Сямейная дарога да здароўя!

- 11:28Выхаваўчая прастора

Ва ўсе часы чалавек імкнуўся да здаровага ладу жыцця, жадаў пазнаць межы сваіх магчымасцей, не баючыся кінуць выклік лёсу. І часта выходзіў пераможцам. А спорт — гэта і ёсць жыццё, здароўе, рызыка, пошук, перамога. Таму педагогі дадатковай адукацыі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Спектр” Гродна традыцыйна праводзяць круглагадовую спартакіяду “Гуляем за Беларусь!”, дзе сувязным звяном з’яўляюцца сямейныя спаборніцтвы.

Так, нядаўна ў нас прайшла спартландыя “Сямейная дарога да здароўя!” сярод сямейных каманд. Мы працягваем сябе ў дзецях. Якімі яны вырастуць, залежыць у першую чаргу ад нас, бацькоў… Да таго ж нішто так не аб’ядноўвае каманду, як імкненне да перамогі.
Старэйшыя ў сям’і — таты — бадзёрыя, падцягнутыя і нават у нечым непераможныя. А ў чым іменна, мы даведаліся пазней. Таты далі такі зарад энергіі, што спаборніцтвы прайшлі на адным дыханні.
Мамы стараліся не адставаць ад сваіх моцных і непераможных мужчын. Пастаянныя трэніроўкі ў жаночым трохбор’і — пліта, бег па магазінах, прыбіранне — зрабілі сваю справу: мамы былі ў форме. Яны задалі тон сваім камандам у спаборніцтвах, і ўжо без сумнення можна сцвярджаць: сям’я трымаецца на трох кітах — жанчына, жанчына і яшчэ раз жанчына!І, нарэшце, капітаны каманд! Гэта малодшыя ўдзельнікі сямейнай спартландыі, якія яшчэ з пялёнак аб’ядноўвалі сваіх бацькоў у дружную каманду, ставячы перад ёй усё новыя і новыя задачы.Былі створаны ўсе ўмовы, каб зацікавіць кожнага ўдзельніка: і дарослага, і дзіця. Дух саперніцтва лунаў над спартыўнай залай на працягу ўсяго спартыўнага мерапрыемства. Мамы і таты разам са сваімі дзецьмі дэманстравалі сваю хуткасць, з азартам бегалі і скакалі, “утаймоўвалі” непаслухмяны абруч. Сем’і стойка трымалі абарону сваіх каманд і актыўна атакавалі сапернікаў у эстафетах: бегалі ў мяшках, скакалі праз скакалку, складвалі сонейка, прымервалі незвычайны абутак вялікага памеру — самаробныя сланцы, у якіх неабходна было пераадолець перашкоду.
Сямейныя каманды дружна і згуртавана падышлі да фінішнай рысы. Перамогу атрымала сям’я Ленец, 2-е месца падзялілі дзве сям’і: Дзесюкевіч і Танчык, 3-е — сям’я Гаевых.
Напрыканцы ўсе атрымалі дыпломы цэнтра і прызы ад суарганізатараў. Спартландыя скончылася, але самым важным і галоўным у гэтым спартыўным свяце было не занятае месца, а сумеснае правядзенне сямейнага вольнага часу і камандны настрой.

Наталля ТАРАШЧЫК,
метадыст ЦТДіМ “Спектр” Гродна.