Паўднёва-ўсходнія раёны Магілёўскай вобласці павінны прыносіць аддачу. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у Касцюковічах на нарадзе аб развіцці гэтага рэгіёна.
“Яабсалютна перакананы, што настаў час атрымаць аддачу ад гэтых раёнаў. Яны не павінны сябе адчуваць ізгоямі, і народ тут павінен жыць дастойна і ганарыцца тым, што жыве ў Слаўгарадзе, Касцюковічах або ў Хоцімску. Сутнасць моманту ў тым, што жым будзе такі, што ў некаторых вочы на лоб палезуць, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — І па форме, і па змесце сённяшняга дня лічыце, што гэта гістарычны момант для гэтага рэгіёна. Мы ведаем, што тут трэба зрабіць. І, як гаворыць губернатар, мы ведаем, што мы гэта зробім. Хто не ўмее — навучым, хто не хоча — прымусім. Іншага не дадзена”.
Прэзідэнт падкрэсліў, што гэты рэгіён павінен кожны год дэманстраваць дынаміку росту. “Хочаце малы, сярэдні бізнес, індывідуальных прадпрымальнікаў — калі ласка, займайцеся. Але запомніце: патрэбны моцныя прадпрыемствы, якія могуць працаваць доўга, на прадукцыю якіх ёсць попыт на рынку. Гэта ўпэўненасць людзей”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён перакананы, што найбольшую аддачу для краіны прыносяць менавіта вялікія прадпрыемствы.
У прыклад прэзідэнт прывёў фарэлевую гаспадарку “Лахва”, якую наведаў у час рабочай паездкі ў Касцюковіцкі раён. Прадпрыемства працуе з добрай аддачай, у яго ёсць магчымасці для пашырэння вытворчасці, а рыбная прадукцыя запатрабавана як на ўнутраным, так і знешніх рынках. “І вось на гэта трэба звяртаць увагу. Ніякія малыя, сярэднія нам шчасця не прынясуць — гэта для таго, каб заняць людзей, даць ім магчымасць працаваць, — адзначыў ён. — Стварайце і падтрымлівайце вялікія прадпрыемствы: прыватныя і дзяржаўныя, у кааперацыі — дзе хочаце. Але каб мы разумелі, што гэта назаўсёды”.
Вяртаючыся да падзей чатырохгадовай даўнасці, калі былі прыняты праграма і ўказ аб развіцці паўднёва-ўсходніх раёнаў Магілёўскай вобласці, Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што тады сумняваўся, наколькі правільна і своечасова прымаюцца рашэнні. “Шчыра кажучы, тады я не быў абсалютна перакананы, што мы павінны пачаць глабальна вырашаць праблемы гэтага рэгіёна. Але я зыходзіў з таго, што нам усё роўна гэты рэгіён неабходна будзе калі-небудзь падцягваць да адпаведнага ўзроўню”, — сказаў прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы прапанаваў тады заняцца рэгіёнам і распрацаваць праграму па яго развіцці. Дадаткова да яе быў падпісаны ўказ, які прадастаўляў шэраг ільгот. “Будучы не зусім перакананым у тым, што трэба ўзмоцнена інтэнсіфікаваць выкананне гэтай праграмы, я на вас не націскаў: хочаце — давайце будзем рабіць, я вам дапамагаю, зразумела, буду патрабаваць”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Сёння ж, пасля таго як кіраўніцтва вобласці цалкам акунулася ў існуючыя праблемы, прэзідэнт перакананы ў неабходнасці хутчэйшага развіцця паўднёва-ўсходніх раёнаў.
У сувязі з гэтым ён даручыў актуалізаваць існуючую праграму. Прычым не адкладваць гэтую работу, а брацца за яе з сённяшняга дня. У праграме, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, трэба дакладна і падрабязна распісаць усе праекты: ад арганізацыі вытворчасці і прыцягнення спецыялістаў — да будаўніцтва сацыяльнай інфраструктуры. “Вось гэта будзе размова. І не патрэбны мне вашы незразумелыя на пяцьсот або тысячу старонак опусы, якія вы напішыце і зноў не выканаеце, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Размовы і вывучэнні закончаны. Актуалізуйце праграму — і на стол мне: што дзе вы вырабіце, падвялі рысу — гэта дасць прырост мяса, малака, прамысловасць, паслугі, дарогі, школы, дзіцячыя сады і іншае. Павінна быць адкрытая падкантрольная праграма, а не распісаная тэорыя на шмат старонак”.
Рэагуючы на даклад губернатара Магілёўскай вобласці Леаніда Зайца, які агучыў шэраг просьб па падтрымцы і льгатаванні, у тым ліку ў жыллёвым будаўніцтве, Аляксандр Лукашэнка сказаў: “Вы тут выклалі свае патрабаванні па ўсёй вобласці як новы губернатар, але мы ў гэтым выпадку разглядаем сем раёнаў. Вось вы гаворыце наконт жылля — трэба гэта зрабіць, і ўсё — ракой пацячэ сюды народ. А колькі ў вас такіх людзей, якім патрэбна жыллё, і яны заўтра застануцца і будуць працаваць? Перш чым прасіць нешта, трэба бачыць гэтых людзей. Нічога агулам нават вам як маладому губернатару ніхто рабіць не будзе”.
У якасці прыкладу кіраўнік дзяржавы прывёў недапрацоўкі ў сельскай гаспадарцы па паўднёвым усходзе Магілёўскай вобласці. “Вось скажыце, з каго цяпер спытаем?” — паставіў пытанне беларускі лідар.
У частцы падтрымкі вырашэння жыллёвага пытання Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным у першую чаргу арыентавацца на стварэнне вытворчых магутнасцей і працоўных месцаў. “Як было ў савецкія часы: будуецца завод — будуецца жыллё. Зразумела, не ўсім. Спецыялістам, а астатніх набіралі. Мы гатовы падтрымаць (гэта ўсюды па краіне, не толькі тут). Ёсць аб’ект, які будзе выдаваць прадукцыю, зарабляць грошы, ёсць людзі — ім трэба дапамагаць”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
“Будзем падтрымліваць і вас. І перш за ўсё вас, вы няпростую вобласць прынялі. Але майце на ўвазе, што без напружання, пачынаючы ад кіраўніка прадпрыемства і заканчваючы губернатарам, мы не вырашым гэтыя пытанні. Усё павінна быць падлічана і паказана”, — падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка растлумачыў падыход і на прыкладзе горада Касцюковічы: “Добры горад. Я не ведаю, як вы тут працуеце на зямлі, але, што тычыцца прамысловасці, улічваючы, што нарэшце цэментны завод завяршыўся, гэта нядрэнны горад. Шчыра кажучы, я не бачу (тут неабходнасці. — Заўвага БелТА.) у вельмі вялікім ільгатаванні”.
Прэзідэнт звярнуў увагу на важнасць дысцыпліны, як працоўнай, так і тэхналагічнай. “Не будзе дысцыпліны — усё гэта будзе пустое. Вы гаворыце, што тэхніку закупілі — 50 камбайнаў. А вы захаваць гэтую тэхніку зможаце?” — паставіў пытанне кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў кіраўніцтве Магілёўскай вобласці найбольш дасведчаныя спецыялісты ў сельскай гаспадарцы. “Тэхналагічна больш дасведчаных у краіне людзей няма. Вы ведаеце, што рабіць. І трэба ў гэтым напрамку рухацца. Распыляць сродкі мы не будзем. Вы самі шукайце гэтыя сродкі, а мы гатовы вам падставіць плячо пад канкрэтныя аб’екты”, — сказаў прэзідэнт.
Леанід Заяц, гаворачы ў цэлым аб праграме развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці, выказаў меркаванне, што яна дзейсная. “За гэты час (2015 год — I паўгоддзе 2019 года. — Заўвага БелТА.) мы ўклалі Br770 млн у развіццё эканомікі і сацыяльнай сферы гэтага рэгіёна, створаны 193 новыя камерцыйныя арганізацыі. І самае галоўнае, што мы не дапусцілі масавага адтоку людзей. Мы працаўладкавалі на гэтай тэрыторыі практычна 20 тысяч людзей. І пры гэтым знізіўся ўзровень датацыйнасці паўднёва-ўсходняга рэгіёна”, — сказаў ён.
Губернатар папрасіў прадоўжыць дзеянне ўказа № 235 да 2025 года.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на заканчэнне рабочай паездкі ў Касцюковіцкі раён, дзе разглядаліся перспектывы далейшага развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці, паразмаўляў з жыхарамі райцэнтра.
Асаблівы акцэнт кіраўнік дзяржавы зрабіў на адказнасці кожнага паасобку за будучыню свайго горада і раёна. Дзяржава ў сваю чаргу будзе аказваць падтрымку, але толькі там, дзе гэта сапраўды неабходна. “Усё залежыць ад нас. Цяпер так шалёна арганізавана жыццё — ляціць, як кур’ерскі поезд і самалёт, як толькі ты адстаў — цябе затапталі, і ніхто не паглядзіць, і мы застанемся ў хвасце. Нельга гэтага дапусціць. Пакуль у нас ёсць усё для таго, каб жыць дастойна. Будзеце працаваць — і я, і ўрад — усе, хто ёсць у краіне, падставім плячо. Калі вы захочаце, — заявіў беларускі лідар. — Я ўпэўнены, што пераважная большасць людзей як у Касцюковічах, так і ў іншых раёнах — гэта людзі, якія хочуць жыць, гадаваць дзяцей”.
“Нельга загубіць гэтую тэрыторыю”, — падкрэсліў прэзідэнт.
Жыхары Касцюковіч сустракалі кіраўніка дзяржавы каля райвыканкама, дзе праходзіла нарада па развіцці ўсяго паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці. Нехта з людзей прасіў звярнуць увагу на рэгіён і дапамагчы, нехта выказваў удзячнасць за ўжо зробленае за апошнія гады, іншыя звярталіся з асабістымі просьбамі. Адна з жанчын нават падарыла кіраўніку дзяржавы напісаныя ёй кнігі.
Аляксандр Лукашэнка даручыў па абазначаных пытаннях дэталёва разабрацца і далажыць яму аб выніках, але ў самым пачатку падрабязна расказаў аб прычынах прыезду. “Чатыры гады назад было маё даручэнне паўднёва-ўсходні рэгіён Магілёўскай вобласці давесці да добрага ўзроўню. Мінула чатыры гады. Я хацеў асабіста паглядзець, як выконваецца праграма”, — растлумачыў ён.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, прамежкавы кантроль паказвае, што пакуль праграма рэалізуецца дрэнна. “Пачынаецца сур’ёзны жым па выкананні гэтай праграмы. Мы яе актуалізуем, вызначымся, што трэба пабудаваць у гэтых сямі раёнах, каб людзі працавалі, мелі дастойную зарплату, хаця б на ўзроўні сярэдняй па краіне — у памеры Br1 тысячы”, — сказаў прэзідэнт.
Увага будзе ўдзелена і вырашэнню жыллёвых пытанняў, але ў першую чаргу ў прывязцы да стварэння працоўных месцаў, развіцця вытворчасцей, як вынік — сацыяльнай сферы — ахова здароўя, дзіцячыя сады і г. д.
“Мы дамовіліся. І зрухі будуць ужо ў бягучым і наступным гадах. Думаю, вы іх убачыце”, — заявіў беларускі лідар.
Нараўне з гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тыя пытанні, якія залежаць выключна ад саміх людзей, у прыватнасці, пытанні дысцыпліны, выканання закону. “Расхлябанасць насельніцтва надзвычайная. Не хачу сказаць, што ўсе дрэнныя. Але крадзяжы працвітаюць. Мне нават сорамна як прэзідэнту аб гэтым гаварыць. Прытым крадуць усё, пачынаючы ад дызельнага паліва і бензіну. Нядаўна выявілі: адразу з поля збожжа вязуць дадому. Сталі нахабнымі да такой ступені, што нават не хаваюцца. Бяруць, як сваё. Вось гэта мы павыкарчоўваем з коранем”, — запэўніў прэзідэнт.
“Не будзе дысцыпліны, арганізаванасці — мы ніводную праблему не вырашым. Калі вы хочаце, каб было лепш тут, а тут павінна быць лепш (у вас цудоўнае месца для жыцця)… Выдатныя працавітыя людзі! Трэба даць магчымасць працаваць і зарабляць. А тых, хто перашкаджае, мы да прытомнасці прывядзём”, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.