Для актывізацыі дзейнасці музеяў устаноў адукацыі па захаванні традыцыйнай культуры беларускага народа, культурна-гістарычнай спадчыны, па патрыятычным выхаванні моладзі ў Ваўкавыскім раёне на працягу апошніх трох гадоў рэалізоўваўся праект “Музейная карта”. Распрацоўшчыкам яго стаў Ваўкавыскі раённы цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі.
У раёне на базе дзяржаўных устаноў адукацыі адкрыты 23 музеі і 3 музейныя пакоі, колькасць экспанатаў у якіх дасягнула амаль 7 тысяч. Школьны музей — гэта цэнтр патрыятычнага і грамадзянскага выхавання навучэнцаў, першы этап на шляху фарміравання цікавасці да роднай гісторыі, прыроды, нацыянальнай культуры. За тры гады рэалізацыі праекта музеі ўстаноў адукацыі наведала каля 26 тысяч чалавек. Для іх былі арганізаваны экскурсіі па музеях баявой славы, лесу, прыроды і пчалярства, адукацыі Ваўкавышчыны, музеі жанчыны-маці і інш.
У мінулым годзе званне народнага прысвоена гісторыка-краязнаўчаму музею Падароскага дзіцячага сада — сярэдняй школы.
З мэтай павышэння эфектыўнасці выкарыстання патэнцыялу музеяў у адукацыйным працэсе, абнаўлення форм і метадаў дзейнасці па грамадзянска-патрыятычным выхаванні сродкамі музейнай педагогікі прайшоў раённы конкурс метадычных распрацовак урокаў “Я іду на музейны ўрок”. Мы прывыклі бачыць урокі ў кабінетах геаграфіі ці гісторыі, біялогіі ці хіміі. А паспрабуйце правесці ўрок матэматыкі або беларускай мовы ў школьным музеі! Так, гэта няпроста. Але педагогі Ваўкавыскага раёна гэта зрабілі. Колькі ўражанняў пакінуў урок матэматыкі ў 5 класе “Множанне звычайных дробаў, або Ваўкавышчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў лічбах”, а таксама ўрок беларускай мовы ў 7 класе “Злучальныя злучнікі, або Вяртанне ў мінулае сцежкамі дзядоў і прадзедаў”! І гэта не толькі эмоцыі, але і нядрэнныя веды і адзнакі. Па выніках конкурсу быў выдадзены зборнік, у які ўвайшлі лепшыя музейныя ўрокі.
Дзякуючы раённаму праекту на канале YouTube Ваўкавыскага цэнтра турызму створаны плэй-ліст “Музейная карта”, дзе можна азнаёміцца з дзейнасцю музеяў устаноў адукацыі. Працягваецца конкурс па стварэнні віртуальных музеяў на сайтах устаноў.
У практыку работы музеяў увайшлі пошукава-даследчая і праектная дзейнасць, актыўна працуюць саветы музеяў.
Сумесна з Ваўкавыскім ваенна-гістарычным музеем імя П.І.Баграціёна быў арганізаваны фестываль “Музей — скарбніца культурнай спадчыны”, у якім прынялі ўдзел музеі ўсіх устаноў адукацыі Ваўкавыскага раёна па тэмах: “У люстэрку стагоддзяў” (традыцыі беларускай культуры ад старажытнасці да сучаснасці) і “Гартаючы летапіс вайны” (гераічныя старонкі гісторыі на ваўкавыскай зямлі). Былі прадстаўлены тэатралізаваныя беларускія народныя святы, абрады, традыцыі, паказаны трагічныя і гераічныя падзеі мінулых гадоў, праведзены міні-экскурсіі па музейных экспазіцыях.
У другім сезоне “Музейнай карты” ў музеях устаноў адукацыі наведвальнікаў чакаюць конкурсныя і гульнявыя праграмы, тэатралізаваныя прадстаўленні, святы і абрады, майстар-класы, квест-падарожжы.
Галіна ХОМІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Ваўкавыскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі.