Вучні старшых класаў часта скардзяцца, што стамляюцца ў школе, і гэта не заўсёды звязана з лянотай. Часта прычына хаваецца ў павышанай стамляльнасці і недахопе энергіі.
Ці могуць гэтыя прыкметы гаварыць пра тое, што школьнікі сутыкнуліся з эмацыянальным знясіленнем і перажываюць стрэс? Адказы на гэтыя пытанні дапамагла знайсці псіхолаг Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Ілляна Мацвіенка. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Ілляна, у школах ідзе другое вучэбнае паўгоддзе, самая доўгая трэцяя чвэрць. Што рабіць, калі за час канікул аднавіць сілы не ўдалося?
— Так, часта тыя задачы і мэты, якія ставім сабе напярэдадні новага года, на старце ўяўляюцца невыканальнымі і выклікаюць пачуццё бездапаможнасці. Сітуацыя можа пагаршацца недахопам сіл і энергіі, таму што ў сярэдзіне навучальнага года і ў пачатку новага каляндарнага года недастатковасць энергіі — гэта даволі распаўсюджаная гісторыя. За паўгода і дзеці, і дарослыя стамляюцца. Свой уплыў аказвае надвор’е: не хапае сонца, вітамінаў, а гэта таксама ўплывае на нашы пачуцці і агульны стан, у тым ліку эмацыянальны.
Галоўнае, што можна зрабіць, калі ў сярэдзіне года дзіця ці дарослы разумее, што не хапае сіл і энергіі, што не паспелі адпачыць за выхадныя ці канікулы, гэта прыняць той факт, што такі стан мае права быць. Але разам з гэтым трэба звярнуць увагу на моманты, якія больш за ўсё пазбаўляюць энергіі, і прааналізаваць, што раней яе давала і стварала настрой.
Наша жыццё вельмі цікава пабудавана. Колькі б энергіі мы ні трацілі ў нармальным рэжыме без тых стрэсавых сітуацый, якія патрабуюць хуткага прыняцця рашэнняў, наша актыўнасць збалансаваная: трацім сілы, калі нешта аддаём, робім, і напаўняемся імі, калі адпачываем, праводзім час за сваімі хобі. Калі мы не напаўняемся энергіяй, гэта сведчыць пра тое, што прынцып балансу не працуе, ён зламаўся. Напрыклад, раней была магчымасць праводзіць час з блізкім чалавекам, а ў апошні перыяд такой магчымасці няма — гэта вельмі парушае стабільны стан. Здараецца, што баланс парушаецца і з прычыны вялікай колькасці стрэсу — ім характарызуецца эмацыянальнае выгаранне.
Варта адзначыць, што пра сіндром эмацыянальнага выгарання больш гавораць у адрас дарослых, у нашым выпадку — пра педагогаў. Калі закранаць школьнікаў і студэнтаў, то для іх характэрна эмацыянальнае і фізічнае знясіленне.
— Па якіх прыкметах можна заўважыць, што падлеткі перажываюць эмацыянальны стрэс?
— У першую чаргу пра гэта сведчыць недахоп сіл, пастаянная стомленасць і адчуванне, што нават пасля адпачынку не становіцца лягчэй, актыўнасці няма. У падлеткаў можа назірацца эмацыянальная нестабільнасць — яны больш за ўсё ўразлівыя да эмацыянальнага знясілення. Акрамя тых фактараў, якія ўплываюць на іх звонку (стрэсавыя сітуацыі, з якімі сутыкаюцца), вялікае значэнне маюць кардынальныя змяненні, якія адбываюцца ў іх арганізме. Перабудова нервовай і гарманальнай сістэм таксама будзе забіраць сілы, якія можна траціць на выкананне нейкіх задач. Трывожныя званочкі ў дачыненні да падлеткаў будуць праяўляцца праз частыя змены настрою, раздражняльнасць, успышкі злосці. А можа быць і іншы полюс эмоцый — астэнія, абыякавасць, пачуццё віны, крытычнасць да сябе. Таксама бацькі могуць заўважыць рэзкія змяненні ў прывычным рэжыме сна дзіцяці. Школьнікі могуць сутыкацца з бяссонніцай і траціць гэты час на гаджэты і сацыяльныя сеткі. Канцэнтрацыя ўвагі і адсутнасць матывацыі ў школе таксама могуць назірацца.
Калі гаварыць пра сітуацыі з сіндромам эмацыянальнага выгарання ў дарослых, яны могуць спрабаваць адхіляцца ад некаторых сваіх абавязкаў, якія звязаны з затратамі энергіі, бо гэтыя абавязкі патрабуюць сіл, якіх ужо няма, і выклікаюць раздражняльнасць.
— Якая ўзаемасувязь паміж эмацыянальным выгараннем і тэмпераментам, характарам навучэнцаў?
— Эмацыянальнаму знясіленню і выгаранню можа падвергнуцца любы па характары і тэмпераменце падлетак і дарослы.
Тым не менш людзі, якія эмацыянальна ўключаюцца ва ўсё, што здараецца побач, эмпаты, якія востра рэагуюць на тое, што адбываецца з іншымі, выгараюць часта. Таксама падвержаны знясіленню тыя, хто імкнецца да ідэальнага ладу жыцця і да бездакорнага выканання сваіх абавязкаў і задач, якія ім даюцца, тыя, хто скрупулёзна адсочвае ўсе моманты і стараецца кантраляваць усё і ўсіх навокал. Такім людзям патрабуецца больш часу, сіл і энергіі на выкананне даручэнняў.
Чым больш адэкватна мы фарміруем свой вобраз, самаацэнку і планку патрабаванняў і дасягненняў, тым больш абараняем сябе ад эмацыянальнага знясілення. Трапляючы ў згаданую сітуацыю, важна ставіць справядлівыя мэты і адсочваць вынікі, вучыцца рэгуляваць эмацыянальны стан у адносінах з іншымі людзьмі. Чым больш выражана эмпатычнасць і імкненне да ідэалу, тым больш увагі трэба ўдзяляць аднаўленню свайго рэсурсу.
— Ці могуць няправільна арганізаваны вучэбны працэс, размеркаванне часу і задач стаць прычынамі эмацыянальнай нестабільнасці?
— Адной з прычын эмацыянальнага выгарання ў дарослых насамрэч з’яўляецца няправільнае размеркаванне задач, іх вялікая колькасць. Калі звярнуць увагу на падлеткаў, то ім важна падтрымліваць баланс сваіх часавых рэсурсаў і нагрузкі. А значыць, навыкі планавання, тайм-менеджменту і мэтапакладання могуць стаць вялікімі памочнікамі. Ад таго, наколькі дасведчана і эфектыўна будуць размеркаваны час і нагрузка, залежыць тое, як арганізм навучыцца спраўляцца з рознай колькасцю стрэсу і як хутка знойдзе магчымасці для аднаўлення.
Часта школьнікі не ведаюць, як можна рабіць дамашняе заданне, каб пасля гэтага яшчэ засталіся сілы. Калі прыклады выканання ўрокаў ад складанага да простага вядомы многім, то пра метады размеркавання часу мала хто чуў, а калі чуў, то не зусім разумее, як з імі працаваць. Хаця метад Pomodoro, які разбівае на часавыя прамежкі задачу, якую плануецца выканаць, просты ў выкарыстанні і не патрабуе складаных крокаў.
— Якія спосабы самападтрымкі могуць дапамагчы выйсці ў рэсурс і што рабіць, калі яны больш не працуюць?
— Самы неабходны спосаб — аднаўленне фізічных сіл. Але гэта не дапаможа, калі не выключыць уздзеянне стрэсавых фактараў. Гаворка не пра тое, каб даць сабе адпачыць тут і зараз, а пра тое, каб знізіць нагрузку і ўплыў хранічнага стрэсу. Школьнікам трэба перагледзець дадатковыя абавязкі, якія на сябе ўсклалі. Гэта тычыцца гурткоў і секцый, на якія яны ходзяць. Калі сюды яшчэ дадаць школьныя актыўнасці, атрымліваецца вельмі вялікая загрузка. Таму варта перагледзець інтэнсіўнасць наведвання дадатковых заняткаў, знізіць іх колькасць.
Таксама трэба прааналізаваць, што яшчэ прыводзіць да хуткай стомленасці вучняў. Часта, калі гаворым пра эмацыянальныя фактары, якія ўплываюць на ператамленне (напрыклад, канфлікты з сябрамі) і могуць прывесці да дрэннага сну, думаем, што гэтыя прычыны можна кампенсаваць зносінамі з сябрамі.
Але праблема нікуды не дзенецца: пакуль канфлікты не будуць вырашаны, сон у падлетка так і будзе дрэнным. Вялікую ролю мае падтрымка дарослых. Пахвала, дапамога падлетку і даверныя адносіны могуць стаць тым, што дасць дзіцяці сілу і энергію.
Калі тыя спосабы, якія дапамагалі аднаўляць сілы, больш не працуюць, калі новыя метады таксама не эфектыўныя, значыць, трэба звярнуцца па дапамогу да спецыяліста, які дапаможа знайсці рэсурсы. Што тычыцца работы з падлеткамі, у якіх праяўляецца эмацыянальнае знясіленне, тут ёсць два важныя аспекты. У першую чаргу трэба пайсці да ўрача, каб выявіць, ці не звязаны стан, у якім знаходзіцца дзіця, з чымсьці іншым, на што псіхолаг паўплываць не можа. Астэнічны стан у падлеткаў можа быць вынікам парушэнняў гарманальнай сферы, а значыць, без дапамогі іншых спецыялістаў не абысціся.
Псіхалагічны аспект дапамогі заключаецца ў пошуку прычыны выгарання і пераадолення гэтай сітуацыі. Вельмі важна зняць напружанне, якое не дае магчымасці вярнуцца ў стабільны стан. Пасля таго як гэта адбылося, трэба шукаць рэсурс, якім можа скарыстацца падлетак для вырашэння праблем, што яго непакояць. Напрыклад, калі гаворым пра булінг ці кібербулінг, абмяркоўваем, да каго і з якім дакладным запытам можна звярнуцца. Таксама шукаем магчымасць аднавіць сілы. Мне вельмі падабаецца тэхніка “Сасуд рэсурсаў”. Яе сэнс заключаецца ў тым, што мы прыслухоўваемся да нашых органаў пачуццяў, якія дапамагаюць вярнуць сілы, адчуць сябе лепш.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





