Чым цікавы раённы музей дадатковай адукацыі і дзіцячых арганізацый на Дзятлаўшчыне

- 14:29Новости

Музей створаны на базе Дзятлаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі 24 чэрвеня 2024 года. Аднак работа па зборы інфармацыі, распрацоўцы экспазіцый і напаўненні іх цікавым, змястоўным матэрыялам пачалася намнога раней. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— За гэтай датай стаяць людзі, нераўнадушныя, адкрытыя, гатовыя аказаць максімальную падтрымку. Дзякуючы ім і была праведзена велізарная работа — пачынаючы ад пошукава-даследчай да спонсарскай. Музей сапраўды быў створаны талакой, — адзначае дырэктар Дзятлаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Таццяна Пятроўна Ваніслаўчык.

А пачалося ўсё ў 2018 годзе, калі ў краіне святкавалі 100-гадовы юбілей сістэмы дадатковай адукацыі. Тады педагогі Дзятлаўшчыны вырашылі захаваць сваю спадчыну, прыгадаць гісторыю развіцця дадатковай адукацыі ў раёне. Больш актыўная работа па зборы матэрыялаў вялася з 2021 года, а ў 2022-м быў падрыхтаваны праект музея, з’явіліся ідэі экспазіцый.

Сёння экскурсію праводзяць навучэнцы гімназіі № 1 Дзятлава. Так, дзевяцікласніца Дар’я Бурдун расказвае:

— Яшчэ ў 1956 годзе быў адкрыты раённы Дом піянераў і школьнікаў. Некалькі разоў ён мяняў назву, пакуль 1 верасня 2021 года не стаў Дзятлаўскім раённым цэнтрам дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Са шматлікімі ўзнагародамі выхаванцаў цэнтра можна азнаёміцца на стэндзе. Мяне саму цікавіць гісторыя стварэння цэнтра і ўвогуле гісторыя Беларусі. Я з’яўляюся членам маладзёжнага парламента пры Дзятлаўскім раённым Савеце дэпутатаў, а ў цэнтры наведваю гурток малявання і камп’ютарнай графікі.

Равесніца Дар’і Аляксандра Гутыра працягвае экскурсію аповедам пра дзіцячыя і маладзёжныя грамадскія арганізацыі Дзятлаўшчыны і вехі іх развіцця. Навучэнец 8 класа Кірыл Смагін знаёміць з узнагародамі педагогаў, паказвае запісную кніжку піянера:

— Мяне зацікавіла гэтая кніжка, выдадзеная ў 1959 годзе, бо цяпер для нататкаў мы выкарыстоўваем тэлефоны. Каштоўны экспанат нашага музея — пасведчанне “Выдатнік народнай асветы БССР”, якое ў 1991 годзе выдана першаму дырэктару раённай базы юных натуралістаў Ганне Антонаўне Ціхан.

А навучэнка 9 класа Лізавета Юргель паведамляе пра першага кіраўніка цэнтра творчасці Валянціну Іосіфаўну Русін, а таксама дэманструе форму ўзорнага духавога аркестра “Новаяльнянскія трубачы”, актыўнага ўдзельніка раённых свят.

— Сучасным дзецям патрэбна віртуальная прастора, таму мы хацелі зрабіць музей інфарматыўным, каб ён існаваў не толькі ва ўстанове, але і ў інтэрнэт-прасторы. У 2023 годзе распрацавалі праект і сталі прызёрамі рэспубліканскага конкурсу маладзёжных ініцыятыў, атрымалі больш чым 18 тысяч рублёў, якія і накіравалі на набыццё тэхнічных сродкаў. Сёння яны выкарыстоўваюцца для стварэння розных цікавых праектаў. Але самае галоўнае, што была ідэя арганізаваць музей як цэнтр грамадзянска-патрыятычнай, культурна-асветніцкай, інфармацыйнай работы з моладдзю ў межах нашага раёна. І мы яе дасягнулі, — расказвае загадчыца аддзялення дадатковай адукацыі цэнтра кіраўнік музея Наталля Аркадзьеўна Бойка.

На базе музея члены вучнёўскай палаты маладзёжнага парламента пры Дзятлаўскім раённым Савеце дэпутатаў, раённага савета БРПА праводзяць сустрэчы пакаленняў, дыялогавыя пляцоўкі. Вучні зрабілі паменшаную копію экспазіцый музея, алічбавалі і размясцілі на платформе музея. Віртуальны архіў пастаянна папаўняецца матэрыяламі. Навучэнцы спрабуюць свае сілы ў стварэнні аб’ектаў дапоўненай рэальнасці, скетчынгаў, прэзентацыйных і анімацыйных фільмаў, у тым ліку па гісторыі адукацыі Дзятлаўшчыны.

У хуткім часе ў раённым цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з’явіцца маладзёжны медыяцэнтр, тым больш што вопыт работы ў гэтым напрамку ў дзятлаўчан ужо ёсць. У 2023 годзе іх праект маладзёжнага брэндынгавага агенцтва стаў прызёрам рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня.

Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара