Выбраць адзенне для старажытнага чалавека Уку…

- 11:39Рознае партфолiо

…дапамаглі выхаванцы Алесі Кнігі

Трапіць на заняткі да Алесі Мікалаеўны Кнігі, самай юнай удзельніцы і фіналісткі Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года — 2017” у намінацыі “Выхавальнік дашкольнай адукацыі”, аказалася вельмі проста. На прапанову стаць гераіняй рэпартажу педагог пагадзілася адразу: “Я вельмі рада такой магчымасці! Калі вам будзе зручней прыехаць?”

Алеся Мікалаеўна — выхавальнік вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 89 Гродна, магістр педагагічных навук, старшы выкладчык кафедры педагогікі і псіхалогіі дзяцінства Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, член рэспубліканскага клуба педагагічных работнікаў “Крыштальны журавель”.

Алеся Мікалаеўна запрасіла мяне ў сярэднюю групу да  4—5-гадовых дзяцей на заняткі па тэме “Адзенне. Праца лю­дзей у швейным атэлье” (адукацыйная галіна “Дзіця і грамадства”) з прымяненнем ІКТ і элементаў дзіцячага дызайну. Падчас заняткаў педагог вырашала пэўныя праграмныя задачы: фарміравала ўяўленні аб прадметах рукатворнай працы (адзення); канкрэтызавала веды, звязаныя з працэсам стварэння адзення; гаварыла пра карысць і неабходнасць прафесіі швачкі; знаёміла дзяцей з прафесіямі закройшчыка, мадэльера; вучыла адрозніваць і групаваць адзенне па прыкметах, называць яго дэталі, дзяліць папяровую геаметрычную фігуру на часткі практычным метадам; развівала маўленне дзяцей, дробную маторыку рук, цікавасць да разнастайнасці прадметаў рукатворнай працы дарослых; фарміравала беражлівыя адносіны да яе; выхоўвала настойлівасць у дасягненні мэты, уменне дамаўляцца адно з адным.

Алеся Мікалаеўна загадзя падрыхтавала для выхаванцаў матэрыялы і абсталяванне: мальберты, мультымедыйную прэзентацыю, нажніцы, геаметрычныя фігуры, разрэзаныя карцінкі адзення, карткі “Пашыў адзення” і папярэдне размаляваныя дзецьмі ў стылі бацік фрагменты тканіны, аформленыя ў шаблоны, з якіх яны павінны былі вырабляць аўтарскія ўборы. Заняткі праходзілі ў музычнай зале дашкольнага цэнтра, дзе знаходзілася інтэрактыўная дошка.

“Добры дзень, дзеці! Мне вельмі прыемна бачыць вас, — пачала заняткі выхавальніца. — Падыдзіце, калі ласка, да мяне, давайце возьмемся за рукі, утворым прыгожы круг. Я буду агучваць заданні, а вы іх, калі ласка, выконвайце. Але будзьце вельмі ўважлівымі”.

Для таго каб настроіць дзяцей на работу, Алеся Мікалаеў­на правяла для іх гульнявое практыкаванне “Зрабі, калі ў цябе…”. “Паскачыце тыя, хто сёння прыйшоў у дзіцячы сад у спадніцы, — папрасіла выхавальніца. — Прысядзьце тыя, на кім на­дзеты штаны. Папляскайце ў далоні тыя, на кім сукенка. Падыміце рукі тыя, у каго ў адзенні ёсць ружовы колер. Пастаўце рукі на пояс тыя, у каго ў адзенні прысутнічае сіні колер. Усміхніцеся, хто прыйшоў з добрым настроем і рады бачыць сваіх сяброў. Пагладзьце сябе па галаве, калі рады заняткам і хочаце даведацца шмат новага і цікавага”. Дзеці з задавальненнем выканалі практыкаванне, і выдатны настрой быў забяспечаны.

“Паглядзіце, які незвычайны чалавек завітаў да нас. Як вы думаеце, хто гэта? — сказала Алеся Мікалаеўна, і на мультымедыйным экране з’явілася выява старажытнага чалавека. — На ваш погляд, навошта ён да нас прыйшоў?” Дзеці пачалі выказваць здагадкі. “А што з гэтым чалавекам не так?” — запыталася педагог. “У яго няма абутку і адзення”, — у ад зін голас адказалі выхаванцы. “А надвор’е не зусім цёплае. Там, дзе жыве гэты чалавек, ранняя вясна, на карцінцы відаць праталіны”, — працягнула педагог. Дзеці занепакоіліся, што старажытны чалавек можа захварэць.

“Добры дзень, малышы! Мяне завуць Ука, і мне вельмі холадна. Дапамажыце, калі ласка, падабраць адзенне”, — сказаў старажытны чалавек. Такім чынам, на занятках узнікла праблемная сітуацыя.

“Сябры, у старажытнага чалавека бяда. Як мы можам яму дапамагчы?” — спытала выхавальніца. Дзеці пачалі разва­жаць, і ў выніку ўсе прыйшлі да высновы, што можна падабраць Уку неабходнае адзенне або проста параіць, што яму варта апрануць.

“Давайце ўспомнім, дзе мы з вамі бяром адзенне: у магазіне, на рынку, — працягвала выхавальніца. — А шыюць адзен­не дома на швейнай машынцы, у швейным атэлье або на фабрыцы. Давайце вывучым з вамі працэс вытворчасці адзення, а заадно і Уку раскажам, як яго шыюць”.

Дзеці селі за сталы, дзе ляжалі канверты з карткамі. Выхавальніца звярнулася: “Вы ведаеце, што шыць адзенне цяжка, таму ў атэлье працуюць шмат чалавек. Вы хацелі б даведацца, як гэта адбываецца? Тады вазьміце, калі ласка, канверты з жоўтым квадратам, дастаньце з іх карткі і ўважліва разгледзьце. Пасля размясціце карцінкі ў той паслядоўнасці, у якой, на вашу думку, шыюць адзенне ў атэлье. Карткі раскладвайце злева направа. Дзе ў вас левая ручка? Падыміце яе”. Заданне дзеці выконвалі самастойна. Затым педагог праверыла правільнасць выканання задання (мадэльер-закройшчык-швачка): дзеці — за сталамі, педагог — на інтэрактыўнай дошцы.

“Падыміце карцінку, дзе намаляваны чалавек, з якога пачынаецца пашыў адзення”, — папрасіла Алеся Мікалаеўна. Дзеці паднялі карцінку з выявай мадэльера і прагаворваюць гэтае слова ўслых. Яны ведаюць, што мадэльер малюе эскіз будучага ўбору. “Пакажыце, калі ласка, што адбываецца далей”, — працягвала педагог. Дзеці паднялі карцінку з выявай закройшчыка, які робіць выкрайку адзення, затым выразае дэталі, а пасля накладвае іх на тканіну і выразае тканіну патрэбнага памеру, каб атрымалася адзенне. На трэцяй карцінцы — выява швачкі, якая сшывае дэталі. Выхаванцы зноў паўтарылі прафесіі людзей, якія працуюць у атэлье, і замацавалі такім чынам новыя для сябе словы.

“Ну што, Ука, ты зразумеў, што адбываецца ў швейным атэ лье?” — звярнулася да мультымедыйнага госця педагог. Той радасна адказаў: “Так, цяпер я зразумеў, як шыюць адзенне”.

“Дзеці, а вы хацелі б пабыць у ролі работнікаў швейнага атэлье і пашыць сапраўдныя ўборы? — спытала педагог. — Праца гэтая вельмі складаная. У швейнае атэлье прыходзяць заказы, якія абавязкова трэба выконваць у адпаведнасці з інструкцыяй. Заказ — узор таго адзення, якое чалавек хоча атрымаць. Усё адзенне ў атэлье шыецца па заказах. Зараз вам трэба будзе падзяліцца на тры падгрупы па 4 чалавекі ў кожнай і прыняць ад мяне заказы. Камандзе Міланы я прапаную пашыць кашулю, камандзе Паліны — футра, камандзе Таісы трэба будзе пашыць сукенку. Закройшчык зрабіў нам шмат выкраек, выразаў шмат дэталей. Вам трэба толькі выбраць тыя дэталі, якія спатрэбяцца для пашыву, а таксама сабраць гатовае адзенне на мальбертах. Сачыце, каб заказ быў выкананы дакладна і своечасова, інакш кліент будзе незадаволены і нават можа не забраць свой заказ”.

Маленькія “работнікі атэлье” пачалі работу ў падгрупах. Пасля яе завяршэння Алеся Мікалаеўна спыталася: “Які прадмет адзення ў вас атрымаўся? Якія дэталі адзення вы можаце назваць? Ці падыдзе пашытае старажытнаму чалавеку?” Пра некаторыя дэталі адзення педагог расказала дзецям сама.   

Ука выказаў сваю задаволенасць, а выхавальніца прапанавала дашкольнікам адпачыць і правяла для іх вершаваную фізкультхвілінку.  

Заняткі прадоўжыліся. Цяпер Ука апынуўся ў магазіне адзення і разгубіўся: “Тут так шмат адзення, не магу зразумець, якое патрэбна менавіта мне”. І зноў выхаванцы прыйшлі на дапамогу старажытнаму чалавеку, параілі рассартаваць адзенне па прызначэнні: для спорту, сну, купання, а таксама для сезонаў (зімы, лета). Пры гэтым дзеці выкарыстоўвалі інтэрактыўную дошку.

Алеся Мікалаеўна парэкамендавала выхаванцам: “Вам неабходна пры дапамозе чароўнай указкі злучыць убор з пэўнай карцінкай-значком, у адпаведнасці з яго прызначэннем: ложак — адзенне для сну, хмара — для дажджлівага надвор’я, сонца — для цёплага сонечнага, сняжынка — для зімовага сезона, мяч — адзенне для спорту”.

Дзеці па чарзе падыходзілі да інтэрактыўнай дошкі і выконвалі заданні, а свой выбар тлумачылі ўслых. Напрыклад, яны казалі, што піжама патрэбна для сну і г.д. 

“Малайцы, вы выдатна справіліся. Але ў нашага госця ёсць да нас невялікае пытанне: “Што рабіць, калі адзенне раптам парвалася?” Правільна, зашыць! Давайце, дзеці, пакажам нашаму госцю , як мы ўмеем гэта рабіць. Заадно і навучым яго”.

Дзеці селі за сталы. Яны пачалі рамантаваць адзенне пры дапамозе геаметрычных фігур, іх выразалі ў адпаведнасці з формай той дэталі, якой не хапала на адзенні, што парвалася. Дзеці выбіралі карткі ў адпаведнасці з колерам патрэбнай дэталі. Алеся Мікалаеўна загадзя падрыхтавала геаметрычныя фігуры, будучыя дэталі, якія трэба было сагнуць і разрэзаць па лініі згібу. Дзеці прыкладвалі выразаную дэталь да адзення, і дзірка зашывалася.    

Мультымедыйны персанаж Ука зноў прыйшоў да дзяцей, апрануты ў футра і шапку, каб падзякаваць дзецям, і заўважыў: “Цяпер я дакладна не змерзну. І ўсім сваім сябрам абавязкова раскажу, пра што сёння даведаўся ад вас, дзеці. Да пабачэння!”

“Малайцы, мае малышы, а цяпер давайце з вамі крышку паразмаўляем. Як вы лічыце, нашаму госцю спадабалася ў дзіцячым садзе? Ці змаглі мы яму дапамагчы? Давайце згадаем, пра што новае і цікавае мы сёння з вамі даведаліся? Скажыце мне, калі ласка, дзе шыюць адзенне? Толькі давайце разгорнуты адказ. Хто працуе ў швейным атэлье? Як называецца прафесія чалавека, які робіць выкрайку? Што робіць мадэльер?” Дзеці актыўна далучыліся да абмеркавання. “А паколькі вы ў мяне сапраўдныя дызайнеры, давайце раскажам, што сёння на занятках вы рабілі?” — адзначыла педагог. Дзеці ў вершаванай форме расказалі пра тое, як размалёўвалі тканіны, і пра мадэлі адзення, якое пашыюць.


“Сённяшнія заняткі мне спадабаліся, та­му што дзеці былі вельмі  актыўнымі, — падкрэсліла Алеся Мікалаеўна. — Традыцыйна ў рабоце са сваімі выхаванцамі я прытрымліваюся пэўнай дынамікі, што дазваляе дзецям не стамляцца ў ходзе заняткаў і сканцэнтравацца на самым важным. Сёння да нас у госці прыйшоў персанаж Ука, якому мы дапамагалі справіцца з праблемай выбару адзення, што стымулявала выхаванцаў да актыўных канкрэтных дзеянняў. Новы матэрыял не заўсёды з лёгкасцю ўспрымаецца дзецьмі. Яны запамінаюць толькі тую інфармацыю, якая выклікае ў іх сапраўдную ціка­васць. Па рэакцыі дзяцей было відаць, што заданні і дыдактычныя гульні, прапанаваныя мной, зацікавілі іх. Я падрыхтавала для выхаванцаў некалькі варыянтаў заданняў, кожнай падгрупе — сваё. Заданне, для выканання якога трэба было карыстацца нажніцамі, патрабавала індывідуальнага падыходу да кожнага дзіцяці. Пакуль не ва ўсіх добра сфарміраваны адпаведны навык: хтосьці ўмее разразаць, складваючы паперу папалам, а хтосьці ўжо спраўляецца і з чвэрцю дэталі. Трэба было для кожнага стварыць сітуацыю поспеху. Традыцыйна дашкольнікам вельмі падабаецца работа з інтэрактыўнай дошкай. Мы выкарыстоўваем яе абмежавана, толькі для выканання асобных заданняў. Прадэманстраваны былі і элементы дзіцячага дызайну: выхаванцы з задавальненнем расказвалі, як яны размалёўвалі тканіну ў стылі бацік. Вечарам мы плануем правесці выставу творчых работ дзяцей, падчас якой яны раскажуць бацькам пра свае дасягненні”.    

Алеся Мікалаеўна Кніга — выпускніца Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя”. Спачатку дзяўчына планавала ста ць псіхолагам і ўжо збіралася падаваць дакументы на ўпадабаную спецыяльнасць, але выпадковая сустрэча з тагачасным дэканам педагагічнага факультэта Віктарам Пятровічам Таранцэем змяніла яе планы. “Я па вачах бачу, што вам трэба на наш факультэт”, — заўважыў ён і расказаў А.Кнізе пра перавагі прафесіі выхавальніка.

У дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 89 Гродна Алеся Мікалаеўна працуе з верасня 2015 года, уладкавалася туды ў 20 гадоў. Першае знаёмства з цэнтрам адбылося падчас практыкі пасля першага курса ўніверсітэта. У дашкольным цэнтры працуе філіял кафедры педагогікі і псіхалогіі дзяцінства ГрДУ імя Янкі Купалы, таму супрацоўніцтва паміж установамі наладжана вельмі плённае. Пасля трэцяга курса А.М.Кніга зноў праходзіла практыку ў ДЦРД № 89, і загадчык цэнтра Жанна Канстанцінаўна Вайцяхоўская не адпусціла дзяўчыну.

У 2018 годзе Алеся Мікалаеўна скончыла магістратуру ГрДУ па спецыяльнасці “Тэорыя і методыка дашкольнай адукацыі”. Зараз вучыцца ў аспірантуры па спецыяльнасці “Агульная педагогіка, гісторыя педагогікі і адукацыі”, рыхтуе даследаванне на тэму фарміравання дызайнерскіх уменняў у дзяцей і арганізацыі дызайнерскай дзейнасці ва ўмовах установы дашкольнай адукацыі. Разам са сваімі выхаванцамі Алеся Мікалаеўна займаецца творчасцю: у праграме заняткаў — ніткаграфія і гратаж, кляксаграфія, пластылінаграфія і інш. А нядаўна педагог паспрабавала асвоіць бацік — дзецям спадабаўся і гэты від творчасці.

Алеся Кніга выступае на педагагічных саветах, семінарах, нарадах, выставах, фестывалях, дае майстар-класы. Вопыт работы маладога педагога па дзіцячым дызайне неаднаразова быў адлюстраваны на старонках прафесійных выданняў, а таксама быў прадстаўлены на конкурсах рознага ўзроўню ў Беларусі і Расіі. У скарбонцы дасягненняў Алесі Мікалаеўны — 18 дыпломаў з навуковых канферэнцый і міжнародных алімпіяд па педагогіцы, сярод якіх — два дыпломы Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў УВА Рэспублікі Беларусь і дыплом Х Міжнароднага форуму “Адукацыя: вык­лікі ХХІ стагоддзя”, што праходзіў у Валгаградзе, дыплом за якаснае правя­дзенне майстар-класа “Чароўны пясок” на Міжнародным форуме “Рабі дабро на карысць іншым”. Акрамя таго, А.Кніга — актыўны ўдзель­нік каляднага фэсту педагагічнага майстэрства ў Мінску (АПА), атрымала дыплом ІІІ ступені на Міжнародным конкурсе прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Пазнанне ў сутворчасці”, дзе выступала з праек­там адукацыйнага падарожжа “У свеце беларускай народнай лялькі” (2018 год).

Алеся Кніга выкладае на кафедры педагогікі і псіхалогіі дзяцінства Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і ў Адукацыйным інавацыйным цэнтры педагагічнага факультэта ўніверсітэта. Для студэнтаў спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” і педагогаў дашкольнай адукацыі праводзіць заняткі па дашкольнай педагогіцы, аўтарскі семінар-практыкум па дзіцячым дызайне. З’яўляецца запрошаным лектарам у ГрАІРА.

Акрамя таго, А.М.Кніга — аўтар 12 навуковых публікацый. Сярод іх — “Педагагічны бізнес-праект “Студыя дзіцячага дызайну” як пашырэнне прасторы самарэалізацыі маладога спецыяліста дашкольнай адукацыі”, “Толькі разам мы ўсё зможам”, “Педагагічная мадэль фарміравання дызайнерскіх уменняў у дзяцей старшага дашкольнага ўзросту”.


“Часам шчыра здзіўляюся творчым магчымасцям маленькіх дзяцей, — адзначыла Алеся Кніга. — Нават калі ты не вучыш іх чамусьці канкрэтнаму, праяўляецца непасрэднае стыхійнае жаданне малышоў пераўтвараць, прыўносіць сваё ў кожную справу, што з’яўляецца важнейшым за любую навуку. У дзяцей няма шаблонаў, няма такіх стэрэатыпаў, як у дарослых, яны не баяцца памыліцца. Калі ім прапаноўваеш багаты выбар матэрыялаў і абсталявання для творчасці, то дзеці ствараюць сапраўдныя шэдэўры”.

Выхаванка Алесі Мікалаеўны Софія Цераховіч перамагла сёлета ў раённым конкурсе “Я — даследчык”. Дзяўчынка прадэманстравала, як можна зрабіць фарбы: на мёдзе, з яечнага жаўтка, ільнянога алею і малака. Яна праверыла ўласцівасці самаробных фарбаў. Конкурсны відэаролік Софіі можна паглядзець на YouTube. 

“Па ўсіх пытаннях навучання дзяцей актыўна ўзаема­дзейнічаю з іх бацькамі, — расказала Алеся Мікалаеўна. — Тры разы ў год у нашай установе праходзяць адкрытыя прагляды заняткаў, на якія педагогі запрашаюць мам і татаў, каб яны змаглі ацаніць узровень ведаў сваіх дзяцей, развіцця ў іх пэўных уменняў і навыкаў. У той жа час падчас адкрытых заняткаў педагогі даюць бацькам канкрэтныя парады па тых аспектах развіцця дзіцяці, на якія варта звяртаць дома асаблівую ўвагу, напрыклад, на маўленне, фарміраванне навыкаў самаабслугоўвання”. 

Цікавасць дзяцей да адукацыйнага працэсу, калі яны з задавальненнем расказваюць бацькам пра тое, што сёння рабілі ў дзіцячым садзе, а раніцай з добрым настроем бягуць да любімага выхавальніка, калі пакараннем з’яўляецца тое, што іх не павядуць у дзіцячы сад, — усё гэта пра Алесю Кнігу і яе выхаванцаў.

“Маё прафесійнае крэда — “Вучацца толькі ў тых, каго любяць, любяць тых, з кім адчуваюць поспех”, — гаворыць Алеся Мікалаеўна. — У сваёй педагагічнай дзейнасці імкнуся быць неабыякавай да лёсу і жаданняў сваіх выхаванцаў. Кожны з іх — асоба, якую я магу навучыць, для каго магу ства­рыць сітуацыю поспеху, дапамагчы рэалізаваць свой патэн­цыял і свае магчымасці”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.