Хто запатрабаваны ў сталіцы, або Арыенцір для тых, хто выбірае прафесію

- 6:02Наша пошта

Як паведамілі ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама, пералік найбольш запатрабаваных прафесій у апошнія гады мала мяняецца. У асноўным у дэфіцыце — рабочыя кадры.

— На сёння ў банку вакантных працоўных месцаў сталіцы больш за 20 тысяч вакансій, з іх 75—80% — менавіта для рабочых, — расказала Галіна Кулакоўская, намеснік начальніка аддзела рынка працы і арганізацыі новых працоўных месцаў.

Паводле яе слоў, па-ранейшаму вельмі запатрабаваны рабочыя ў будаўнічай сферы (муляры, маляры, бетоншчыкі, тынкоўшчыкі, слесары-сантэхнікі, падсобныя рабочыя), попыт на іх нават вырас за апошнія год-два. Вельмі востры дэфіцыт рабочых у розных галінах прамысловасці. Шмат работнікаў патрабуецца таксама ў сферы гандлю і грамадскага харчавання (прадаўцоў, афіцыянтаў, кухараў і інш.).

Калі прыводзіць прыклады далей, то ў горадзе неабходны вадзіцелі, грузчыкі, дарожныя рабочыя, рабочыя зялёнага будаўніцтва, кандуктары, кантралёры-касіры, слесары, сталяры, санітары, швеі, электраманцёры. Са спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй можна назваць выхавальнікаў, урачоў розных спецыяльнасцей, настаўнікаў, кіраўнікоў сярэдняга звяна.

Штомесяц у камітэт па працы падаюць інфармацыю аб вакансіях 1400—1600 наймальнікаў. Для іх зварот у гарадскую службу занятасці — зручны і аператыўны спосаб праінфарма­ваць саіскальнікаў аб вакансіях. База вакантных працоўных месцаў абнаўляецца кожны дзень і даступная для насельніцтва ў тэрытарыяльных аддзелах працаўладкавання ўпраўлення занятасці, а таксама на сайце Мінгарвыканкама.

Г.Ю.Кулакоўская падкрэслівае, што, паводле Закона “Аб занятасці насельніцтва”, любы работадавец, які самастойна не ўкамплектаваў наяўныя вакансіі на працягу двух тыдняў, абавязаны заявіць аб іх у службу занятасці.

Колькасць наймальнікаў у апошні час дастаткова стабільная, затое сярод рабочых назіраецца даволі актыўная міграцыя, якая, у сваю чаргу, бясконца правакуе дэфіцыт кадраў на прадпрыемствах і вымушае работадаўцаў зноў і зноў звяртацца ў службу занятасці. Чым растлумачыць высокую цяку­часць кадраў?

— У той жа будаўнічай сферы сёння ёсць работа на аб’екце, заўтра — няма, і людзі пачынаюць шукаць работу ў іншых месцах, магчыма, за межамі краіны, — разважае Галіна Кулакоўская.

Першачарговым крытэрыем, які вызначае задаволе­насць ці незадаволенасць працоўным месцам, Галіна Юр’еўна лі­чыць заработную плату. Тым не менш сёння саіскальнікі часта аддаюць перавагу вакансіям з умераным заробкам, калі наймальнік прадастаўляе пакет сацыяльных гарантый (пражыванне ў інтэрнаце, бясплатныя дадатковыя паслугі і інш.).

Ацэньваючы заробак па вакансіях, трэба ўлічваць і тое, што работадавец указвае сярэднюю велічыню, а плаціць звычайна дыферэнцавана — у залежнасці ад вопыту работы, разраду, адным словам, “багажу” работніка. Напрыклад, заробак муляра можа вагацца ад 2 да 6 мільёнаў.

Камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама не толькі інфармуе насельніцтва аб вакансіях, але і арганізоўвае перападрыхтоўку па самых дэфіцытных прафесіях. Каля 15% беспрацоўных навучаюцца для працы ў будаўнічай сферы, 10% — для транспартнай галіны, 43% атрым­ліваюць спецыяльнасці для сферы гандлю і грамадскага харчавання. У гэтым годзе з камітэтам супрацоўнічаюць 15 навучальных устаноў, якія прадастаўляюць сваю базу.

У сувязі з апошнімі запытамі буйных прамысловых прад­прыемстваў, якія мадэрнізуюць вытворчасці, арганізоўваецца падрыхтоўка высокакваліфікаваных рабочых, здольных экс­плуатаваць і абслугоўваць складанае тэхналагічнае абсталяванне з праграмным кіраваннем. Яшчэ адзін сучасны напрамак — падрыхтоўка аўтамеханікаў, якія займаюцца электронікай і электрыкай аўтамабіляў. Гэта вельмі высокааплатная і запатрабаваная прафесія.

Што да характарыстык беспрацоўных, то крыху менш за палову з іх (48—49%) — жанчыны. Іх сярэдні ўзрост — 32—33 гады. Сярод мужчын шмат беспрацоўных ва ўзросце ад 50 гадоў. Жаночае беспрацоўе можна звязаць, напрыклад, з тым, што да 30 гадоў маці выхоўваюць дзяцей і мала ўвагі ўдзяляюць прафесіі і кар’еры, а мужчын пасля 50 гадоў выціскаюць з рынка працы больш маладыя канкурэнты.

— Не трэба баяцца статусу беспрацоўнага, у гэтым няма нічога саромнага. Страціць работу могуць і спецыялісты самага высокага ўзроўню — па розных прычынах. А шукаць новае месца часам лепш з дапамогай спецыялістаў, — гаворыць Галіна Кулакоўская.

Сярод зарэгістраваных у службе занятасці пераважаюць людзі з вышэйшай адукацыяй. Вялікую частку беспрацоўных складае таксама моладзь з агульнай сярэдняй адукацыяй.

Лепш на біржу працы ўсё ж такі не трапляць, а займацца любімай і, пажадана, грашовай справай. Наш сённяшні эксперт рэкамендуе абітурыентам разглядаць не тыя спецыяльнасці, якія модныя, а якія па-сапраўднаму запатрабаваны ў рэальным сектары. Прадпрыемствы зараз пачынаюць усё больш выкарыстоўваць высокатэхналагічнае абсталяванне, таму ўмовы працы рабочых могуць быць вельмі камфортнымі. А калі дабавіць сюды дастойны заробак і сацыяльны пакет… Гэтым трэба карыстацца.

Іна НІКІЦЕНКА.
nikitsenka@ng-press.by