Чаму стары школьны альбом башнеўскія настаўнікі лічаць сапраўднай рэліквіяй

- 16:25Новости

Сапраўднай рэліквіяй для калектыву Башнеўскай базавай школы Шумілінскага раёна з’яўляецца пажаўцелы ад часу фотаальбом. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Часцей за ўсё ў школьных музеях захоўваюцца сапраўдныя шэдэўры скрапбукінгу: стракатыя альбомы мінулых часоў, упрыгожаныя рознымі карцінкамі, адмысловымі надпісамі і малюнкамі. Але бываюць альбомы і сціпла аформленыя — толькі фотаздымкі і подпісы пад імі. Нягле­дзячы на просты знешні выгляд, яны не становяцца менш каштоўнымі, бо ў кожным з іх багатая школьная гісторыя. Менавіта такі альбом ужо некалькі дзесяцігоддзяў беражліва захоўваецца ў музеі Башнеўскай школы.

— Для кожнага з нашых педагогаў гэты альбом надзвычай каштоўны, паколькі ў ім фота­здымкі старэйшых калег. Са многімі мы калісьці разам працавалі, часта наведваліся ў госці, калі яны былі ўжо на пенсіі. Пра некаторых педагогаў ведаем толькі па ўспамінах старажылаў вёскі. Гэта, напрыклад, першая настаўніца Ганна Якаўлеўна Астроўская, якая працавала з моманту адкрыцця Башнеўскай пачатковай школы 1 верасня 1929 года. Вядомы імёны іншых даваенных настаўнікаў: Васілісы Цімафееўны Сокалавай, Галіны Міхайлаўны Каваленка, Ефрасінні Мікітаўны Карасёвай, — паведаміла дырэктар Башнеўскай базавай школы Валянціна Анатольеўна Скірман.

Башнеўскай школе ў гады Вялікай Айчыннай вайны пашчасціла: яе будынак не быў разбураны. І ўсё ж пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў мясцовыя жыхары вырашылі паставіць новы зруб, а ў 1958 годзе школьная прастора значна пашырылася — узвялі яшчэ адзін будынак.

— Настаўнікаў пасляваеннага часу мы ўжо добра ведаем. Асабліва ганарымся Аленай Якаўлеўнай Красіцкай і Матронай Аляксееўнай Кібісавай. Вось іх фотаздымкі. Яны, дарэчы, актыўна дапамагалі нам ствараць гэты альбом. На жаль, калег няма з намі, але памяць пра іх засталася, — працягвае Валянціна Анатольеўна.

Многія з сённяшніх башнеўскіх настаўнікаў прыйшлі ў школу маладымі спецыялістамі ў канцы 1980-х. Па словах Валянціны Анатольеўны, ім пашчасціла працаваць пад кіраўніцтвам тагачаснага дырэктара, паважанага ў раёне чалавека, Мікалая Фёдаравіча Журава. Ён стаў першым кіраўніком Башнеўскай базавай школы, якая ў той час мела статус няпоўнай сярэдняй.

— Гэта быў залаты час, паколькі ў школе вучылася вялікая колькасць дзяцей. Маладыя настаўнікі дружна працавалі ў вялікім творчым калектыве. Цяпер такой колькасці вучняў, на жаль, няма, але мы з калегамі па-ранейшаму працуем творча, зладжана, школа актыўна ўдзельнічае ў рэалізацыі розных цікавых праектаў, — расказвае дырэктар. — Вось здымак 1947 года. На ім перад будынкам школы ся­дзяць настаўнікі і вучні. У гэтым будынку, дарэчы, мы і знаходзімся. Проста ён абкладзены цэглай, упрыгожаны, сучасны. А з гэтай старонкі пачынаецца серыя фотаздымкаў 1990-х гадоў. Вось другі дырэктар Башнеўскай базавай школы Віктар Мілецьевіч Саковіч. Як бачыце, ён у акружэнні вялікага настаўніцкага калектыву…

За кубачкам духмянага травянога чаю (такім смачным напоем гасцей школы частуе настаўніца пачатковых класаў Валянціна Сямёнаўна Пахоменка) мы разам з Валянцінай Анатольеўнай амаль гадзіну разглядвалі стары школьны фотаальбом. За гэты час перад нашымі вачыма прамінула амаль стагоддзе, некалькі эпох. Цікава было не толькі ўглядацца ў твары настаўнікаў на пажаўцелых фота­здымках, але і слухаць, з якой любоўю дырэктар школы расказвае пра былых калег, пра тое, як цяперашнія настаўнікі пераймаюць лепшы педагагічны вопыт мінулага і адаптуюць яго да патрэб сённяшняга дня. Так захоўваецца пераемнасць пакаленняў, так працягваецца школьны летапіс.

 Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара