Краязнаўчы матэрыял на ўроку: вопыт настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства Іны Шымко

- 13:18Клуб «Хрустальный журавль», Образование

Пры навучанні эфектыўным лічу выкарыстанне краязнаўчага матэрыялу, звязанага з гістарычнымі падзеямі горада, асобамі, аб’ектамі.

Гістарычную памяць можна вызначыць як здольнасць захоў­ваць і перадаваць з пакалення ў пакаленне веды аб мінулых падзеях. Гістарычная па­мяць цесна пераплятаецца з такімі паняццямі, як мараль­насць і патрыятызм. Немагчыма выхаваць гэтыя катэгорыі ў асобе дзіцяці, не навучыўшы яго пава­жаць гісторыю. Гістарычная памяць мае вялікі патэн­цыял захавання ў свядомасці людзей ацэнак мінулага, якія ператвараюцца ў каштоўнасныя арыенціры, што вызначаюць учынкі і дзеянні людзей. Інфармацыя аб мінулым характарызуецца тым, што памяць захоўвае і ўзнаўляе звесткі аб мінулым на аснове ўяўлення, пачуццяў і адчуванняў, выкліканых сучаснасцю. Таму на ўроках і ў пазаўрочнай дзейнасці акцэнтую ўвагу на сувязі мінулага і сучаснасці, імкнуся развіваць цікавасць да гістарычных падзей праз асабісты вопыт навучэнцаў, эмоцыі,
пачуцці.

Найбольш эфектыўнымі метадамі лічу выкарыстанне краязнаўчага матэрыялу на ўроку, праектную і даследчую дзейнасць.

У класе вызначаем ініцыятыўную творчую групу, якая працуе з краязнаўчым матэрыялам па тэме, або заданне можна даць усяму класу. Важна, каб да гістарычнай па­дзеі былі прадуманы заданні. Прывяду прыклад выкарыстання матэрыялаў па гісторыі горада на ўроках гісторыі Беларусі.

Праектная дзейнасць дае магчымасць нестандартна выканаць стандартнае заданне, развівае самастойнасць, камунікатыўныя навыкі, творчае мысленне. Вельмі актуальна пры рабоце над праектамі выкарыстоўваць STEАM-падыход. Гэта дазваляе пашырыць магчымасці гуманітарнага напрамку па тэматыцы праекта, а іменна сканструяваць вучэбныя задачы такім чынам, што для іх рашэння спатрэбіцца міждысцыплінарны падыход, які дасць магчы­масць навучэнцам прымяніць атрыманыя веды на практыцы.

Мы з вучнямі распрацавалі праекты “Глыбокае ўчора і сёння” (гісторыя горада на старых фотаздымках) і “Міні-Беларусь. Архітэктурныя помнікі Беларусі”.

Ідэя праекта “Глыбокае ўчора і сёння” будуецца на параўнанні фатаграфій горада ў розныя гістарычныя перыяды: як было і як стала. Праект прадугледжвае збор інфармацыі аб горадзе, у тым ліку фатаграфій, на якіх адлюстраваны вуліцы, месцы горада пачатку ХХ і ХХI стагоддзя. Неабходна пазнаць месцы, вызначыць, якія змяненні адбыліся, даведацца, з якімі гістарычнымі падзеямі звязана пэўнае месца горада. Работа над праектам уключае матэматычныя разлікі і прымяненне ведаў па інфарматыцы. Матэрыялы праекта можна папаўняць, рабіць інфаграфіку, калажы, макеты.

Модулі для праблемных і творчых груп па праекце

Група “Даследчыкі”.
Мэта: вывучэнне гістарычных месцаў горада па фатаграфіях.
Модуль 1.

Вынікі работы групы “Даследчыкі”.

Група “Дызайнеры”.
Мэта: стварэнне электроннай паштоўкі горада.
Модуль 2.

Група “Матэматыкі/лірыкі”.
Мэта: аналіз цэнавай палітыкі рынку горада ў розныя гістарычныя перыяды (ХVI, ХVII, ХVIII, ХIХ, ХХI стст.).
Модуль 3.

Асноўная ідэя праекта “Міні-Беларусь. Архітэктурныя помнікі Беларусі” — вывучэнне архітэктуры Беларусі. Крэатыўная ідэя праекта — паказаць магчымасці STEM-падыходу пры арганізацыі праектнай дзейнасці навучэнцаў. Для стварэння праекта выкарыстаны веды па гісторыі, мастацтве, тэхналогіі, краязнаўстве, інфарматыцы. Быў складзены план праекта, які ўключаў:

  • вывучэнне матэрыялаў дадатковай літаратуры і інтэрнэт-рэсурсаў;
  • стварэнне маршруту па абласцях Беларусі;
  • стварэнне аб’ёмных аб’ектаў архітэктурных помнікаў;
  • стварэнне прэзентацыі “Архітэктурныя помнікі Беларусі”;
  • падрыхтоўку экскурсійных матэрыялаў.

Навучэнцамі былі вывучаны наступныя архітэктурныя помнікі: храм у Сар’і (Віцебская вобласць), Лідскі замак (Гро­дзенская вобласць), Камянецкая вежа (Брэсцкая вобласць), Гомельскі абласны драматычны тэатр, ратуша ў Магілёве, “Вароты Мінска” (архітэктурны комплекс на прывакзальнай плошчы ў Мінску). Па выніках вывучэння гістарычнага матэрыялу былі складзены экскурсіі па маршруце. Сярод навучэнцаў вызначылі экскурсаводаў, якія знаёмілі з гісторыяй славутасцей. Другая група распрацоўвала макеты архітэктурных помнікаў з канструктара LEGO, дрэва. У выніку атрымалася міні-экскурсія па найбольш цікавых месцах Беларусі.

Праектная дзейнасць мае велізарны адукацыйны патэнцыял, паколькі накіравана не толькі на фарміраванне павагі да гістарычнага мінулага, але і на развіццё тэарэтычнага і творчага мыслення навучэнцаў, рэгулятыўных уменняў (пастаноўка пытанняў, вызначэнне мэт і задач, аналіз дзейнасці), уменняў узаемадзейнічаць у калектыве, сінтэзаваць розныя вучэбныя прадметы для стварэння творчага прадукту, камунікатыўных навыкаў (валоданне мовай, дыялог, фармулёўка высноў).

Даследчы метад дазваляе паглыбіцца ў праблему матэрыя­лу, які вывучаецца. Мае навучэнцы працавалі над даследчымі работамі па тэмах “Нашы знакамітыя землякі”, “Вайна праз прызму гісторыі маёй сям’і”, “Беразвечча — чорная старонка гісторыі Глыбокага”. Кожная даследчая работа — гэта сістэматызацыя інфармацыі аб знакамітых земляках і складанне карты, дзе знаходзяцца помнікі ім, інтэрв’ю ў сямейным коле, аналіз дакументаў. Навукова-даследчыя работы садзейнічаюць пашырэнню кругагляду навучэнцаў, далучэнню да гісторыі сям’і, фарміраванню каштоўнасных арыенціраў. Так, даследчая работа “Беразвечча — чорная старонка гісторыі Глыбокага” змяшчае звесткі пра Беразвецкі лагер смерці. Дзеці бралі інтэрв’ю ў супрацоўнікаў гістарычна-­этнаграфічнага музея горада, працавалі з дакументамі, шукалі цікавую інфармацыю. У дадатку да работы былі распрацаваны дыдактычныя карткі, якія можна выкарыстоўваць у якасці дадатковага матэрыялу на ўроку пры вывучэнні тэмы Вялікай Айчыннай вайны і на факультатыўных занятках.

Такім чынам, тэма гістарычнай памяці актуальная, бо грамадства адчувае патрэбу ў аднаўленні сувязей з мінулым, са сваімі каранямі, традыцыямі, культурай. Любая эпоха спароджана папярэднім этапам гістарычнага развіцця, і пера­адолець гэтую сувязь немагчыма.

Іна ШЫМКО,
настаўніца гісторыі і грамадазнаўства кваліфікацыйнай катэгорыі
“настаўнік-метадыст” Глыбоцкай раённай гімназіі,
член клуба “Крыштальны журавель”