Звыш 150 лідскіх навучэнцаў сталі ўдзельнікамі першай змены школы алімпіяднага руху

- 15:04Новости

Другая вучэбная чвэрць для школьнікаў Лідчыны абяцае быць цікавай і насычанай. І ўсё таму, што адпаведны тон быў зададзены ў першай. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Як адзначыла начальнік упраўлення адукацыі Лідскага райвыканкама Вольга Тарасюк, многія школьнікі актыўна ўключыліся ў алімпіядны рух. Цяпер пераможцы школьнага этапу рыхтуюцца да раённага. Дарэчы, лідскія навучэнцы традыцыйна займаюць лідзіруючыя пазіцыі ў вобласці на трэцім і заключным этапах рэспублі­канскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Ёсць падставы меркаваць, што гэты год не стане выключэннем. 152 чалавекі сталі ўдзельнікамі першай змены школы алімпіяднага руху, арганізаванай Міністэрствам адукацыі з гэтага навучальнага года.

— І гэта выдатная магчы­масць зверыць веды і на­быць новы практычны вопыт, — заў­важыла Вольга Зігмундаўна.

Не менш важным для навучэнцаў з’яўляецца развіццё даследчых кампетэнцый. Па выніках адборачнага этапу 70 школьных даследаванняў навучэнцаў раёна заяўлены для ўдзелу ў абласной канферэнцыі “Хрустальная Альфа”.

— Акрамя таго, за першую чвэрць 12 чалавек прайшлі навучанне ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку. А двое выпускнікоў мінулага навучальнага года паступілі ва ўніверсітэты па рэкамендацыі тэхнапарка, — працягнула размову начальнік упраўлення адукацыі.

Пад асаблівай увагай было ваенна-патрыятычнае і грама­дзянскае выхаванне. У першай чвэрці праведзена дэкада дзіцячага і маладзёжнага руху “Захоўваючы традыцыі, будуем будучыню” і дэкада гісторыка-культурнай і прыроднай спад­чыны “Мая малая радзіма”.

— На базе Лідскага раёна былі праведзены абласныя інст­руктыўна-метадычныя заняткі для кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні, дзе абмяркоўваліся пытанні правя­дзення мерапрыемстваў ваенна-прафесійнай накіраванасці, задачы і ўзаемадзеянне ў пытаннях грамадзянска-патрыятычнага выхавання. Вынікі работы раённых ваенна-патрыятычных клубаў “Лідскія львы” і “Гракі” прадстаўлялі на выязным пасяджэнні раённага Савета дэпутатаў, — адзначыла Вольга Зігмундаўна.

А маладзёжны парламент Лідскага раёна разам з Шалабаліхінскім раёнам Алтайскага краю працягвае рэалізацыю патрыятычнага праекта “Беларусь і Расія — адзін лёс, дзве дзяржавы”.

Прыярытэтнымі застаюцца пытанні прававога выхавання. У межах тыдня прававых ведаў, прафілактыкі залежнасцей былі актуалізаваны пытанні прафілактыкі супрацьпраўных паводзін непаўналетніх. На восеньскіх канікулах курсіраваў “антынаркатычны аўтобус”, які летам наведваў аздараўленчыя лагеры.

Дарэчы, у раёне пачата пад­рыхтоўка да летняга аздараўленчага сезона 2025 года: стартаваў праект “Курс на лета: канікулы на выдатна”, нацэлены на трансляцыю назапашанага вопыту арганізацыі аздараўлення і засваенне педагогамі эфектыўных форм работы. Тым часам выхавальніца аздараўленчага лагера “Бярозка” рыхтуецца да рэспубліканскага конкурсу педмайстэрства “Лепшы важаты (выхавальнік) аздараўленчага лагера”. У вобласці яна такое званне ўжо атрымала.

— Значную ўвагу ўдзяляем пытанням інклюзіўнай адукацыі. Працягваецца рэалізацыя праекта “Ад інклюзіўнай адукацыі да інклюзіўнага горада”. У межах міжнароднага форуму “Час добрых спраў” адбылася дыялогавая пляцоўка “Ліда — тэрыторыя роўных магчымасцей”. Увазе гледачоў быў прадстаўлены спектакль інклюзіўнага тэат­ра “ЦерамОК”, які дзейнічае на базе раённага цэнтра дзяцей і моладзі, — паведаміла начальнік упраўлення адукацыі.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА