У сталіцы стартаваў гарадскі адкрыты дыстанцыйны конкурс педагагічных ідэй «ІТ-марафон», паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Спаборніцтвы накіраваны на выяўленне і вывучэнне новых вектараў тэорыі і практыкі ў галіне лічбавізацыі адукацыі, на падтрымку інавацыйных распрацовак і тэхналогій, якія садзейнічаюць развіццю сістэмы адукацыі і аказваюць значны ўплыў на навучанне і выхаванне дзяцей.
Педагогам або творчым групам, у складзе якіх павінна быць не больш за тры чалавекі, трэба прайсці анлайн-рэгістрацыю, затым з 16 снежня па 5 студзеня размясціць конкурсную работу на мінскай гарадской платформе дыстанцыйнага навучання (па спасылцы), дачакацца вынікаў завочнага этапу і ў выпадку праходжання ў заключны тур правесці анлайн-абарону свайго праекта (з 7 па 13 сакавіка).
Прапаноўваецца паўдзельнічаць у адной з чатырох намінацый: «ІТ-супольнасць», «ІТ-каманда», «ІТ-лідар» і «ІТ-наватар».
Работа ў намінацыі «IT-супольнасць» будзе адлюстроўваць дзейнасць сеткавых педагагічных супольнасцей, якія створаны для абмену эфектыўным вопытам на ўзроўні ўстановы адукацыі, раёна, горада, рэспублікі, уключаючы міжнароднае супрацоўніцтва. У гэтай намінацыі неабходна прадэманстраваць ахоп удзельнікаў сеткавай супольнасці, актуальнасць тэматычных віртуальных сустрэч і асвятліць перавагі і асаблівасці супольнасці.
Намінацыя «IT-каманда» аб’яднае работы педагогаў рэсурсных цэнтраў па розных напрамках дзейнасці, якія дэманструюць рэалізацыю тэхналагічных змяненняў у сферы лічбавізацыі адукацыі, істотна паўплывалі на функцыянаванне ўстановы адукацыі і павысілі якасць ўнутраных ІТ-працэсаў. У гэтай намінацыі неабходна прадставіць прэзентацыю комплекснага падыходу рэсурснага цэнтра па кірунку дзейнасці ва ўмовах лічбавай трансфармацыі адукацыі, эфектыўнага выкарыстання комплексу лічбавых тэхналогій у адукацыйным працэсе.
У намінацыі «IT-лідар» трэба адлюстраваць аптымальнае спалучэнне адміністрацыйных і лічбавых тэхналогій у прафесійнай дзейнасці кіраўніка ўстановы адукацыі, намеснікаў дырэктара па асноўнай дзейнасці, распрацоўку і выкарыстанне ў кіраўніцкай рабоце такіх аспектаў, як мадэлі інфармацыйнай адукацыйнай прасторы ўстановы адукацыі і горада, афіцыйныя інфармацыйныя рэсурсы рознага ўзроўню (рэспубліканскія, гарадскія, раённыя і самой установы адукацыі) і аўтаматызаваная сістэма апрацоўкі даных «Адкрытая платформа «Адукацыя». Праект павінен прадставіць аптымальную мадэль трансферу лічбавых тэхналогій у кіраўніцкую дзейнасць, прыклады іх выкарыстання.
Намінацыя «IT-наватар» аб’яднае работы, якія адлюстроўваюць аптымальнае спалучэнне педагагічных і лічбавых тэхналогій у адукацыйным працэсе, эфектыўны вопыт іх выкарыстання на аснове комплекснага інтэграванага падыходу, утрымліваюць спасылкі на аўтарскія практычныя распрацоўкі: інтэрактыўныя заданні, анлайн-тэсты, рэбусы, вэб-квесты і інш., распрацаваныя з дапамогай анлайн-інструментаў з апісаннем методыкі іх выкарыстання ў адукацыйным працэсе.
Вынікі будуць падведзены да 20 сакавіка.
Арганізатарамі конкурсу з’яўляюцца камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама, Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі. Арганізацыйна-метадычнае, інфармацыйна-метадычнае і тэхнічнае суправаджэнне ажыццяўляецца цэнтрам інфармацыйных тэхналогій МГІРА.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара