Да 31 ліпеня “Майстэрня сацыяльнага кіно” прымае заяўкі на ўдзел у бясплатным курсе дакументальнага кіно для моладзі ад 18 гадоў з інваліднасцю і без. Курс з’яўляецца часткай адукацыйнага праекта #ART_INCLUSION, скіраванага на стварэнне сацыяльных фільмаў і відэаролікаў, прысвечаных інклюзіі.
Курс будзе доўжыцца з верасня па сакавік. Разам з вядомымі беларускімі рэжысёрамі Віктарам Аслюком і Вольгай Дашук удзельнікі даследуюць кінадраматургію, даведаюцца сакрэты ўдалай рэжысёрскай стратэгіі і работы з акцёрамі. Таксама іх чакаюць заняткі па аператарскім майстэрстве, гукарэжысуры і мантажы.
— У заяўцы ёсць пункт “Дадатковыя ўмовы”, дзе кожны пазначае, што яму неабходна для паўнацэннага ўдзелу ў курсе, таму мы загадзя ведаем, як стварыць камфортнае асяроддзе для навучання, — тлумачыць каардынатар праекта Канстанцін Варабей. — Вучням забяспечаць пераклад на мову жэстаў і субцітры да ўсіх відэаматэрыялаў, а самі заняткі будуць праходзіць у безбар’ерным асяроддзі. Ды галоўнае ў інклюзіўнай адукацыі — гэта гібкасць і хуткасць рэагавання, таму перад пачаткам пройдуць кансультацыі для выкладчыкаў.
Адрозненняў ад звычайнай адукацыйнай праграмы ў курсе амаль няма. Арганізатары стараюцца набіраць групы такім чынам, каб ва ўдзельнікаў былі розныя інтарэсы і перавагі. Гэта дасць ім магчымасць узбагаціць адзін аднаго новымі поглядамі і ідэямі.
Акрамя заняткаў па дакументальным кіно, у рамках праекта #ART_INCLUSION пройдуць воркшоп па стварэнні кантэнту для YouTube ад спікераў з Польшчы, інтэнсівы па стварэнні рэкламы і кароткі курс па рэкламным крэатыве. Рэгістрацыя на іх адкрыецца пазней.
Запланаваныя і мерапрыемствы для малодшай аўдыторыі ў рэгіёнах. Арганізатары выберуць некалькі школ з класамі, у якіх разам займаюцца дзеці з інваліднасцю і без. Там правядуць творчыя заняткі, скіраваныя на тое, каб з дзяцінства сціраць бар’еры і развіваць інклюзію. Школьнікам раскажуць пра акцёрскае майстэрства, фотамастацтва, работу з гукам, а таксама тэхналогію stop-motion. Прапанаваць сваю школу для ўдзелу ў праекце можна да канца лета.
Праект праходзіць пры падтрымцы Праграмы малых грантаў Пасольства ЗША ў Беларусі.
Мар’я ЯНКОВІЧ.





