У нашым жыцці ёсць і такія дзеці, і іх трэба любіць таксама.
Яны народжаны не намі, але яны жывуць побач з намі.
Трэба проста зразумець, што яны таксама смяюцца, плачуць і кахаюць, як мы з вамі.
А калі проста сказаць — яны жывуць. Параненыя гэтым жыццём, згвалтаваныя і неаднойчы збітыя, прагневаныя на Бога і на лёс, адкрытыя да нянавісці да ўсіх за ўсё…
Але яны жывуць — вось такія. І наша святая місія — іх палюбіць. І прымусіць іх палюбіць наша жыццё — са штодзённай працай, з каханымі, з уласным жытлом, машынай, дачай і г.д.
Яны ўсё гэта ненавідзяць, бо ніколі не бачылі гэтага. Але мы можам пра гэта ім расказаць.
Расказаўшы, абняць, прылашчыць іх, ціха спытаць: “Ты хочаш жыць як нармальны чалавек?”
Адзін паморшчыцца, адвернецца і тут жа збяжыць ад вас. Але другі задумаецца, прысядзе побач з вамі і будзе размаўляць. Мы выратуем так кожнага другога. І гэта ўжо нямала.
Бачыў некалькі такіх дзяцей. Раскажу пра дваіх.
Аднойчы я вяртаўся з аднаго раённага горада з камандзіроўкі. Не паспеў сесці на апошні поезд. Стомлены, прысеў на вакзальнай лавачцы. Было каля трох ночы. Да мяне падышлі тры, на выгляд 15-гадовыя, хлопцы: “Дай закурыць”. Я даў ім тры цыгарэты.
“А грошы ёсць?” Я адказаў ім як ёсць: “Трошкі… На электрычку, не болей. Мне трэба да ранку даехаць у Мінск”.
Адзін пачаў з’едліва ўсміхацца: “Ды паглядзі, якая ў яго фірмовая джута! Гэта фірмовы “Левайс”!” Другі: “І футы нічога сабе — найкаўскія “эйры”!” Дадаў: “Давай прырэжам яго, як кабана! Во пішчаць будзе!”
А трэці хлопец устаў між імі і мной: “Адчапіцеся ад чалавека. Ён жа даў нам цыгарэты”.
Тыя адышлі. А гэты трэці застаўся.
— Дзякуй табе. Маглі б сапраўды зарэзаць?
— Проста. У кожнага вялікія паляўнічыя нажы.
— Як цябе завуць?
— Мікіта.
— Мяне Мікола. Трымай лапу. Чаму ты ў такі час не дома?
— У мяне няма дома. Я збег з інтэрната, а бацькі памерлі, і ў маім доме нехта іншы зараз жыве.
— Што будзеш далей рабіць?
— У інтэрнат вярнуся.
— А далей?
— Абяцаюць размеркаванне ў каледж. А там і на правы можна будзе здаць.
— Чаму ты мяне выратаваў?
— Таму што гадам быць не хачу.
— Дзякуй, Мікіта, табе яшчэ раз. Можа, яшчэ сустрэнемся.
Я ішоў ля Камароўскага рынку. Сустракаю дзяўчыну ў падземным пераходзе: “Дапамажыце мне”. Спачатку падумаў, што п’яная. Яна і сапраўды была п’яная 14-гадовая. Хацеў ад яе проста адвязацца. Але потым зірнуў уважлівей: жывот, цяжарная! Божа! Чатырнаццацігадовая цяжарная!
Выклікаў “хуткую”. Паехалі ў найбліжэйшую бальніцу. Яе адразу павезлі ў аперацыйную.
Сядзеў некалькі гадзін у прыёмным пакоі і бясконца выходзіў курыць.
— Гэта вы яе прывезлі на хуткай дапамозе?
— Так. Што з ёй?
— Нічога добрага. Яна памерла.
Я так і асунуўся перад гэтым урачом…
Ён мяне падняў:
— З вамі ўсё ў парадку?
— Так. А з яе дзіцем што?
— Таксама памерла. Гэта была дзяўчынка. Задыхнулася ўжо ва ўлонні. Як звалі тую дзяўчыну, якую вы прывезлі?
— Не ведаю… Пачакайце… Насця… Так, Насця. А прозвішча нават не паспела назваць. Ды я пра гэта і не пытаўся.
— Якое ваша? Так і назавём.
Міліцыя, судовая экспертыза… Я выйшаў за парог бальніцы і пачаў рыдаць.
Насця, ну чаму так? Ну чаму я цябе не выратаваў? Але ж я сапраўды не мог…
Гэта — выпадак ужо з тэатральнага жыцця.
Але як з тэатральнага, калі там былі дзеці? Калі дзеці ігралі такіх жа дзяцей — змучаных, знявечаных і… прыгожых.
Я не бачыў яшчэ такіх прыгожых падлеткаў, як гэтыя старшакласнікі 136-й мінскай сярэдняй школы — Ганна Фадзеева, Андрэй Лапухоў, Іван Мехаў, Валерый Пархімчык, Ксенія Сплендэр, Сцяпан Сташкевіч, Аляксей Шуляк, Максім Рогаў, Арына Куніцкая і Настасся Пахольчык. Усе яны выканалі ролі ў спектаклі “Скруха”. Рэжысёр і аўтар сцэнарыя — выкладчык тэатральных дысцыплін 136-й мінскай школы Вадзім Сяргеевіч Азараў.
Гэтыя падлеткі разам са сваім настаўнікам-рэжысёрам расказалі мне пра жыццё і адсутнасць жыцця, якая настае вельмі раптоўна, калі яна, цяжарная, памірае на тваіх вачах і ніхто не можа яе выратаваць. Яны расказалі мне пра трагедыю, якая здараецца аднойчы, але можа і не здарыцца. Галоўнае, каб быў нехта, хто б яе прадухіліў. Яны расказалі мне пра сутнасць скрухі. Я доўга думаў, зазіраў у слоўнікі і нават у Googlе: як перакласці мне гэтае рускае слова “сокрушение” (назва спектакля) на беларускую мову? І не было іншага адпаведніка, чым “скруха”. А чым горш, чым “сокрушение”?
Самая пранізлівая сцэна спектакля — Танька прымярае цёплую шубку Жанкі, якая знайшла сабе кавалера збоку (Ібрагіма з Эфіопіі), а яна, цяжарная не вядома ад каго, жыве ў падвале, прымярае гэтую шубку.
— Такая цёплая, такая прыгожая! Я б нават не насіла яе, а так бы разгарнула і спала б у ёй! Пачакай, дай мне хоць пяць хвілін пахадзіць у ёй. Дарэчы, каго ты знайшла? — пытаецца ў Жанкі.
— Ібрагіма.
— Каго?
— Ён з Эфіопіі.
— Негр?
— Не зусім.
— Чорны? Ты звар’яцела?
— Ён вельмі добры чалавек. Вось шубу купіў.
— Што ты з сабой зрабіла? Ты ў Афрыку з ім паедзеш? Там жа ад голаду ўсе паміраюць! Тут ён табе шубу купіў, а там ён цябе за мільён прадасць якому-небудзь цару! Ты ж такая ў нас беленькая, прыгожанькая…
— Ану шубу аддай.
Танька аддала шубу, так і не сагрэўшыся ў ёй.
Яна памерла праз некалькі дзён. У 16 гадоў. А Жанка з Ібрагімам з’ехала ў Эфіопію. Колькі яна пражыла там — невядома.
Астыўшы пасля ўсіх эмоцый, мы размаўляем з Вадзімам Сяргеевічам Азаравым.
— Я — прафесійны акцёр. Скончыў тэатральнае вучылішча ў Магілёве і нашу акадэмію… Выкладаў у магілёўскім вучылішчы, працаваў у Магілёве ў тэатры лялек, а цяпер вось — у школе № 136.
— Вы самі пішаце п’есы… Не хапае п’ес?
— Не хапае. Часам чытаеш сучасныя п’есы і думаеш: “Чым думаў драматург, калі нават не напружыўся, каб даць імёны сваім героям? Напісаў: “Ікс, Ікс, Ігрык…” Так нельга. Асабліва калі гэта п’есы для дзяцей і падлеткаў.
— Для вас дзеці — гэта найперш дзеці ці прафесійныя акцёры?
— Хутчэй, другое. У мяне з імі стасункі як з прафесійнымі акцёрамі. Методыка выкладання тэатральнага мастацтва не шкадуе ні дарослага 19-гадовага студэнта, ні 15-гадовага дзесяцікласніка. Можа, толькі метады крыху розныя… Але ўстаноўкі, задачы адны і тыя ж… А ў рабоце з дзецьмі дадаецца яшчэ адзін прынцыповы момант: калі ты будзеш з імі хітрыць, нейкім чынам падманваць іх, яны проста табе не павераць. Дзеці — самыя шчырыя твае крытыкі. Можа, якіх пяць хвілін патрымаюцца за карцінку і забудуць назаўсёды, як быццам гэтай карцінкі ніколі не было. З дзецьмі нельга халтурыць. Гэтаму мяне навучыла работа ў тэатры лялек у Магілёве…
— Якую галоўную мэту вы вызначылі для сябе ў рабоце з дзецьмі?
— Галоўнае — зацікавіць іх. А тэмы могуць быць вельмі розныя… Мы рабілі спектакль пра анкалагічна хворых дзяцей, мы рабілі Купалаўскую “Адвечную песню”… А гэта, ведаеце, не так і лёгка — з падлеткамі паставіць “Адвечную песню”. Гэта паэзія… Я 5 гадоў насіў у сабе задуму паставіць “Адвечную песню”. Прыйшоў аднойчы ў клас. Прачытаў яе. Пытаюся: “Ну што, будзем ставіць?” А яны глядзяць на мяне вылупленымі вачыма: “Гэта?” Я тады ім кажу: “Я выйду на хвілінак дзесяць. А вы за гэты час падумайце”. Пахадзіў туды-сюды ля школы. Вяртаюся — і стаў пад дзвярыма, каб паслухаць іх дыскусію. Думаў: “А можа, іх адверне сама беларуская мова?” А там — цішыня. Магільная цішыня: яны чыталі Купалу. Уваходжу, нарэшце, у кабінет: “Ну што, не бяром? Не ўвайшло?” А яны ўсе разам мне: “Бяром!” І ўжо нават ролі паміж сабой размеркавалі…
— Вадзім Сяргеевіч, вы спецыяльна ставіце менавіта драмы, а не камедыі, не трагіфарсы?
— Я думаю, так. Я быў выхаваны на драмах. Нават, калі вучыўся ў акадэміі, выкладчыкі часам казалі: “А сыграй ты коміка нарэшце!” Я адказваў: “Не! Мне патрэбна трагедыя”.
— Як маглі б вызначыць жанр сваёй апошняй пастаноўкі “Скруха”?
— Дык ён і пазначаны пад назвай “Рэквіем па страчаных душах.
— Вадзім Сяргеевіч, вы доўгі час працавалі з прафесійнымі тэатрамі, а цяпер вось — з дзецьмі, у школе. Вам не было шкада пакідаць прафесійную сцэну?
— Абсалютна не. Я там нічога не забыў. Затое тут, у школе, знайшоў.
Думаў, як назваць гэты тэкст. Спачатку прыдумалася проста: “Скруха” (“Сокрушение”). Але, калі ўбачыў пры асветленай рампе прасветленыя твары школьнікаў-акцёраў, па-дзіцячы радасны твар рэжысёра Вадзіма Азарава, калі падумаў пра тое, што на працягу дзвюх гадзін спектакля не загучаў ніводны мабільнік у зале, зразумеў: ёсць не толькі скруха. Але і радасць.
Скруха і радасць.
З тым і жывём вечна.
Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.
* Дырэктар 136-й мінскай сярэдняй школы Алена Малашкевіч: “Тэатральная творчасць у нашай школе — гэта не проста нейкая функцыя. Гэта адна з галоўных ідэй нашай школы. Мы не кідаемся за нейкімі моднымі ідэямі. Мы ідзём за патрэбамі нашай душы. А яна, гэтая душа, была, ёсць і будзе. Ніколі не забудзецца спектакль пра анкалагічна хворае дзіця, які паставіў Вадзім Сяргеевіч. Яно памірае там. Але нашы дзеці пасля прагляду неаднойчы ездзілі ў анкалагічны цэнтр у Бараўлянах… Глядзелі на хворых жывых дзяцей. І тыя потым не паміралі, а ачуньвалі”.
* Тэатр 136-й мінскай сярэдняй школы нядаўна абараніў званне “народны”.





