Пасведчанні ўстаноўленага ўзору аб прысваенні кваліфікацыйнага разраду разам з атэстатамі атрымалі выпускнікі школ, якія вучыліся ў базавых класах па праграме прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых) ва ўстановах агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі.
Як паведаміла дырэктар Віцебскага абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра прафесійнай падрыхтоўкі Ганна Стукальцава, адукацыйны працэс па вучэбным прадмеце “Працоўнае навучанне” па розных напрамках прафесійнай падрыхтоўкі ў 10—11 класах, у адпаведнасці з загадам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, быў арганізаваны з 1 верасня 2018 года на базе школ, а таксама ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Галоўная мэта — прафарыентацыя, каб моладзь упэўнілася ў правільнасці выбару будучай спецыяльнасці. Разам з тым, зацверджаны ў дадатку да загада міністэрства пералік прафесій рабочых (служачых) для арганізацыі адукацыйнага працэсу па працоўным навучанні па праграме прафесійнай падрыхтоўкі ў шэрагу выпадкаў прадугледжвае атрыманне яе на ўзроўні, дастатковым для пачатку працоўнай дзейнасці. Такім чынам у юнакоў і дзяўчат, якія паспяхова займаліся і здалі кваліфікацыйны экзамен, ёсць магчымасць прыступіць да работы па выбранай прафесіі. Напрыклад, 20 сёлетнім выпускнікам 11 класа сярэдняй школы № 22 Віцебска па выніках двухгадовай падрыхтоўкі ўрачыста ўручаны пасведчанні прадаўцоў ІV разраду.
— У сэрцах нашых настаўнікаў жыве гордасць за кожнага выпускніка, бо яны выраслі добрымі, дастойнымі людзьмі, — адзначыла падчас выпускнога вечара дырэктар школы Алена Новік. — Але ёсць у нас і яшчэ адна нагода для радасці. Нездарма ў ліку ганаровых гасцей разам з першым намеснікам кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Віцебска Аляксеем Героевым і метадыстам раённага вучэбна-метадычнага кабінета Вольгай Селязнёвай прысутнічаюць начальнік упраўлення рознічнага гандлю і грамадскага харчавання ААТ “Віцебскмясамалпрам” гандлёвай сеткі “Віцебскія прадукты” Ганна Фёдарава і прадстаўнікі Індустрыяльна-педагагічнага каледжа Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта на чале з яго дырэктарам Святланай Лапухіной. Амаль два гады назад мы ў парадку эксперымента заключылі дагавор з гэтым каледжам аб арганізацыі працоўнага навучання старшакласнікаў. Сёння відавочна, што першы вопыт атрымаўся ўдалым і даў выдатны вынік. Нашы выпускнікі цяпер могуць, калі будзе такое жаданне, працаваць у рознічным гандлі (іх, у прыватнасці, чакаюць у гандлёвай сетцы “Віцебскія прадукты”) альбо прайсці профільную падрыхтоўку ў каледжы ці ва ўніверсітэце. Мы працягваем супрацоўніцтва і ўдзячны нашым партнёрам за ўзаемаразуменне і падтрымку.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена сярэдняй школай № 22 Віцебска.