Пра гэта разважалі ў сталічным Доме прэсы 12 прадстаўнікоў міратворчага руху розных узростаў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Былі ў іх ліку як педагогі са Школ міру, так і вучні, якія праяўляюць актыўнасць у міратворчых праектах. І хоць гаварылі пераважна пра цікавыя справы, надзённыя клопаты ў мінскіх рэаліях, але высвечваліся гуманітарныя кірункі дзейнасці ўсяго Беларускага фонду міру.
Гісторыя войнаў: ці навучыць жыць у міры?
“Дык любіце адно аднаго!” Такі высокі запавет пакінуў вучням і паслядоўнікам амаль дзве тысячы гадоў назад вялікі духоўны настаўнік. Пра вялікую сілу любові сёння ведаюць бадай што па ўсёй планеце, і не толькі прыхільнікі хрысціянства. Ды, на жаль, ідэалогія любові, міралюбства з цяжкасцю ўвасабляецца ў рэальнасць. Можа, і таму, што і па сёння ўладарыць у розумах дахрысціянская ўстаноўка: вока за вока, зуб за зуб… Так што актуальна сёння ўспрымаць мір і міралюбства не проста як магутную стваральную энергію, што супрацьстаіць разбуральнай энергіі вайны, але і як адзіную альтэрнатыву знішчэнню, смерці ўсяго жывога, гібелі самой планеты.
Гаворачы пра гэта, на пачатку размовы пад назвай “Духоўна-маральныя каштоўнасці як нацыянальны прыярытэт: новыя гуманітарныя праекты Беларускага фонду міру” старшыня праўлення Мінскага гарадскога аддзялення фонду Дзмітрый Карань згадаў факты з гісторыі міратворчага руху ў Беларусі.
“Разуменне таго, як важна ўсім нам жыць у міры, сама ідэалогія любові, міру і згоды, міралюбных дачыненняў паміж людзьмі выкрышталізоўвалася на працягу многіх стагоддзяў, — адзначыў ён. — Да мірнага светаўспрымання і светаўладкавання падштурхоўваюць нас жудасныя факты пра шматлікія ўзброеныя канфлікты і мільёны чалавечых ахвяр — а гэта ўсё наступствы ідэалогіі нянавісці, няміру”.
Пры гэтым у розных культурах і народах да неабходнасці жыць у міры з сабой, з людзьмі, з усім светам прыходзяць у развагах мудрыя людзі. Асабліва ж востра паўстала перад чалавецтвам пытанне “Мір ці ўсеагульнае знішчэнне?”, калі ў свеце з’явілася атамная зброя.
Актыўным змагаром за мір праявіў сябе ў той час Якуб Колас: быў віцэ-старшынёй Усеславянскага антыфашысцкага камітэта, старшынёй Беларускага і членам Савецкага камітэта абароны міру. І пісьменнік Янка Маўр, добры сябар Коласа, вядомы як міратворац, аўтар аповесці “Цётка Эмілія” пра італьянку — зборшчыцу подпісаў пад заклікам у абарону міру. Актывізавала такі рух у свеце Стакгольмская адозва, прынятая ў 1950 годзе на Сусветным кангрэсе прыхільнікаў міру. Па ініцыятыве Фрэдэрыка Жоліа-Кюры, вядомага вучонага, у ёй быў заклік забараніць атамную зброю і аб’явіць краіну, якая першай прымяніла яе, ваенным злачынцам.
Ад Стакгольмскай адозвы да беларускіх Школ міру
І да гісторыі стварэння Беларускага фонду міру, прадоўжыў Дзмітрый Карань, Стакгольмская адозва мае дачыненне. У 1950-м прыхільнікі міру па ўсім свеце збіралі подпісы пад ёй. Актыўна падпісваліся “За мір!” і савецкія людзі: сабралі звыш 115 мільёнаў подпісаў, а на той час у Савецкім Саюзе было 178 мільёнаў жыхароў.
“Гэта яскравае сведчанне адзінства савецкага народа ў міратворчым памкненні, — лічыць Дзмітрый Дзмітрыевіч. — З 1949-га ў СССР ужо дзейнічаў Савецкі камітэт абароны міру. І калі факты міратворчасці сталі шырока вядомыя, то на адрас камітэта пайшлі дабрачынныя грошы ад грамадзян, у тым ліку і замежных, на міратворчыя мэты, на падтрымку важнай ініцыятывы. На канвертах пісалі: “У імя міру ва ўсім свеце”, “Не вайне!”, “Мы за мір!”… Тады ўжо было зразумела: трэба стварыць асобную структуру, каб сродкі акумуляваць і актыўна, мэтанакіравана праводзіць у краіне міратворчую палітыку. І ўжо 27 красавіка 1961 года быў арганізаваны Савецкі фонд міру”.
З часам, у 1973-м, да раней створанага Беларускага камітэта абароны міру дадалася і беларуская камісія садзеяння Савецкаму фонду міру. А 24 жніўня 1991 года, ужо калі Рэспубліка Беларусь стала незалежнай, быў заснаваны і Беларускі фонд міру. Яго ўзначаліў вядомы грамадскі дзеяч, ветэран вайны і народны дыпламат Марат Ягораў, якому на ўзроўні ААН быў нададзены статус “Пасол Міру”.

“Мы правапераемнікі таксама Савецкага фонду міру, — адзначыў Дзмітрый Карань. — Таму будзем у 2026-м адзначаць як 65-годдзе Савецкага фонду міру, так і 35-годдзе Беларускага. А паколькі наш фонд — арганізацыя дабрачынная, то і рэалізуем шмат праектаў і праграм, розных акцый якраз дабрачынна-гуманітарных, з вялікім духоўна-маральным зместам, у тым ліку і ў Школах міру, якіх у Мінску ўжо больш за 70. Агульныя справы, зробленыя талакою, спрыяюць духоўнаму росту юных міратворцаў, карысныя для грамадства і ўмацоўваюць фонд”.
Стваральны дыялог культур і светапоглядаў
Падключыўшыся да размовы, прарэктар па навукова-метадычнай рабоце Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Людміла Варанецкая ўдакладніла, што маральна-этычныя каштоўнасці ўключаюць у сябе тое самае значнае, дарагое і святое, што ёсць у чалавека. Таму і ў сістэме адукацыі да іх вялікая ўвага.
“Такія каштоўнасці для нас прыярытэтныя, бо ўплываюць на фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці вучняў. Яны ж у аснове ідэалагічнага выхавання, з імі юныя засвойваюць важныя ідэі сацыяльнай адказнасці, адзінства нацыі, — звярнула ўвагу Людміла Мікалаеўна. — Мы працуем у сістэме дадатковай адукацыі дарослых, з рознымі катэгорыямі педагогаў, у тым ліку і з устаноў дашкольнай адукацыі: праводзім курсы, даследчую работу. Створаны гарадскі савет па маральна-духоўным выхаванні, больш за 10 адпаведных рэсурных цэнтраў па раёнах сталіцы. Толькі ў кастрычніку, напрыклад, нямала дат, каб праводзіць выхаваўчыя імпрэзы са значным маральна-этычным складнікам: Дзень настаўніка, Дзень пажылых людзей, Дзень маці і Дзень бацькі… Таксама і розныя імпрэзы, акцыі па лініі Беларускага фонду міру спрыяюць развіццю духоўных якасцей тых, хто ў іх удзельнічае”.
Начальнік упраўлення каардынацыі метадычнага суправаджэння выхаваўчай работы МГІРА Ніна Захожая засяродзіла ўвагу на станоўчай дынаміцы праекта “Сетка Школ міру” ў Мінску: “Цяпер ужо да гарадскіх праектаў падключаюцца таксама іншыя Школы міру краіны. Сёлета Лінейка міру прайшла другі раз напярэдадні 21 верасня — Міжнароднага дня міру. І традыцыя набывае ўсебеларускае значэнне”.
Ніна Мікалаеўна расказала пра важнасць супольнай працы як педагогаў, так і юных міратворцаў па праекце “Школы міру”.
“Яны разам ствараюць своеасаблівую прастору міласэрнасці, а таксама і міратворчасці, — акцэнтавала яна ўвагу. — Робяць добрыя справы — а тыя справы фарміруюць іх саміх. Пры тым педагогам важна ўвесь час адчуваць душэўны кантакт з выхаванцамі, быць з імі побач у міратворчасці, ствараць прастору магчымасцей для рэалізацыі талентаў, ініцыятывы — гэта дае значны выхаваўчы эфект.
На лепшых прыкладах з работы Школ міру можна сцвярджаць, што якраз дзеці ў нас — праваднікі міру. Іх шчырыя словы, добрыя справы часам больш кранаюць сэрцы, чым разумныя прамовы дарослых.
І ўсталёўваецца ўсебеларуская прастора як адметная тэрыторыя міру і міралюбства, як стваральны дыялог культур і светапоглядаў. Таму сведчаннем і ўдзел у Лінейках міру прадстаўнікоў дыпмісій з розных краін, людзей розных нацыянальнасцей і веравызнанняў”.
Місія любові
Ніна Захожая назвала яшчэ міратворчую дзейнасць і місіяй любові, у якой няма энергетыкі нянавісці — ёсць хрысціянская энергія любові, а міратворцы вучацца ўспрымаць сябе саміх, бліжніх, іншых людзей як з усімі вартасцямі, так і з недахопамі.
На прэс-канферэнцыі згадалі, як актыўна, з крэатыўнымі падыходамі вёў міратворчую дзейнасць Марат Ягораў. Ён, у прыватнасці, змог пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС звярнуць увагу замежных калег-міратворцаў на праблемы са здароўем беларускіх дзяцей, якія жылі ў раёнах з павышаным радыяфонам — і тысячы юных грамадзян Беларусі мелі магчымасць выязджаць на аздараўленне за мяжу. Сёння мінская 121-я школа носіць імя згаданага міратворца, як і ганаровае званне “Школа міру”. Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ірына Мазанік паведаміла, што ўжо шмат гадоў займаюцца ў школе як валанцёрскай дзейнасцю (цяпер гэта ўнікальны рэсурсны цэнтр па такой рабоце ў краіне!), так і міратворчай, а статус Школы міру надаў рабоце дадатковы імпульс.
“У школы шмат міратворчых праектаў, і мы ўвесь час развіваемся, — прадоўжыла яна. — Скажам, ідэя фестывалю юных міратворцаў “Звон міру” нарадзілася ў нас, і гэта ўжо агульнагарадскі праект “Лінейка міру”. Цяпер мы развіваем-пашыраем, у тым ліку і на замежжа, праект “Урокі міру”. Гэта працяг традыцыі дыялогавых пляцовак, на якія запрашалі школьнікаў з розных рэгіёнаў Беларусі, з Расіі. Дзякуючы анлайн-сувязі, пашыраем веды пра нашу краіну, традыцыі беларускай міратворчасці: за межамі краіны адгукнулася больш за 15 устаноў адукацыі”.
Алена Стаселька, намеснік старшыні праўлення гарадскога аддзялення БФМ, нагадала, што Фонд міру штогод праводзіць конкурс “Лепшы міратворчы праект Школ міру Беларусі”, а праект “Звон міру” быў летась прызнаны лепшым па Мінску.
Цяпер яго вырашана праводзіць у сталіцы штогод — з удзелам як юных міратворцаў з усіх беларускіх Школ міру, так і дзяцей з іншых краін. У прыватнасці, падтрымалі ўжо ідэю ў пасольствах Расіі, Венесуэлы, Індыі, Кітая, Манголіі: каб званочкі міру ўрэшце зазвінелі па ўсім свеце — як юныя галасы ў імя міру, супраць вайны.
Пра сваю дзейнасць, міратворчыя праекты расказалі педагогі, а таксама вучні з іншых мінскіх Школ міру: 137-й імя П.М.Машэрава, 97-й імя В.У.Гергеля і 153-й імя А.К.Талая.
Дзмітрый Карань падкрэсліў, што ў першай Лінейцы міру паўдзельнічала 350 юных міратворцаў з 50 Школ міру, а сёлета ўжо 700 з 70 такіх устаноў. Сярод якіх, дарэчы, ёсць і два дзіцячыя сады, і каледжы. Яшчэ раз нагадаў: змаганне за мір у яго і калег, у юных міратворцаў — не проста словы, а канкрэтныя справы. І што толькі ў міры, пад мірным небам зможа кожны з нас будаваць планы, развівацца як асоба, тварыць і адчуваць усю паўнату жыцця.
Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара і Кацярыны МАЦЕВІЧ





