Новы аўтобус для арганізацыі падвозу дзяцей стаў выдатным падарункам напярэдадні навагодніх свят для Радунскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Сёння тут арганізаваны падвоз больш як 60 школьнікаў. І юныя жыхары гарадскога пасёлка ацанілі важную абноўку яшчэ да пачатку вучэбнай чвэрці. Ва ўстанове адукацыі падвоз ажыццяўляецца і падчас канікул, і ў шосты школьны дзень.
— Сёння ў гэтай рабоце ў нас задзейнічаны два аўтобусы, якія адпраўляюцца па некалькіх маршрутах. Штораніцы яны забіраюць дзяцей з 16 населеных пунктаў, — гаворыць намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Аксана Вайткун.
Многім, чые бацькі ці знаёмыя ў свой час змянілі сельскую прапіску на гарадскую, добра вядомы гісторыі, як у былыя вельмі снежныя зімы яны ішлі ў школу выключна пешшу не адзін кіламетр. Сёння ў сем’ях, якія пражываюць у сельскай мясцовасці, перад бацькамі не паўстае пытанне, як паспець перад работай завезці дзіця ва ўстанову адукацыі за дзясятак кіламетраў ад дома. Вырашэнне гэтага пытання бярэ на сябе дзяржава.
— У гэтым кантэксце фармулёўка “роўныя магчымасці адукацыі ў гарадской і сельскай мясцовасці” набывае літаральнае значэнне, — заўважае Аксана Віктараўна.
Штодзень два школьныя аўтобусы з Радуні праязджаюць больш за 100 кіламетраў кожны. Дарэчы, самы далёкі пункт адпраўкі/дастаўкі дзяцей размешчаны ў вёсцы Больцішкі амаль за 19 кіламетраў ад установы адукацыі.
— Нашы аўтобусы ідуць па шасці маршрутах. І калі нанесці іх на карту, атрымаем нешта накшталт сонейка, цэнтральным элементам якога з’яўляецца ўстанова адукацыі, — тлумачыць суразмоўніца.
Згодна з раскладам, урокі для вучняў у Радуні пачынаюцца ў 9 гадзін раніцы. Для тых дзяцей, якія ў школу трапляюць першым рэйсам школьнага аўтобуса, арганізавана карысная занятасць. Усяго ж шляхам да ведаў у кампаніі педагогаў сёння тут ідуць больш за 360 школьнікаў.
— Мне здаецца, што падвоз для дзяцей — асобная старонка школьнай гісторыі, якую яны будуць успамінаць, ужо стаўшы дарослымі, — дзеліцца думкамі вадзіцель новага школьнага аўтобуса Уладзімір Бярцэвіч.
За плячыма ў яго больш за 40 гадоў стажу ў прафесіі, і ўжо амаль 15 гадоў кожны працоўны дзень ён чуе дзясяткі шчырых дзіцячых “Добрай раніцы!”.
— Новая тэхніка — гэта, вядома, вялікая справа. І галоўнае тут не задавальненне ад кіравання, а камфорт і бяспека дзяцей. У новым аўтобусе, напрыклад, сядзенні абсталяваны рамянямі бяспекі, якія разлічаны менавіта на дзяцей. Прадугледжана і спецыяльная прыступка. Для нас гэта вельмі актуальна, бо, акрамя школьнікаў, арганізаваны падвоз яшчэ і 11 дашкалят у дзіцячы сад Радуні, — дадае Уладзімір Бярцэвіч.
Кіраўнік Гродзенскага абласнога міжгаліновага цэнтра для забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый Аляксей Тарасевіч адзначае:
— У бягучым навучальным годзе па рашэнні мясцовых выканаўчых органаў арганізавана бясплатная перавозка 8,2 тысячы навучэнцаў ад месца жыхарства да месца вучобы і назад. Для ажыццяўлення бясплатнай перавозкі дзяцей у Гродзенскай вобласці выкарыстоўваецца 235 школьных аўтобусаў. І ключавым аспектам у арганізацыі гэтай работы з’яўляецца бяспека. На пастаяннай аснове праводзяцца перадрэйсавыя тэхнічныя агляды ўсіх школьных аўтобусаў і перадрэйсавыя медыцынскія агляды іх вадзіцеляў.
У канцы снежня на Гродзеншчыне быў закуплены 21 новы школьны аўтобус. Яны накіраваны ў 16 раёнаў вобласці. Новы камфартабельны транспарт прызначаны для перавозкі школьнікаў і дашкалят і адпавядае неабходным патрабаванням бяспекі. Да таго ж два новыя спецыяльныя мікрааўтобусы аснашчаны неабходным абсталяваннем для перавозкі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота Эміліі ВАЛАСЕВІЧ,
школьны медыяцэнтр “ТэТрыС”