Штомесячны дадатак да «Настаўніцкай газеты» выйдзе ў свет 16 снежня.

Прасторай даверу лічыць установу адукацыі педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 2 Фаніпаля Марыя Буйніцкая. Спецыяліст дзеліцца вопытам з пачынаючымі калегамі, як павысіць прафесійную ўстойлівасць, паверыць у сябе і навучыцца адстойваць асабістыя інтарэсы і погляды.
— Для барацьбы з прафесійнай трывожнасцю і прадухілення выгарання маладым педагогам важна шукаць падтрымку: наладжваць кантакты з калегамі, удзельнічаць у групах падтрымкі або знаходзіць настаўнікаў, якія могуць падзяліцца вопытам і прапанаваць дапамогу. Таксама важна асвойваць тэхнікі рэлаксацыі, медытацыі або фізічнай актыўнасці, якія дапамогуць знізіць узровень трывожнасці, — упэўнена Марыя Яўгенаўна.
Таксама ў дадатку матэрыял педагога-псіхолага гомельскай сярэдняй школы № 44 імя М.А. Лебедзева Вольгі Аўдзяёнак пра тое, як важна падлетку навучыцца гаварыць «не». Гэты матэрыял можа быць выкарыстаны ў рабоце класнага кіраўніка, сацыяльнага педагога, педагога-псіхолага і іншых спецыялістаў устаноў адукацыі, а таксама прымяняцца законнымі прадстаўнікамі ў працэсе выхавання і ўзаемадзеяння з дзецьмі. Гэта дазволіць сфарміраваць у падлеткаў навыкі сацыяльнага самарэгулявання сацыяльнай адаптацыі і супрацоўніцтва.
А наш пастаянны аўтар педагог-псіхолаг дзіцячага сада № 161 Мінска Наталля Стэльмах запрашае калег на заняткі «Падарожжа ў горад Майстроў» для сацыяльна-камунікатыўнага развіцця дзяцей, увядзення ў свет прафесій. Для дзіцяці 5—6 гадоў прафесія — гэта не набор службовых інструкцый. Гэта набор сацыяльных роляў і эмоцый.
Прыемнага чытання, шаноўныя падпісчыкі!
Наталля КАСТЭНКА
Фота Наталлі САХНО





