Пакуль зіма скупіцца на снег і мароз, навучэнцы сярэдняй школы № 39 Магілёва па-свойму настройваюцца на зімовы лад. Для гэтага яны адправіліся на Магілёўскую фабрыку марожанага. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Наталля Новікава, настаўніца пачатковых класаў, гаворыць:
— Такая экскурсія ў нас была сярод шэрага іншых — мы знаёмілі дзяцей з брэндавай прадукцыяй нашага горада. А марожанае любяць усе — і дарослыя, і дзеці, таму нашы вучні з задавальненнем паглядзелі, як гэты ласунак гатуецца. Для іх было адкрыццём, што марожанае насамрэч вараць. Супрацоўнікі фабрыкі па пяцёра дзяцей падводзілі да бакаў, каб кожны з іх убачыў, як загружаюць туды сухое малако, сметанковае масла, паказалі, як будучае марожанае пастэрызуецца, як замарожваецца, а пасля ўпакоўваецца.
Здзівілі дзяцей і маштабы вытворчасці. Тут за год вырабляюць каля 15 мільёнаў порцый марожанага.
— Самае цікавае — мае вучні сталі першымі дэгустатарамі марожанага, якое на фабрыцы выпусцілі па матывах дзіцячай камп’ютарнай гульні. Толькі праз 4 гадзіны пасля нашай экскурсіі першая партыя гэтай навінкі адгружалася для паставак у магазіны горада. Да нас яго ніхто з пакупнікоў не мог пакаштаваць. Ды і навучэнцаў чатырох іншых класаў з нашай школы таксама пачаставалі іншым марожаным, — падзялілася Наталля Новікава.
Настаўніца адзначыла, што супрацоўнікі фабрыкі з любоўю гатуюць свой брэндавы прадукт, а саму экскурсію праводзяць так, каб яна запомнілася дзецям. Яны адказалі на мноства дзіцячых “чаму” і “як”, а ў падарунак кожнаму далі салодкія ласункі, якія выпускае фабрыка. Сярод іх быў і эксклюзіўны прадукт “Тварожка-марожка”. Гэты дэсерт ствараецца з мяккага тварагу з высокай біялагічнай і харчовай каштоўнасцю. Ад марожанага ў ім толькі форма-эскімо, а сама тэхналогія падобная на вытворчасць глазураваных сыркоў. У працэсе вытворчасці ўся біялагічная каштоўнасць тварагу захоўваецца. Гэта значыць, дэсерт не толькі смачны, але і карысны.
Святлана НІКІФАРАВА