Правазнаўца, эканаміст, будаўнік, але толькі не фізік!

- 9:04Наша пошта

Абітурыенты жадаюць быць правазнаўцамі, эканамістамі і будаўнікамі, але толькі не фізікамі.

У вышэйшых навучальных установах краіны завяршылася ўступная кампанія. Зараз у ВНУ падводзяцца і аналізуюцца яе вынікі. Аб ходзе сёлетняй уступнай кампаніі ў чатырох універсітэтах Брэстчыны нашай газеце расказалі ў прыёмных камісіях.

У найстарэйшай ВНУ вобласці, Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С.Пушкіна, абітурыентам было з чаго выбіраць. 11 факультэтаў прапаноўвалі 50 спецыяльнасцей. Новых сярод іх у параўнанні з мінулым годам не было. На шэрагу існуючых спецыяльнасцей з’явілася толькі скарочаная форма навучання.

Як паведаміла адказны сакратар прыёмнай камісіі БрДУ імя А.С.Пушкіна Святлана Мікалаеўна Ткач, сёлета на дзённую форму навучання за кошт бюджэту залічаны 527 абітурыентаў пры плане 536, на завочную — 146 пры плане 154. Найбольшай папулярнасцю ва ўніверсітэце карысталіся спецыяльнасці “Правазнаўства” — 22 заявы на месца (усяго тры бюджэтныя месцы), “Турызм і гасціннасць” — 5 і “Біяэкалогія” — 5,2.

Найменшыя конкурсы назіраліся на спецыяльнасцях фізічнага факультэта. Так, на спецыяльнасць “Фізіка” конкурс склаў 0,5 заявы на месца. У параўнанні з мінулым годам палепшылася сітуацыя з наборам на філалагічныя спецыяльнасці. Сёлета сярэдні конкурс па іх склаў каля 2 заяў на месца. Разам з тым на спецыяльнасць “Матэматыка” на завочнай форме навучання за кошт бюджэту не было пададзена ніводнай заявы.

С.М.Ткач прызналася, што сёння ва ўніверсітэт прыходзяць менш падрыхтаваныя абітурыенты, чым, скажам, 5 гадоў назад. Тым не менш яўна слабых прэтэндэнтаў на студэнцкі білет сёлета не было. Адна з абітурыентак пры паступленні на факультэт замежных моў прад’явіла ў прыёмную камісію сертыфікаты цэнтралізаванага тэсціравання ў суме 340 балаў.

У Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце праблем з наборам студэнтаў няма. Сёлета на дзённую бюджэтную форму навучання залічаны 488 чалавек, на завочную — 112. План набору цалкам выкананы. Па словах адказнага сакратара прыёмнай камісіі БрДТУ Сяргея Міхайлавіча Семенюка, конкурс на тую ці іншую спецыяльнасць у ВНУ вызначаўся планам набору, у выніку чаго абмежаваная колькасць бюджэтных месцаў выклікала вялікія конкурсы.

Сярэдні конкурс у БрДТУ стабільны на працягу многіх гадоў. Сёлета на бюджэтнай форме навучання ён склаў каля 2,4 заявы на месца. Набор вёўся на 7 факультэтах па 27 спецыяльнасцях. Новыя спецыяльнасці сёлета не адкрываліся.

Істотна павялічыўся інтарэс абітурыентаў да будаўнічых спецыяльнасцей. Моладзь пачала ўлічваць кан’юнктуру рынку працы. Тым не менш з году ў год не зніжаецца цікавасць да эканамічных спецыяльнасцей: “Су­светная эканоміка” — 5 заяў на месца (усяго адно бюджэтнае месца), “Маркетынг” — 4,3 і “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт” — 3,7 (па тры бюджэтныя месцы). Невысокі конкурс з-за вялікага плана набору назіраўся на спецыяльнасць “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва” — 1,3 заявы на месца. Максімальная сума балаў сертыфікатаў цэнтралізаванага тэсціравання, пададзеных у прыёмную камісію, склала 350.

У Палескім дзяржаўным універсітэце, як расказала адказны сакратар прыёмнай камісіі Ларыса Аляксандраўна Лукашык, эканамічныя спецыяльнасці традыцыйна карыстаюцца попытам, улічваючы банкаўскі профіль ВНУ. 70% студэнтаў вучацца за кошт сродкаў Нацыянальнага банка Беларусі. Самымі папулярнымі сярод учарашніх школьнікаў былі спецыяльнасці “Фінансы і крэдыт: банкаўская справа” і “Фінансы і крэдыт: фінансы”, конкурс па якіх склаў 2,8 і 1,5 заявы на месца адпаведна. Найменшы конкурс назіраўся на спецыяльнасць “Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве аграпрамысловага комплексу” — адна заява на месца.

Прахадныя балы на спецыяльнасцях эканамічнага профілю вар’іраваліся ад 240 да 276, а на спецыяльнасцях біялагічнага профілю — ад 210 да 235 балаў.

У ПалДУ набор студэнтаў ажыццяўляўся на чатыры факультэты (банкаўскі, эканамічны, біятэхналагічны і факультэт арганізацыі здаровага ладу жыцця) па 12 спецыяльнасцях. На дзённую бюджэтную форму навучання залічаны 337 чалавек, на завочную — 63.

На працягу некалькіх гадоў самай папулярнай спецыяльнасцю ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце з’яўляецца “Правазнаў­ства” — 10,7 заявы на месца. Эканамічныя спецыяльнасці па-ранейшаму запатрабаваныя ў абітурыентаў (“Маркетынг” — 8 заяў на месца, “Эканоміка і арга­нізацыя вытворчасці” — 3). Добры конкурс склаўся на спецыяльнасцях “Геаэкалогія” — 3,4 заявы на месца, “Пачатковая фізкультура” — 3 і “Замежная мова (англійская). Тэхналогія (абслуговая праца)” — 3,3. Найменшыя конкурсы назіраліся на спецыяльнасцях “Агра­номія” (1,2 заявы на месца) і “Тэхналогія машынабудавання” (1,3).

Прахадныя балы ў залежнасці ад спецыяльнасці вагаліся ад 182 (“Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі”) да 277 (“Правазнаў­ства”). Максімальная сума балаў сертыфікатаў цэнтралізаванага тэсціравання склала 325.

Адказны сакратар прыёмнай камісіі БарДУ Людміла Аляксандраўна Клімашэўская расказала, што набор ва ўніверсітэт вёўся на чатыры факультэты (інжынерны, педагогікі і псіхалогіі, эканомікі і права, славянскіх і германскіх моў) па 27 спецыяльнасцях. На дзённую бюджэтную форму навучання залічаны 426 чалавек, на завочную — 206.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
hryshkevich@ng-press.by