З 20 па 24 студзеня па ўсёй краіне праходзяць мерапрыемствы, прысвечаныя Дню беларускай навукі. Не засталіся ў баку ад святкавання і ўстановы вышэйшай адукацыі, якія падрыхтавалі дзясяткі мерапрыемстваў: ад урачыстых пасяджэнняў саветаў універсітэтаў да выстаў, семінараў і навуковых квізаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Ва ўсіх УВА саветы маладых вучоных правядуць маладзёжны інтэлектуальны квіз “Навука для ўсіх”, накіраваны на папулярызацыю навуковай дзейнасці, азнаямленне з дасягненнямі беларускай навукі і імёнамі тых вучоных, якія ўнеслі істотны ўклад у развіццё айчыннай навукі, — паведаміла старшыня савета маладых вучоных пры Міністэрстве адукацыі Настасся Кісялевіч.
У БДТУ пройдзе круглы стол, на якім абмяркуюць актуальныя праблемы, перспектывы развіцця ўніверсітэцкай навукі і магчымасці для маладых вучоных. Да таго ж адбудзецца экскурсія для адзінаццацікласнікаў “Маладыя вучоныя ў асяроддзі ўніверсітэцкай навукі”, у час якой школьнікі змогуць азнаёміцца з магчымасцямі навучання ва ўстанове і яе спецыяльнасцямі, а таксама з перспектывамі кар’ернага росту ў адпаведных галінах. У ВДУ імя П.М.Машэрава з 21 па 25 студзеня будзе прадстаўлена кніжная выстава “Прыярытэты, дасягненні і перспектывы беларускай навукі: дарожная карта ВДУ імя П.М.Машэрава”.
Для маладых вучоных БНТУ будзе арганізаваны круглы стол “Сучасная сістэма падрыхтоўкі кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі: cтымуляванне і дапамога ў абароне дысертацый”. Можна будзе наведаць і экскурсіі для аспірантаў і маладых вучоных у ГНДЛ інавацыйных прыбораў МЭМС-тэхналогій і ў ГНДЛ плазменных і лазерных тэхналогій. А ў БДЭУ адбудзецца дыялогавая пляцоўка з Мікалаем Мікалаевічам Сухоцкім, намеснікам дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі.
— Цікавую праграму святкавання Дня беларускай навукі падрыхтаваў і Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. У ім пройдзе семінар для аспірантаў, дактарантаў і маладых вучоных, на якім прадставяць два даклады: “Прэзентацыя навуковых вынікаў: як прыцягнуць увагу слухача” і “Аратарскае майстэрства ў навуковай дзейнасці як паспяховы сродак абароны навуковай работы”. Перад аспірантамі і маладымі вучонымі БДМУ выступяць калегі з БДУ, якія падзеляцца сваім вопытам падрыхтоўкі, прэзентацыі і абароны навуковых работ. Не менш цікавым будзе і Тыдзень навукі ў БрДУ імя А.С.Пушкіна. Там адбудзецца ток-шоу “Мая гісторыя поспеху” з удзелам рэктара Ю.П.Голубева і прафесара У.А.Плецюхова. Працягнуць гэтае мерапрыемства навукова-папулярныя лекцый у фармаце TED-talks “Навука без нуды”, а завершыць гульня “Што? Дзе? Калі?”, — праінфармавала Настасся Ігараўна.
У сваю чаргу Беларуская дзяржаўная акадэмія сувязі арганізавала дзве выставы: кніжную “Навука: ад тэорыі да практыкі” і экспазіцыю навуковых распрацовак БДАА. ПалесДУ запрашае вучоных на семінар “Навука і інавацыі: актуальныя пытанні сучаснасці” з прадстаўнікамі НАН Беларусі, пасля якога адбудзецца пашыранае пасяджэнне савета маладых вучоных універсітэта, для абмеркавання пытанняў супрацоўніцтва з Акадэміяй навук.
Вядучы беларускі ўніверсітэт — БДУ — таксама падрыхтаваў шэраг святочных мерапрыемстваў. Квіз па пытаннях тэндэнцый даследчай дзейнасці ў галіне біялогіі пройдзе на біялагічным факультэце, на факультэце міжнародных адносін адбудзецца круглы стол, прысвечаны пытанням супрацоўніцтва маладых вучоных УВА краіны. Таксама ў БДУ будуць экспанавацца выставы навуковых выданняў выкладчыкаў ФФСН, НДІ прыкладных праблем матэматыкі і інфарматыкі, інстытутаў бізнесу і інш. А яшчэ студэнты БДУ наведаюць выставу “Мая Беларусь” і прымуць удзел у дыялогавай пляцоўцы з айчыннымі касманаўтамі.
— Савет маладых вучоных пры Міністэрстве адукацыі другі раз правядзе конкурс відэаролікаў “Беларуская навука вачыма моладзі”, а яшчэ шэраг вэбінараў, якія пройдуць з 21 па 25 студзеня ў анлайн-фармаце і будуць прысвечаны такім тэмам, як увядзенне ў навукова-даследчую дзейнасць, публікацыйная актыўнасць маладых вучоных, іх грантавая падтрымка і г.д., — дадала Н.І.Кісялевіч.
Па традыцыі выніковым мерапрыемствам усяго тыдня стане рэспубліканскі сход навуковай грамадскасці 23 студзеня ў НАН Беларусі. У ім прымуць удзел звыш 400 прадстаўнікоў акадэмічнай, універсітэцкай і галіновай навукі, маладыя вучоныя, кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў, УВА. Лепшым вучоным і даследчыкам краіны будуць уручаны ўзнагароды. Плануецца, што ва ўрачыстым мерапрыемстве прымуць удзел першая жанчына-касманаўт Беларусі Марына Васілеўская і Герой Расіі лётчык-касманаўт Алег Навіцкі. Да таго ж у Акадэміі навук будзе разгорнута маштабная выстава дасягненняў і найбольш значных вынікаў навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці. Усяго на экспазіцыі прадставяць больш за 300 распрацовак і тэхналогій.
Дарэчы, пры жаданні можна трапіць амаль на любое мерапрыемства і на свае вочы ўбачыць распрацоўкі нашых вучоных.
— Паважаныя калегі, ад усёй душы віншую вас са святам! Дзякуючы вашым адкрыццям і навуковым дасягненням, наша краіна працягвае займаць дастойнае месца на сусветнай навуковай арэне. Вашы ідэі, даследаванні і інавацыі натхняюць і адкрываюць новыя гарызонты для будучых пакаленняў. Ваша праца, упартасць і імкненне да новых адкрыццяў — гэта тое, што рухае беларускую навуку наперад, дазваляе вырашаць задачы, якія стаяць перад нашай краінай у галіне эканомікі і сацыяльнай палітыкі, сельскай гаспадаркі і ваеннай сферы, забяспечваюць тэхналагічны суверэнітэт, ствараюць новыя магчымасці для вытворчасці, павышаюць якасць жыцця ўсіх беларусаў. Няхай вашы ідэі знаходзяць увасабленне, а даследаванні прыносяць карысць грамадству. Жадаю вам моцнага здароўя, невычэрпнай энергіі, натхнення і новых навуковых вышынь, — павіншавала з надыходзячым святам усіх беларускіх вучоных Настасся Кісялевіч.
Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА