Выдатніка народнай асветы БССР Мікалая Цітова добра ведаюць на Ельшчыне, дзе ён нарадзіўся, доўгі час працаваў настаўнікам, дырэктарам і нават пабудаваў школу-прыгажуню. Шмат цёплых слоў скажуць пра яго і былыя калегі, вучні з Гомельскага раёна. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Сярод залатой збажыны
18 ліпеня 1942 года. У высокім блакітным небе павольна плывуць аблокі, на зямлі ціха шапоча залатое калоссе збажыны, а з вёскі Копанкі даносяцца зусім не мірныя гукі — стрэлы, крыкі…
Гэтыя вобразы летняга дня назаўсёды засталіся ў памяці шасцігадовага хлопчыка, які ўсяго некалькі хвілін назад цудам выбраўся з палаючага будынка, прабег пад нямецкімі кулямі сотню метраў і разам з параненымі мамай і сястрой апынуўся на лясной паляне.
— Адразу звярнуў увагу на яшчарак. Яны спакойна грэліся на сонцы, быццам нічога і не здарылася. Тут мы і прабылі ўсю ноч, а раніцай нас знайшоў тата, — паведаміў Мікалай Міхайлавіч.
Тады ў агні загінулі 186 аднавяскоўцаў. Цудам выратаваліся толькі 12. Сярод іх і ўся сям’я Цітовых.
— У апошнія гады стаў часцей задумвацца над тым, чаму мне пашчасціла выжыць. Упэўнены, гэта нябачная сіла ахоўвала, падказвала, куды накіроўвацца. Нярэдка ўзгадваю і даваеннае дзяцінства. Прасторныя сені хаты, кветкі на падваконні, іконы… Памятаю, як тата падымаў мяне на руках, каб я змог сарваць першыя спелыя вішні, — падзяліўся суразмоўнік.
Выпадковасцей не бывае
Пасля вайны вёска Копанка не аднавілася. Усе, хто ўцалеў, перабраліся ў Кочышчы, жылі некалькі гадоў у зямлянках. У такіх умовах Мікалай Цітоў і пачаў спазнаваць таямніцы навук. Наогул яго жыццё нібы люстэрка эпох, у якім адбіліся ўсе цяжкасці, што выпалі на долю ваеннага пакалення.
— Пасля вызвалення пайшоў у 1 клас Качышчанскай школы, але не правучыўся і года. У сакавіку распусціліся лапці і ісці па халоднай зямлі проста не было ў чым, таму застаўся дома. Знаходзіў абрыўкі газет і па іх вучыўся чытаць. На наступны год зноў стаў першакласнікам. Настаўніца адразу праверыла мае веды і перавяла ў 2 клас. Яго скончыў з пахвальнай граматай. Такія ж граматы атрымліваў і ў наступныя гады. У 1951-м пасля 7 класаў паступіў у Мазырскае педвучылішча. Скончыў яго ў 1955-м, пазней завочна вучыўся ў БДУ, — расказаў Мікалай Міхайлавіч.
Свой шлях у прафесію ён таксама не лічыць выпадковым, хаця магло стацца і так, што Мікалая Цітова жыхары Гомельшчыны ведалі б не як выдатнага педагога, а як медыка.
— Спачатку планаваў паступаць у медыцынскае вучылішча. Паехаў падаваць дакументы ў Мазыр, але там не аказалася інтэрната, трэба было наймаць кватэру. На гэта ў маіх бацькоў-калгаснікаў проста не было грошай. Таму падаў дакументы ў педвучылішча, — адзначыў Мікалай Цітоў.
У правільнасці выбару мой суразмоўнік ніколі не сумняваўся, хаця за 46 гадоў педагагічнай дзейнасці здаралася ўсякае: і выгаранне, і непаразуменні з калегамі. Але кожны раз, калі заходзіў у клас выкладаць гісторыю або рускую мову і літаратуру і бачыў цікаўныя вочы дзяцей, пра ўсе складанасці забываў.
Бясспрэчны аўтарытэт
Аповед пра свой доўгі жыццёвы шлях Мікалай Міхайлавіч дапаўняў роздумамі аб прэстыжы настаўніцкай прафесіі, дзяліўся ўласнымі падыходамі ў рабоце з вучнямі, калегамі, адзначаў і асаблівасці развіцця сістэмы адукацыі ў розныя часы.
— Усіх сваіх школьных настаўнікаў мы паважалі, нягледзячы на тое, што ў некаторых падрыхтоўка была невысокай, бо пасля вайны яны заканчвалі паскораныя настаўніцкія курсы — краіне тэрмінова былі патрэбны педагагічныя кадры. Свой прафесіяналізм удасканальвалі падчас работы.
Памятаю, як настаўнік гісторыі часта падглядваў у падручнік. Але гэта зусім не змяншала яго аўтарытэт. Альбо, напрыклад, настаўнік фізкультуры. Ён быў інвалідам вайны, страціў руку, але якую валейбольную пляцоўку мы разам з ім зрабілі! Нягледзячы на фізічныя недахопы, ён кожнаму з нас прывіў любоў да спорту. Бясспрэчным быў і аўтарытэт дырэктара. Калі той праходзіў па школьным калідоры на перапынку, то ўсе вучні спынялі гульні, выстройваліся і дзяжурныя дакладвалі, ці адбыліся здарэнні. Колькі гадоў прайшло, а я заўсёды з удзячнасцю гавару пра сваіх педагогаў, — падзяліўся Мікалай Цітоў.
Аўтарытэт настаўніка, па яго словах, складаўся з некалькіх фактараў. Па-першае, педагог у пасляваенныя гады з’яўляўся адной з галоўных крыніц ведаў. Па-другое, многія настаўнікі былі франтавікамі ці ўдзельнікамі партызанскага руху, што, безумоўна, выклікала павагу сярод вучняў і іх бацькоў. Па-трэцяе, вайна загартавала іх характар.
— Сваімі паводзінамі, учынкамі яны з’яўляліся для нас прыкладам. Настаўнікі цудоўна разумелі, што іх жыццё навідавоку, асабліва ў вёсцы. А яшчэ педагогі-франтавікі былі жыццялюбамі, ведалі каштоўнасць міру і радаваліся кожнаму дню, — адзначыў суразмоўнік.
Галоўныя якасці
Гэтыя якасці Мікалай Міхайлавіч і пераняў ад сваіх школьных настаўнікаў.
Хутка ветэрану педагагічнай працы споўніцца 90 гадоў, але яго жыццёваму аптымізму, як і выдатнай памяці, можна толькі па-добраму пазайздросціць. Падчас нашай насычанай двухгадзіннай размовы я не пачуў ніводнага слова асуджэння ні калег, ні вучняў, хаця цяжкасцей у адносінах з імі ў Мікалая Міхайлавіча хапала. І з першымі сур’ёзнымі прафесійнымі выпрабаваннямі ён сутыкнуўся на пасадзе выхавальніка дзіцячага дома ў Ельску.
— Не ўсім падлеткам падабалася жыццё па раскладзе, і яны часта збягалі. Каб знайсці ўцекачоў, мне даводзілася ездзіць у Львоў, Кіеў, Гомель. Работа выхавальніка была няпростай. Я круглыя суткі адказваў за здароўе дзяцей, часта праводзіў бяссонныя ночы. Акрамя таго, выконваў і ролю бацькоў, хаця адпаведнага жыццёвага вопыту яшчэ не было. І многія выхаванцы выраслі прыстойнымі людзьмі, атрымалі прафесію, стварылі сям’ю. Потым мяне назначылі загадчыкам Белякоўскай пачатковай школы (тады кіраўнікі пачатковых школ былі не дырэктарамі, а загадчыкамі). Там ужо працавалася лягчэй, — паведаміў Мікалай Цітоў.
Пасля Белякоўскай школы займаў пасаду старшыні Качышчанскага сельсавета, прапагандыста Ельскага райкама партыі, затым працаваў настаўнікам у роднай школе. Але самы значны перыяд звязаны з кіраўніцтвам Славячанскай васьмігадовай школай.
— Прыехаў сюды 1 сакавіка 1963 года, думаў, надоўга не затрымаюся, але ў выніку працаваў аж да 17 жніўня 1989 года. Пачынаць было няпроста. Я — малады дырэктар, калектыў складаны: 268 чалавек, 10 класаў-камплектаў. Не ўсё адразу атрымлівалася, але я ішоў сваім шляхам і дабіваўся значных вынікаў. Асаблівую ўвагу звяртаў на работу піянерыі. Заўсёды лічыў, што моцная піянерская арганізацыя — гэта магутная дапамога ў рабоце дырэктара. Асаблівае шчасце, калі твой калега — энергічны, неабыякавы піянерважаты. Упэўнены, гэта актуальна і для сучаснай школы, — падзяліўся Мікалай Міхайлавіч.
За эфектыўную работу школьнай піянерскай дружыны Мікалай Цітоў быў узнагароджаны 18 мая 1972 года Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. Сярод іншых узнагарод, акрамя шматлікіх грамат і падзяк, — гонар прадстаўляць Ельскі раён на рэспубліканскім з’ездзе настаўнікаў у сакавіку 1968 года. Менавіта на тым урачыстым сходзе тагачасны міністр асветы Рыгор Якаўлевіч Кісялёў уручыў яму нагрудны знак “Выдатнік народнай асветы”.
Гордасцю і адначасова болем для Мікалая Цітова з’яўляюцца ўспаміны пра будаўніцтва школы ў Славечне. Колькі сіл, фізічных і душэўных, уклаў ён ва ўзвядзенне новага прасторнага будынка. Школьная тэрыторыя патанала ў кветках, было ўстаноўлена цудоўнае спартыўнае абсталяванне, а ў вучэбных кабінетах і калідорах панавала чысціня.
— Да мяне нават прыязджаў міністр асветы з першым сакратаром райкама, а на зімовых канікулах аднойчы завітала і карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”. Убачыўшы, што падлога блішчыць, яна спытала: “Вы што, фарбавалі яе нядаўна?” Канечне, не. Ідэальны парадак у мяне быў заўсёды. А потым здарылася аварыя на ЧАЭС, і ў хуткім часе будынак школы закапалі, — з сумам паведаміў суразмоўнік.
Месца ўпрыгожвае чалавек
Ельскі раён — адзін з найбольш пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС, таму ў хуткім часе Мікалаю Міхайлавічу давялося развітацца з малой радзімай і пераехаць жыць у новае месца. 17 жніўня 1989 года яго назначылі дырэктарам Цярэшкавіцкай сярэдняй школы Гомельскага раёна.
— Гэта быў самы складаны перыяд у маёй дзейнасці, які супаў з развалам Савецкага Саюза, няпростымі 90-мі. Калі б у такія ўмовы мяне паставілі ў пачатку працоўнага шляху, то я не вытрымаў бы і года. Але, відаць, таму і назначылі, што ўжо быў вопытным кіраўніком. У параўнанні са школай у Славечне, работа ў Цярэшкавічах — гэта неба і зямля: стары будынак, драўляныя рамы прагнілі, дах працякаў. Але гэта яшчэ паўбяды. Школа прыгарадная, звыш 500 вучняў. Што асабліва не падабалася, дык гэта даступнасць школьнай прасторы. Любы былы вучань або абураны бацька мог спакойна зайсці ў будынак і выказваць свае незадавальненні, адцягваць і настаўнікаў, і дырэктара ад вучэбнага працэсу. Таму вельмі добра, што цяпер у школах стаяць турнікеты, — лічыць былы дырэктар.
У першую чаргу давялося правесці маштабны рамонт. Наступны аб’ект увагі — прышкольны ўчастак. Як працавіты, неабыякавы і адказны чалавек Мікалай Цітоў проста не мог не зрабіць яго такім жа прыгожым і ўтульным, як калісьці ў Славечне. І гэта атрымалася. 20 мая 2001 года пераймаць вопыт Цярэшкавіцкай школы прыязджалі ўсе настаўнікі біялогіі раёна.
— Няпроста наладжваліся і адносіны з калектывам. Што і гаварыць, калі са мной працавалі чатыры былыя дырэктары школы, а ў кожнага свой погляд на яе развіццё. Даводзілася змагацца і з заганамі некаторых настаўнікаў, часам жорсткімі метадамі, рабіць вымовы. Увогуле, я не прыхільнік такога падыходу.
Заўсёды імкнуўся знаходзіць у калег станоўчыя якасці і адзначаць іх пры асабістых сустрэчах, на педсаветах.
З усімі стараўся размаўляць прыветліва, па-дзелавому. Ніколі не выдзяляў любімчыкаў, бо ведаю, што ў настаўніцкіх калектывах гэта ўспрымаецца адмоўна. Нават распісваючы прэміі, рабіў так, каб прапановы зыходзілі не ад мяне, а ад калег. Так калектыў паступова згуртоўваўся, — падзяліўся педагог.
Галоўнымі якасцямі для любога настаўніка Мікалай Міхайлавіч лічыць выдатнае веданне свайго прадмета і любоў да Радзімы, а яшчэ — прыстойнасць, чалавечнасць. Цудоўна, калі ўсе гэтыя якасці спалучаюцца ў адным чалавеку.
Сярод такіх людзей кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Дзмітрый Анатольевіч Шчэрбін. Ён прыйшоў працаваць у Цярэшкавіцкую сярэднюю школу ў лютым 1997 года. Былы дырэктар прызнаецца, што адразу разгледзеў у ім талент даследчыка, краязнаўца, пошукавіка. Менавіта дзякуючы Дзмітрыю Анатольевічу ў школе адкрыты музейны пакой воінскай славы. Ён сабраў звесткі пра ўраджэнцаў Цярэшкавіч, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, дапоўніў матэрыялы, якія захоўваліся ў школьным музеі яшчэ з савецкага часу. Адгукнуліся на прапанову паўдзельнічаць у стварэнні экспазіцыі і вучні. Многія прынеслі партрэты сваіх прадзедаў. Каштоўнымі сталі і прадметы, знойдзеныя пошукаўцамі на месцах баёў. Экспазіцыю плануецца пашырыць.
Слушная парада
На маё пытанне, у чым галоўная адметнасць сённяшняга дня, Мікалай Міхайлавіч адказаў так: “Настолькі добра беларусы яшчэ ніколі не жылі. Узгадваю свае школьныя гады, часы дырэктарства, калі няпроста даводзілася вырашаць пытанні матэрыяльна-тэхнічнага аснашчэння кабінетаў, нават збіраць падарункі дзецям на Новы год. Цяпер жа ўсё ёсць, трэба толькі працаваць!”
Ігар ГРЭЧКА
Фота Кацярыны ШЧЭРБІНАЙ





