Настаўнік-­метадыст Вікторыя Мастабай не толькі дае школьнікам веды, але і выхоўвае добрых людзей

- 12:11Путевка в жизнь

Настаўнік-­метадыст Вікторыя Мастабай, якая выкладае хімію і біялогію ў гімназіі Хойнікаў і Стралічаўскай сярэдняй школе імя У.М.Марчанкі Хойніцкага раёна, не толькі дае школьнікам веды, але і выхоўвае добрых людзей. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Няма ў свеце іншай такой прафесіі, у якой асоба чалавека, яго характар, уменне мець зносіны з людзьмі мелі б такое важнае, вырашальнае значэнне. І няма большага шчасця, чым сустрэць свайго настаўніка, які падорыць табе крылы на ўсё жыццё.

Вікторыя Мастабай не толькі стала для дзяцей правадніком у свет дзвюх важных прыродазнаўчых навук, але і па-сапраўднаму ўлюбіла іх у складаныя прадметы. Яе выпускніца са Стралічаўскай школы Ірына Вахіль сёння з гонарам носіць белы халат: урач-педыятр лечыць дзетак на Хойнікшчыне. У мінулым годзе 6 выпускнікоў гімназіі атрымалі высокія балы на ЦТ і паступілі ў медыцынскі ўніверсітэт. Адна з іх — студэнтка першага курса Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Дар’я Назаранка — шчыра прызналася, як ёй пашанцавала з настаўніцай.

— Паступіць у медыцынскі было маёй марай, — падзялілася Дар’я. — Вучуся на медыка-прафілактычным факультэце, праз 6 гадоў стану ўрачом-гігіеністам, урачом-эпідэміёлагам.

Несумненна, наблізіцца да запаветнай мары дзяўчыне дапамагла старанная праца на ўроках хіміі і біялогіі
ў тандэме з педагогам.

— Наша Вікторыя Уладзіміраўна патрабавальная, строгая, але пры гэтым вельмі добрая. Яна заўсёды матывавала мяне на вучобу, падтрымлівала, натхняла, — адзначыла выпускніца. — З педагогам у нас выбудаваны добрыя ўзаемаадносіны. Нават падчас школьных канікул я не прапускала магчымасць, каб прыйсці да яе на дадатковыя заняткі. І зараз заўсёды магу звярнуцца да яе па параду, патэлефанаваць ці прыйсці ў школу. Прызнацца, падчас падрыхтоўкі да іспытаў ва ўніверсітэце таксама скарысталася дапамогай педагога. Яе падтрымка надала мне ўпэўненасці ў сваіх сілах, і ў мяне ўсё атрымалася — адзнакі ў залікоўцы.

Вікторыя Мастабай у педагогіцы 16 гадоў. Адвучыўшыся ў Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя І.П.Шамякіна, яна прыйшла маладым спецыялістам у Казялужскую сярэднюю школу. Зараз працуе адразу ў дзвюх установах адукацыі, і з кожным годам праца­ваць на якасць ёй падабаецца ўсё больш і больш.

Педагог пераканана, што для поспеху адных ведаў мала. У першую чаргу трэба быць сапраўдным чалавекам: добрым, шчырым, справядлівым. І менавіта гэтыя якасці яна прывівае дзецям.

Аб сваёй вучаніцы Дар’і Назаранка настаўніца таксама ўспамінае з цяплом і адзначае, што імкнецца дапамагчы ёй і іншым выпускнікам, якія звяртаюцца да яе.

— Не заўсёды час дазваляе ўсё дэталёва растлумачыць, але нават калі я сур’ёзна загружана, імкнуся навесці на правільны адказ або падказаць, у якой літаратуры можна яго знайсці, — патлумачыла педагог. — Вучу дзяцей усяму, што добра ведаю сама, шукаю новыя метады падачы інфармацыі — гэта вельмі цікава. Дарэчы, школьнікам падабаецца, калі на лабараторна-практычных занятках мы вырошчваем цвіль ці фасолю. Усё часцей выкарыстоўваю “воблака тэгаў”: дыдактычны матэрыял дазваляе зрабіць урок больш яркім, наглядным, інтэрактыўным, акцэнтаваць увагу на пэўным этапе. Сучасным вучням Стралічаўскай сярэдняй школы, якая знаходзіцца ў аграгарадку, падабаецца запаўняць рабочыя лісты, яны могуць быць у выглядзе апорнага канспекта, трэніровачнага ліста — трэнажора, дыдактычнай гульні або змяшчаць разнастайныя заданні. Дадатковыя ілюстрацыі да заданняў дапамагаюць пашырыць кругагляд школьнікаў і паказ­ваюць метапрадметныя сувязі. Галоўная задача такога падыходу ў тым, каб зацікавіць навучэнцаў, павысіць іх матывацыю, стымуляваць да самастойнага пошуку інфармацыі, тады вывучаемы прадмет становіцца для дзяцей больш цікавым і разнастайным. Пастаянна эксперыментуем: эфектна выглядаюць доследы з медным купарвасам, эксперымент “Вулкан” нязменна прыводзіць дзяцей у захапленне.

Хімія — адзін з самых складаных школьных прадметаў. Каб дасягнуць у ім поспеху, трэба валодаць ведамі па матэматыцы, фізіцы, мець гібкі розум. Настаўніца імкнецца не толькі знаходзіць спосабы выкладаць прыродазнаўчыя навукі простай і зразумелай для дзяцей мовай, але і па-сапраўднаму зачараваць іх бія­логіяй і хіміяй, захапіць алімпіядным рухам.

— Штогод школьнікі паказва­юць выдатныя вынікі, ёсць прызёры на раённым узроўні алімпіяд. Расце дастойная змена цяперашнім эрудытам, — падкрэсліла Вікторыя Ула­дзіміраўна. — У нас ёсць цудоўная традыцыя, якая аб’ядноўвае нас з 6 класа: не толькі падтрымліваю алімпіяднікаў словам, але і прэзентую ім розныя сувеніры, каб яны ведалі і адчувалі, што іх здольнасці, талент, шматграннасць, поспех адзначае не толькі аддзел адукацыі, але і педагог.

А яшчэ для навучэнцаў дзвюх устаноў Вікторыя Уладзіміраўна напрыканцы кожнай чвэрці рыхтуе сюрпрызы. Дзіця атрымлівае шчырыя, добрыя словы ў свой адрас і прысмакі, а таксама прыемны бонус-картку: “плюс бал да адзнакі”, “магчымасць не ставіць 2”, “права перадаць адказ іншаму”.

На пытанне, што самае галоўнае ў рабоце настаўніка, Вікторыя Мастабай, не задумваючыся, адказала:

— Шчырасць у адносінах да дзяцей і сумленнасць. Важна падтры­маць навучэнцаў у любы складаны момант. Напрыклад, калі дзіця не займае прызавога месца ў конкурсе, на алімпіядзе, гэта не павінна пакінуць сумны след у яго душы. Дзіця трэба падтрымаць, сказаць, што ўсё будзе доб­ра, што яно самае лепшае і наперадзе яго абавязкова чакае поспех, бо няма нічога немагчымага. Трэба старанна рыхтавацца, ставіць перад сабой самыя смелыя мэты і ісці да іх.

Як бы дзіўна гэта ні гучала, але настаўніца не планавала звязваць сваё прафесійнае жыццё з педагогікай, ды і хімію ў школе не разумела, праўда, да аднаго лёсавызначальнага моманту.

— У школе хімію выкладала таленавітая настаўніца Таццяна Лаўрэнць­еўна Лазіцкая, якой я дагэтуль вельмі ўдзячна, — з гордасцю прамовіла суразмоўніца. — Яна была строгая. Прызнацца, спачатку мне не зусім давалася вывучэнне хіміі. Назаўсёды запомніла выпадак, калі ў дзённік за чвэрць яна паставіла мне адзінку. Педагог шчыра лічыла, што ў яе немагчыма настолькі дрэнна арыентавацца ў прадмеце, таму яна ўсе намаганні прыклала для таго, каб я не толькі вывучыла хімію, але і палюбіла гэты прадмет. І ў яе гэта атрымалася! Я хадзіла на факультатывы, на якіх спачатку нічога не разумела, але старанна іх наведвала. З часам сур’ёзна захапілася вывучэннем гэтай навукі, ды настолькі, што нават вырашыла пайсці па шляху настаўніцы, якая мяне натхніла.

Калі вучылася ва ўніверсітэце, мне спатрэбілася дапамога, і я звярнулася да Таццяны Лаўрэнцьеўны. На ўсё жыццё запомніла яе словы, якія ўсялілі веру ва ўласныя сілы: “Ты ўжо больш ведаеш, чым я. Ты мая гордасць!” Імкнуся і для сваіх вучняў быць прыкладам.

Шчаслівая, калі выхаванцы, якія толькі пачынаюць вывучаць прадмет, прыходзяць на заняткі з лупай і дапытлівым позіркам. Што тычыцца маіх выпускнікоў, то ганаруся кожным, хто ў будучыні плануе прафесійна зай­мацца педагогікай, навукай. Думаю, менавіта са школьнай лавы яны адчулі маё стаўленне да іх, якое інакш як хіміяй не назавеш.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара і з архіва В.МАСТАБАЙ