22 студзеня 1919 года ў газеце “Звязда” была размешчана зусім невялічкая заметка, прысвечаная пачатку дзейнасці Камісарыята замежных спраў ССРБ, але менавіта гэты дзень стаў кропкай адліку найноўшай гісторыі беларускай дыпламатычнай службы. І ў гэты ж самы дзень, толькі праз 100 гадоў, 22 студзеня 2019 года, у Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця выставы і гашэння паштовага блока, прымеркаваная да 100-годдзя беларускага інстытута дыпламатыі.
Адкрываючы мерапрыемства, міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Макей адзначыў важнасць гэтага юбілею і самакаштоўнасць беларускай дыпламатычнай школы, флагманам якой, безумоўна, з’яўляецца факультэт міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пры гэтым, як заўважыў краўнік знешнепалітычнага ведамства, беларуская дыпламатычная навука не стаіць на месцы, а з кожным годам удасканальваецца, адаптуецца да сучасных умоў і ў тэорыі, і ў практыцы. Нязменнымі ж і галоўнымі задачамі дыпламатаў застаюцца выкананне стратэгічных установак кіраўніцтва дзяржавы, прыняцце правільных рашэнняў, часам жорсткіх, а часам хай і кампрамісных, але толькі ў імя дзяржаўных інтарэсаў.
Своеасаблівы летапіс знешнепалітычнай актыўнасці нашай краіны на працягу апошняга стагоддзя якраз і прадстаўлены на выставе ў Нацыянальным гістарычным музеі ў шматлікіх фотаздымках і дакументах са збораў НГМ, Цэнтра гісторыі Міністэрства замежных спраў і беларускай дыпламатычнай службы, Беларускага тэлеграфнага агенцтва, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь і Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотадакументаў. Прыцягваюць увагу ў экспазіцыі стылізаванае рабочае месца супрацоўніка знешнепалітычнага ведамства, асабістыя рэчы беларускіх дыпламатаў, імёны якіх увайшлі ў гісторыю нашай краіны (візітоўкі, працоўныя кніжкі, службовыя пашпарты, нагрудныя знакі). А, напэўна, асаблівую цікавасць у наведвальнікаў будуць выклікаць унікальныя фота з месца канкрэтных падзей на дыпламатычным фронце: падпісання дэлегацыяй БССР Статута ААН на Устаноўчай канферэнцыі ў Сан-Францыска ў чэрвені 1945 года, удзелу беларускай дэлегацыі на Парыжскай мірнай канферэнцыі ў зале Люксембургскага палаца ў 1946 годзе, сустрэч Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Украіны Леанідам Кучмам (у Кіеве ў сакавіку 1999 года), Прэзідэнтам Францыі Жакам Шыракам (у Парыжы ў ліпені 1996 года), Старшынёй Кітайскай Народнай Рэспублікі Цзян Цзэмінем (у Пекіне ў красавіку 2001 года), удзелу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ў міжнароднай канферэнцыі “Суіснаванне народаў і добрасуседскія адносіны — гарантыя бяспекі і стабільнасці ў Еўропе” ў Вільнюсе ў верасні 1997 года, візіту ў Мінск кубінскага лідара Фідэля Кастра (у 1972 годзе), амерыканскіх прэзідэнтаў Рычарда Ніксана ў 1974 годзе і Біла Клінтана ў 1993 годзе і інш. І што адметна — амаль на ўсіх фота, нават пазначаных суровымі 40-мі ці турботнымі 90-мі, мы бачым усмешлівыя твары тых людзей, якія рабілі і працягваюць рабіць вялікую палітыку ў тым ліку па дыпламатычных каналах. Невыпадкова кажуць, што ў арсенале дыпламата нароўні з вытрымкай, ведамі і досведам ёсць і такая зброя, як усмешка…
Дарэчы, падчас гашэння паштовага блока, прысвечанага 100-годдзю беларускай дыпламатычнай службы, міністр замежных спраў Уладзімір Макей і міністр сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган таксама ўсміхаліся.
Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.