Каго выбіраюць без ваганняў

- 12:49Наша пошта

або Чым выпускнік можа зацікавіць работадаўца?

Якім павінен быць сучасны юрыст, эканаміст, менеджар, каб паспяхова працаўладкавацца, мець дастойную зарплату і перспектывы кар’ернага росту? Гэтыя і іншыя пытанні прадстаўнікі вышэйшай школы, прадпрыемстваў-заказчыкаў кадраў, органаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне абмеркавалі за круглым сталом, арганізаваным у Віцебскім філіяле Міжнароднага ўніверсітэта “МІТСО”.

У размове прынялі ўдзел дырэктар філіяла Аляксандр ДЗЯДЗІНКІН, загадчык кафедры лагістыкі і менеджменту Святлана ГАРАЧАВА, начальнік аддзела арганізацыі працы і заработнай платы ААТ “Віцебскія дываны” Наталля СМІРНОВА, намеснік дырэктара РУП “Белмытнясэрвіс” Вячаслаў БАБІН, першы намеснік дырэктара філіяла ТАА “Еўрагандаль” у Віцебску Міхаіл ЯНЧЫЛІН, начальнік упраўлення ідэалагічнай работы і кадравага забеспячэння — начальнік аддзела камплектавання Упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама Ігар РАМАШКА, начальнік сектара маркетынгу і транспартнай лагістыкі Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі Дзмітрый САРАГАВЕЦ, спецыяліст па маркетынгу Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі Уладзімір ШЭВЕЛЕЎ, эканаміст 1-й катэгорыі ААТ “Труд-Віцебск” старшыня Маладзёжнага савета Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Вольга КАЛОЦІНА і галоўны спецыяліст аддзела прафарыентацыі і прафадукацыі Камітэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Алена ШАВЕЛЬ.

Аляксандр ДЗЯДЗІНКІН:
— Прафесіі юрыста, менеджара, лагіста не першы год карыстаюцца вялікай папулярнасцю сярод абітурыентаў. “МІТСО” — профільны ўніверсітэт, які ажыццяўляе падрыхтоўку спецыялістаў па трох напрамках: эканоміка, кіраванне і права, а непасрэдна Віцебскі філіял — на першай ступені вышэйшай адукацыі па спецыяльнасцях “Лагістыка”, “Менеджмент” і “Правазнаўства”. Тэма, прапанаваная намі для абмеркавання, надзвычай актуальная. Універсітэт імкнецца, каб усе нашы выпускнікі былі канкурэнтаздольнымі на рынку працы, і статыстыка сведчыць, што нам гэта ўдаецца. Але высокі рэйтынг эканамічных і юрыдычных спецыяльнасцей мае і негатыўныя наступствы: попыт на такія кадры стаў значна меншы за прапанову. Нас цікавіць, што думаюць наймальнікі наконт падрыхтаванасці маладых спецыялістаў да працы. Якія якасці і навыкі рэкамендуюць развіць студэнтам для пабудовы паспяховай кар’еры? Што павінна ўключаць рэзюмэ прэтэндэнта на вакансію, каб зацікавіць патэнцыяльнага работадаўца?

Святлана ГАРАЧАВА:

— Хачу звярнуць увагу на такі істотны момант, як практыка-арыентаваны характар навучання ў “МІТСО”. Напрыклад, у Віцебскім філіяле, каб студэнты падчас вучобы ўжо разабраліся ў асаблівасцях сваёй будучай прафесіі, павысілі прафесійныя кампетэнцыі, а ў многіх выпадках і пазнаёміліся з будучым месцам работы, мы ствараем філіялы кафедр на базе арганізацый горада. Філіял кафедры лагістыкі створаны на базе Асацыяцыі прадпрымальнікаў і наймальнікаў Віцебскай вобласці. Філіял кафедры правазнаўства — на базе Віцебскага бізнес-цэнтра. Завяршаецца работа па арганізацыі філіяла кафедры правазнаўства на базе Віцебскага абласнога суда, з верасня там пачнуцца заняткі.
Нашы выпускнікі маюць магчымасць на бясплатнай аснове працягнуць вучобу ў магістратуры, далей — у аспірантуры. Тым не менш большасць з іх выбірае працаўладкаванне. Віцебскі філіял невялікі, аднак у гэтым якраз яго перавага: мы мабільныя, хутка адгукаемся на выклікі часу. Акрамя таго, кожнаму студэнту прапануецца індывідуальная траекторыя развіцця. І мы імкнёмся, каб у нашых выпускнікоў іх траекторыі таксама паказвалі толькі станоўчую дынаміку. Што для гэтага патрабуецца ў першую чаргу?

Наталля СМІРНОВА:

— Першае патрабаванне — шчырае жаданне працаваць, практычная накіраванасць выпускніка. Трывалыя базавыя веды неабходныя: вучыць дыпламаванага спецыяліста азам на прадпрыемстве — гэта абсурдна. Так, зараз запатрабаваны спецыялісты ў сферы лагістыкі, але гэта павінны быць якасна падрыхтаваныя кадры. Тое ж тычыцца і кіраўнікоў, толькі тут найперш вітаюцца лідарскія якасці. Хацелася б, каб будучыя менеджары мелі грунтоўныя веды па псіхалогіі і аратарскім майстэрстве. Прыкладам можа паслужыць вопыт Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, дзе ўсе абароны дыпломаў, практык, курсавых работ адбываюцца на публіцы ў вялікіх паточных аўдыторыях.

Дзмітрый САРАГАВЕЦ:

— Зыходзячы з прафесійнага і асабістага вопыту магу запэўніць: на кожнай пасадзе ёсць свая спецыфіка, але паўсюдна ад перспектыўнага маладога спецыяліста патрабуюцца жаданне і ўменне вучыцца, у дасканаласці асвойваць сваю справу, развівацца, рухацца наперад. Установам вышэйшай адукацыі, якія рыхтуюць кадры для чыгункі, я парэкамендаваў бы актывізаваць супрацоўніцтва з Беларускім дзяржаўным універсітэтам транспарту ў Гомелі.

Святлана ГАРАЧАВА:

— У “МІТСО” ёсць узаемадзеянне з універсітэтам транспарту: мы супрацоўнічаем у навуковым плане, нашых студэнтаў запрашаюць на алімпіяды, дзе яны дабіваюцца высокіх вынікаў. Нядаўна каманда філіяла атрымала дыплом І ступені за распрацоўку бізнес-плана.

Міхаіл ЯНЧЫЛІН:

— Важныя цярпенне, адказнасць, мэтанакіраванасць. У нашай кампаніі працуе многа выпускнікоў “МІТСО”, уключаючы дырэктара, я таксама выпускнік “МІТСО”. Пачынаў работу начальнікам аддзела прыёмкі і за невялікі тэрмін прайшоў некалькі ступеняў да намесніка дырэктара.
Трэба прызнацца, што вучоба і першыя працоўныя крокі даваліся нялёгка, але ўніверсітэт, акрамя ведаў, даў мне і такую важную якасць, як цярпенне. Многія студэнты, выпускнікі прыходзяць да нас працаўладкоўвацца, выказваюць жаданне стаць эканамістамі і лагістамі. Яны ў пераважнай большасці добра валодаюць адпаведнымі ведамі, жадаюць працаваць, але ім не хапае цярпення. Моладзь марыць атрымаць усё і адразу: пасаду, высокую зарплату. А трэба крыху стрымаць амбіцыі, далучыць да ведаў каштоўны працоўны вопыт. Лічу актуальнай псіхалагічную адаптацыю студэнтаў да рэальных умоў працы.

Уладзімір ШЭВЕЛЕЎ:

— Не кожны малады спецыяліст гатовы прыняць на сябе асабістую адказнасць за рашэнне. Працаваць у кагосьці за спінай — прасцей. А кіраўніку трэба мець і цярпенне, і вялікую працавітасць, і смеласць, заснаваную на прадбачанні развіцця сітуацыі. Ён адказвае за ўсё, таму прымаць рашэнні неабходна ўзважана і хутка, асабліва зараз, калі работа ўсіх структур скіравана на мінімізацыю затрат і зніжэнне сабекошту прадукцыі шляхам удасканалення тэхнікі, тэхналогіі, рэсурсазберажэння.

Ігар РАМАШКА:

— У нас вельмі высокія крытэрыі адбору, не ўсе могуць іх прайсці. Існуе пэўны комплекс праверачных мерапрыемстваў, уключаючы паліграф, які таксама адсейвае прэтэндэнтаў. Хацелася б бачыць у выпускніку — нашым будучым супрацоўніку — такія якасці, як прафесіяналізм, сумленнасць, прыстойнасць. Не абысціся і без валодання сучаснымі тэхналогіямі, асабліва ў ІТ-сферы. І яшчэ адна базавая, неабходная якасць — псіхалагічная ўстойлівасць.

Алена ШАВЕЛЬ:

— У пошуках працаўладкавання да нас прыходзіць моладзь, у тым ліку эканамісты і лагісты. Я перад круглым сталом зняла базу: на сёння заявак ад нашых прадпрыемстваў нуль. Зрэшты, патрэба ў спецыялістах ёсць, але наймальнік мае права на працягу 10 дзён не выстаўляць вакансію і самастойна шукаць кадры. Атрымліваецца, што за чатыры месяцы былі запыты толькі на 3 эканамістаў, 7 юрыстаў і 16 бухгалтараў. Такім чынам, выпускнікі павінны самі ўмець выгадна паказаць сябе перад наймальнікам, даказаць, што менавіта іх не хапае ў працоўнай камандзе.

Калі да нас звяртаюцца маладыя людзі, і я пачынаю цікавіцца, чаму яны не могуць працаўладкавацца, — становяцца відавочнымі завышаныя патрабаванні да пасады і асабліва да зарплаты. Задаю пытанне прэтэндэнтам на пасаду эканаміста: “Вы падчас вучобы дзе-небудзь падпрацоўвалі?” Ад аднаго чую ў адказ: “Не, навошта?” Ад другога: “Так, у мяне ёсць працоўная кніжка, я з трэцяга курса падпрацоўваў на чвэрць стаўкі менеджарам”. Ці варта гаварыць, каго прынялі на работу? Нават невялікі працоўны вопыт становіцца вырашальным фактарам.

Прыватныя прадпрыемствы практычна заўсёды патрабуюць ад менеджараў валодання замежнай мовай. Нават без вопыту работы патрэбна размоўная замежная мова, і не толькі з тых, што ёсць у школьнай праграме, а, напрыклад, латышская, літоўская.

Вольга КАЛОЦІНА:

— У студэнцкія гады я ўладкавалася на працу на 0,25 стаўкі і магу сказаць, што мне гэта вельмі дапамагло ў далейшым. Фактычна менавіта тады я ўсвядоміла, якой справе ўсё ж такі вучуся. Пасля заканчэння ўніверсітэта я размеркавалася на сваё рабочае месца і была ўжо гатовым спецыялістам.

Святлана ГАРАЧАВА:

— Наймальнікі звяртаюць пільную ўвагу нават на знешні выгляд, імідж — нездарма кажуць, што сустракаюць па вопратцы. Можна сказаць, што вопратка — гэта частка рэзюмэ. Як вы ацэньваеце тых, каго запрашаеце на субяседаванне, каго адсейваеце, па якіх крытэрыях? Чым выпускнік можа вас зацікавіць у першую чаргу — удзелам у канферэнцыях, конкурсах або сярэднім балам?..

Вячаслаў БАБІН:

— У дачыненні да рэзюмэ трэба абавязкова закрануць тэму мабільнасці выпускніка. Калі ты хочаш рабіць кар’еру, імкнешся да прафесійнага росту, то не варта пазбягаць работы на перыферыі. Там больш шансаў станоўча зарэкамендаваць сябе і хутчэй наблізіцца да цэнтральнага офіса. А ў тым жа абласным цэнтры можна прыйсці на пасаду інжынера і ўсё жыццё на гэтай пасадзе заставацца. Дарэчы, у рэзюмэ згоду пры неабходнасці змяніць месца жыхарства адзначаюць часцей дзяўчаты. Адно з першачарговых патрабаванняў да любога спецыяліста зараз зноў — сярэдні бал атэстата.

Ігар РАМАШКА:

— Сілавы блок мае практычна аналагічныя патрабаванні да будучых супрацоўнікаў: матывацыя, бал атэстата і здольнасць працаваць там, дзе гэта неабходна ў інтарэсах службы. Праўда, па пэўных параметрах патрабаванні ў нас больш жорсткія. Я таксама згодны, што адзін з крытэрыяў прафесіяналізму — уменне сябе падаць. Часам прыходзіць да нас малады чалавек з мэтай уладкавацца на працу, але пры гэтым прычоска неахайная, адзенне і манеры адпаведныя. Зразумела, гэта можа быць проста знешні антураж, юнацкі максімалізм, але што рабіць наймальніку? Падвесці такога прэтэндэнта да люстэрка і запытацца: а як вы сябе ўяўляеце ў форме? У прыказцы пра тое, што сустракаюць па вопратцы, а праводзяць па розуме, ёсць павучальны працяг: да розуму справа можа так і не дайсці…

Наталля СМІРНОВА:

— У рэзюмэ ў парадку першачарговасці адзначаю: наяўнасць вопыту работы, міжнародныя стажыроўкі, валоданне замежнай мовай.

Вольга КАЛОЦІНА:

— Думаю, што больш будзе запатрабаваны спецыяліст з сумежнай спецыяльнасцю.

Святлана ГАРАЧАВА:

— На 3—4 курсах нашы студэнты маюць магчымасць прайсці перападрыхтоўку або нават атрымаць другую вышэйшую адукацыю па сумежнай спецыяльнасці — напрыклад, “Правазнаўца і эканаміст”, “Лагіст і правазнаўца”. Мы ставім задачу падрыхтаваць такога спецыяліста, які ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі на працоўным рынку здольны быць паспяховым.

Аляксандр ДЗЯДЗІНКІН:

— Хочацца пажадаць выпускнікам трапіць у патрэбны час у патрэбнае месца да патрэбных людзей, ды яшчэ сказаць тое, што яны жадаюць пачуць. А калі сур’ёзна, то насычанасць працоўнага рынку стварае канкурэнцыю, і не варта яе баяцца. Бухгалтары, менеджары, эканамісты і юрысты — гэта самыя масавыя спецыяльнасці, патрэбныя ў кожнай арганізацыі. Спецыялістаў, якія валодаюць неабходнымі кампетэнцыямі, матывацыяй, псіхалагічна ўстойлівыя, умеюць быць мабільнымі, жадаюць працаваць, развівацца і вучыцца на працягу ўсяго жыцця, заўсёды недастаткова. Калі такія людзі прыходзяць уладкоўвацца на працу, то ў іх і рэзюмэ адпаведнае, і асабістае субяседаванне яны праходзяць без праблем. Такіх з ахвотай прымуць у любую каманду.

Таццяна БОНДАРАВА