выявіць як агульныя рысы, так і адрозненні паміж нашымі краінамі ў гэтым пытанні. Наша акадэмія ўжо шмат гадоў праводзіць даследаванне, прысвечанае каштоўнаснаму профілю выпускніка пецярбургскай школы. І было б цікава правесці сумеснае з вашай краінай даследаванне, каб высветліць гэтае ж пытанне пра выпускнікоў школ Беларусі. Трэці напрамак уключае метадычную работу і прымяненне прыёмаў, неабходных у штодзённай дзейнасці педагогаў і спецыялістаў у галіне прафесійнай адукацыі педагогаў. Хацелі б зразумець, якія метады сёння найбольш эфектыўныя, якія практыкі працуюць, а якія патрабуюць змяненняў, як рэагаваць на новыя выклікі, укараняць сучасныя сродкі і тэхналогіі ў адукацыйны працэс. На нашых курсах мы часта задаём слухачам пытанні, якім павінна быць сучаснае дамашняе заданне, як яго правяраць у сувязі з тым, што штучны інтэлект можа напісаць любое сачыненне і рашыць складаную матэматычную задачу. Будзе цікава з калегамі з Беларусі разам знайсці адказы на ўсе гэтыя метадалагічныя пытанні.
Як адзначыла намеснік прэзідэнта Расійскай акадэміі адукацыі, кандыдат педагагічных навук Жанна Садоўнікава, у плане супрацоўніцтва з Акадэміяй адукацыі ў расійскай акадэміі пазначаны такія ключавыя напрамкі, як інклюзіўная адукацыя, змест вучэбных праграм, экспертыза, павышэнне кваліфікацыі і правядзенне стажыровак.
Намеснік дырэктара Інстытута зместу і метадаў навучання (Масква) кандыдат педагагічных навук Уладзіслаў Разумоўскі расказаў, што ўстанова займаецца навуковымі даследаваннямі і распрацоўкамі ў галіне навук аб адукацыі, як фундаментальнымі праблемамі, так і методыкамі выкладання розных прадметаў, удзельнічае ў распрацоўцы федэральных дзяржаўных адукацыйных стандартаў агульнай адукацыі па ўсіх вучэбных прадметах, а таксама забяспечвае іх актыўнае суправаджэнне, аказваючы метадычную падтрымку педагогам. У гэтых кірунках і будзе праходзіць супрацоўніцтва нашых краін.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара і з сайта Акадэміі адукацыі