Аб сучасных формах і метадах прафарыентацыйнай работы, якая праводзіцца сёння ў сістэме прафесійнай адукацыі, задачах на найбліжэйшы час расказвае Ю.У.Емяльяненка, начальнік цэнтра навукова-метадычнага забеспячэння выхаваўчай работы ва ўстановах ПТА і ССА Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі.
— Слова “прафарыентацыя” гаворыць само за сябе. Арыентаваць на прафесію нашу моладзь, скіроўваць на свядомы прафесійны выбар, выключаць у ім выпадковасць, дапамагаць усвядомлена выбіраць той прафесійны шлях, які быў бы нашым маладым людзям па душы, па іх схільнасцях і магчымасцях і ў сугуччы з тымі патрабаваннямі, якія прад’яўляе сённяшні рынак працы.
— Так, сапраўды, усе гэтыя мэты выкладзены ў Канцэпцыі развіцця прафесійнай арыентацыі моладзі ў Рэспубліцы Беларусь. З улікам гэтага задачамі гэтага кірунку дзейнасці з’яўляюцца аказанне прафарыентацыйнай падтрымкі маладым людзям у своечасовым і правільным выбары прафесіі, забеспячэнне выпускнікоў устаноў агульнай сярэдняй, спецыяльнай адукацыі неабходнай інфармацыяй пра сённяшні стан і сучасны змест прафесій і далейшы кар’ерны рост, павышэнне прывабнасці прафесіі рабочага сярод навучэнцаў i выпускнікоў устаноў агульнай сярэдняй, спецыяльнай адукацыі, іх бацькоў, педагогаў, фарміраванне інфармацыйнага асяроддзя прафарыентацыі, выпрацоўка гнуткай сістэмы ўзаемадзеяння з сацыяльнымі партнёрамі ў гэтым напрамку.
— Юрый Уладзіміравіч, якія формы прафарыентацыйнай работы сёння найбольш папулярныя?
— У аснове прафарыентацыі знаходзяцца традыцыйныя формы работы, якія прадугледжваюць не толькі інфармацыйны складнік (апісанне той ці іншай прафесіі), але і прадстаўленне патрабаванняў, што прад’яўляюцца да працоўнай дзейнасці. Каб зрабіць гэтую работу найбольш эфектыўнай, неабходна аб’яднанне намаганняў устаноў агульнай сярэдняй, прафесійнай адукацыі і прадпрыемстваў, арганізацый. Сёння недастаткова вербальнай прэзентацыі. Не толькі словам, але і справай трэба ўздзейнічаць на прафесійны выбар маладых людзей, даць ім магчымасць сваімі рукамі “паспрабаваць” прафесію.
Інфармацыйна насычанымі і цікавымі для школьнікаў з’яўляюцца дні адкрытых дзвярэй. Вельмі важна выкарыстоўваць у гэтым напрамку не толькі інфармацыйнае прадстаўленне прафесіі, але і дэманстрацыю магчымасцей навучальнай установы ў навучанні. Для гэтага неабходна прадставіць наведвальнікам вучэбна-матэрыяльную базу, непасрэдна вучэбныя майстэрні, дзе вядзецца прафесійная падрыхтоўка, і даць магчымасць маладым людзям паспрабаваць свае сілы ў розных відах дзейнасці.
У час правядзення дзён адкрытых дзвярэй павінна адбыцца знаёмства навучэнцаў з гісторыяй станаўлення і развіцця навучальнай установы, прадстаўлены формы выхаваўчай работы, магчымасці развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў. Ва ўстановах прафесійнай адукацыі ў мінулым навучальным годзе праведзена 1095 дзён адкрытых дзвярэй, якія наведалі 61 984 навучэнцы школ. Значная частка гэтых мерапрыемстваў была праведзена ў шосты дзень тыдня.
Вельмі папулярнай формай прэзентацыі прафесій з’яўляецца выступленне агітбрыгад, дзе навучэнцы могуць не толькі атрымаць інфармацыю аб прафесійнай дзейнасці, але і праверыць свае творчыя таленты ў пазаўрочны час. Як паказвае практыка, важнай умовай эфектыўнасці такой формы прафарыентацыйнай работы з’яўляецца ўдзел у ёй саміх навучэнцаў. Агітбрыгады могуць арганізоўваць сваю работу з навучэнцамі як на базе сваіх устаноў прафесійнай адукацыі, так і на базе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама ў фармаце флэшмоба. Ва ўстановах прафесійнай адукацыі для правядзення прафагітацыйнай работы ў мінулым навучальным годзе функцыянавала 406 агітбрыгад з ліку навучэнцаў, працавалі 1546 агітацыйных груп, у склад якіх уваходзілі педагогі і навучэнцы.
У рамках прафарыентацыйнай работы праводзяцца экскурсіі на прадпрыемствы і сустрэчы з перадавікамі вытворчасці. Падчас такіх экскурсій школьнікі могуць азнаёміцца з арганізацыяй вытворчасці, паназіраць за вытворчым працэсам, працай рабочых і спецыялістаў. Пры выязных мерапрыемствах з навучэнцамі аддаленых рэгіёнаў мэтазгодна праводзіць віртуальныя экскурсіі ва ўстановы адукацыі або на прадпрыемствы.
Адзначу, што плённая прафарыентацыйная работа магчыма толькі пры фарміраванні станоўчага іміджу ўстановы прафесійнай адукацыі, які ствараецца за кошт новых метадаў кіравання, высокага прафесіяналізму педагогаў, укаранення найноўшых інфармацыйных тэхналогій, метадычнага забеспячэння вучэбнага працэсу і сучаснай матэрыяльна-тэхнічнай базы. Прафарыентацыйны эфект залежыць таксама ад своечасовасці прафарыентацыйнай работы, яе мэтанакіраванасці і аптымальнасці форм і метадаў.
Для аказання дапамогі моладзі ў прафесійным самавызначэнні вядзецца пастаянны пошук найбольш эфектыўных форм і метадаў прафарыентацыйнай работы. У сувязі з гэтым пытанне метадычнага забеспячэння прафарыентацыі набывае асаблівую актуальнасць.
У гэтым годзе Рэспубліканскім інстытутам прафесійнай адукацыі выдадзены зборнік метадычных матэрыялаў “Сучасныя падыходы да арганізацыі прафарыентацыйнай работы ва ўстановах прафесійнай адукацыі”(аўтары — супрацоўнікі інстытута М.А.Санкевіч, К.М.Пастушкова і інш., пад рэдакцыяй прарэктара РІПА, доктара псіхалагічных навук, прафесара А.С.Паповай).
Выданне заклікана аказаць метадычную дапамогу педагогам устаноў прафесійнай адукацыі пры планаванні і арганізацыі прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі. На старонках зборніка разглядаюцца сучасныя падыходы да арганізацыі і вядзення прафарыентацыйнай работы ва ўстановах агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі, прадстаўлены эфектыўны вопыт сістэмнай прафарыентацыйнай дзейнасці, утрымліваюцца практыка-арыентаваныя матэрыялы для суправаджэння прафесійнага самавызначэння навучэнцаў.
— Раскажыце, калі ласка, якія інтэрактыўныя формы сёння ўключаны ў прафарыентацыйную работу?
— Уключэнне інтэрактыўных форм у прафарыентацыйную работу дазваляе задзейнічаць не толькі свядомасць патэнцыяльных навучэнцаў, але і іх пачуцці, эмоцыі, валявыя якасці. У выніку гэта дае ім магчымасць атрымаць найбольш аб’ектыўную інфармацыю аб прафесіі і зрабіць правільны, усвядомлены выбар. Улічваючы гэта, у прафарыентацыйнай рабоце вельмі эфектыўнымі з’яўляюцца такія формы прафарыентацыі, як прафесійныя пробы, майстар-класы, прафарыентацыйныя квесты, гульні, трэнінгі, флэш-мобы, прома-акцыі, прома-батлы, эстафеты меркаванняў, ток-шоу, творчыя лабараторыі, конкурсы, фестывалі і інш.
У мінулым навучальным годзе выкарыстоўваліся разнастайныя формы прафарыентацыйных мерапрыемстваў, у тым ліку і інтэрактыўныя. Хацелася б прывесці шэраг прыкладаў цікавай работы, якая праводзіцца ў нашых установах. Сярод іх прафарыентацыйныя пляцоўкі “У свеце сучасных зварачных тэхналогій” у Белаазёрскім ПТК электратэхнікі, “Такія розныя прафесіі палітэха” ў Кобрынскім політэхнічным каледжы. Конкурсы і фестывалі прафесійнага майстэрства “Фестываль прафесій”, “Электрамэн-2020”, кулінарныя шоу “Дранікі-шоу”, “Дзень судака” набылі папулярнасць у Вілейскім дзяржаўным каледжы. Віктарыны “У свет прафесій па компасе” (Пінскі аграрны тэхналагічны каледж), “Выпускнік-2020 — гэта твой выбар!” (Пінскі прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці), “У свеце сучасных прафесій” (Белаазёрскі прафесійна-тэхнічны каледж электратэхнікі) прыцягнулі ўвагу шматлікіх навучэнцаў і прыйшліся ім даспадобы.
Майстар-класы па прафесіях перапрацоўчай прамысловасці, аграноміі, лагістыкі, па зварачных і такарных работах, па прафесіях слесара, электрыка, кухара, цырульніка, кандытара, прадаўца прайшлі ва ўсіх профільных установах прафесійнай адукацыі і мелі поспех сярод моладзі.
Прафарыентацыйныя квесты з поспехам прайшлі ў многіх установах прафесійнай адукацыі. Сярод іх “Дарога ў краіну прафесій” (Рагачоўскі прафесійна-тэхнічны каледж будаўнікоў); “Таваразнаўчы квест” (Мінскі прафесійна-тэхнічны каледж гандлю), “У пошуках прафесіі” (Віцебскі прафесійнатэхнічны каледж лёгкай прамысловасці), “Зрабі правільны выбар” (Лоеўскі педагагічны каледж) ; “Падарожжа ў Горад майстроў” (Кобрынскі політэхнічны каледж); “Хай тваім выбарам стане наш ліцэй!” (Брэсцкі прафесійны ліцэй чыгуначнага транспарту). Прафарыентацыйныя праекты “Клічу ў прафесію заатэхніка”, “Хачу расказаць аб прафесіі …”, “Дзе вучаць Айбалітаў?” прайшлі ў Рэчыцкім аграрным каледжы. Акрамя таго, сталі папулярнымі агітацыйныя акцыі, прафматывацыі, велапрабегі, алімпіяды прафесійнага майстэрства, прома-акцыі. З мэтай прафарыентацыі педагогі і навучэнцы ўстаноў прафесійнай адукацыі рэгулярна наведваюць установы агульнай сярэдняй адукацыі, дзе праводзяць мерапрыемствы, а таксама выступаюць на бацькоўскіх сходах. У мінулым навучальным годзе ва ўстановах ПТА адбыліся 3842 выезды ў школы, а ва ўстановах ССА — 3587.
— Юрый Уладзіміравіч, як у правядзенні прафарыентацыйнай работы сёння задзейнічана інтэрнэт-прастора?
— Немалаважным у прафарыентацыйнай рабоце з’яўляецца форміраванне інфармацыйнага асяроддзя прафарыентацыі, мэтай якога выступае пашырэнне інфармаванасці навучэнцаў, бацькоў аб сучасных прафесіях, запатрабаваных на рынку працы, павышэнне прывабнасці прафесійнай адукацыі. Інфармацыйнае напаўненне інтэрнэт-сайта ўстаноў прафесійнай адукацыі павінна быць скіравана на актывізацыю працэсу прафесійнага самавызначэння навучэнца, фарміраванне ў яго імкнення да свядомага выбару прафесіі і далейшага выбудоўвання прафесійнай кар’еры. Выкарыстанне рэсурсаў інтэрнэт-прасторы дазваляе ажыццяўляць прафарыентацыю ў сацыяльных сетках, і гэта дае магчымасць навучэнцам з аддаленых рэгіёнаў атрымліваць вычарпальную кансультацыю спецыялістаў, а таксама поўную інфармацыю пра прадстаўленыя ва ўстановах прафесійнай адукацыі прафесіі. Пашырэнне інфармацыйнага поля аб станоўчым іміджы прафесійнай адукацыі дасягаецца таксама за кошт інфармацыйных прафарыентацыйных плакатаў, паштовак, буклетаў, постар-матыватараў, рэкламных флаераў, календароў і інш.
— Якая роля ў прафесійным вызначэнні маладых людзей адведзена дыягностыцы?
— Вывучэнне індывідуальных псіхалагічных асаблівасцей кожнага маладога чалавека можа ажыццяўляцца рознымі спосабамі: ад простага назірання за дасягненнямі ў засваенні вучэбных дысцыплін да выкарыстання анкет, апытальнікаў, традыцыйных і мадыфікаваных методык па яго самавызначэнні. Прафесійнаму самавызначэнню навучэнцаў спрыяе прафесійная кансультацыя спецыялістаў сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы. У якасці метадаў дыягностыкі выкарыстоўваюцца гутаркі, інтэрв’ю, анкетаванне і трэнінгі. Прафкансультацыі спрыяюць прыняццю ўсвядомленага рашэння ў выбары прафесійнага шляху з улікам псіхалагічных асаблівасцей і магчымасцей. На падставе вынікаў дыягностыкі навучэнцы атрымліваюць рэкамендацыі аб магчымых кірунках прафесійнай дзейнасці, якія найбольш адпавядаюць іх псіхалагічным, фізіялагічным, псіхафізічным асаблівасцям.
Для больш эфектыўнай прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі і іх бацькамі ва ўстановах адукацыі мэтазгодна арганізоўваць работу пунктаў і кабінетаў прафарыентацыі, дзякуючы дзейнасці якіх адбываецца фарміраванне прафесійных інтарэсаў, здольнасцей, матываў прафесійнага выбару, свядомага прафесійнага самавызначэння. Гэтыя цэнтры ўдзельнічаюць у каардынацыі прафарыентацыйнай дзейнасці педагогаў, а таксама ў аказанні ім арганізацыйнай і метадычнай дапамогі.
Добрыя магчымасці для прафесійнага самавызначэння навучэнцаў стварае таксама сістэма дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Тут створаны ўмовы для свабоднага выбару навучэнцамі сферы дзейнасці, педагагічнай падтрымкі, самарэалізацыі і самасцвярджэння. Установы дадатковай адукацыі не толькі інфармуюць дзяцей аб свеце прафесій, развіваюць інтарэсы і схільнасці ў практычнай дзейнасці, набліжанай да прафесійнай, але і маюць магчымасць карэкціраваць прафесійныя намеры і праводзіць дыферэнцыраваную работу з кожным навучэнцам у залежнасці ад яго індывідуальных і ўзроставых асаблівасцей. У выніку сістэматычных заняткаў па вызначаным кірунку ў школьнікаў развіваюцца схільнасці і здольнасці, якія пасля становяцца асновай іх прафесійных кампетэнцый.
Пастановай Савета Міністраў № 575 ад 2 жнiўня 2018 года ўнесены новыя нормы ў Палажэнне аб бесперапынным прафесійным навучанні па прафесіях рабочых. Прадугледжана магчымасць арганізацыі працоўнага навучання для школьнікаў праз прафесійную падрыхтоўку на базе ўстаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
— Юрый Уладзіміравіч, якія меры мяркуецца прыняць для ўдасканалення прафарыентацыйнай работы?
— Ва ўстановах прафесійнай адукацыі неабходна забяспечыць выпрацоўку гнуткай сістэмы сеткавага ўзаемадзеяння ўстаноў агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі ў цесным супрацоўніцтве з базавымі прадпрыемствамі, арганізацыямі — заказчыкамі кадраў. Неабходна больш актыўна выкарыстоўваць інтэрактыўныя метады: прафесійныя пробы, майстар-класы, прафесійныя квесты і інш.; актывізаваць узаемадзеянне з бацькамі навучэнцаў; выкарыстоўваць сучасныя інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі пры правядзенні мерапрыемстваў. Важна ўдасканальваць работу па стварэнні інфармацыйнай прасторы прафарыентацыі; шырока выкарыстоўваць магчымасці PR-тэхналогій; арганізоўваць прафарыентацыйныя мерапрыемствы з улікам патрэб асоб з АПФР і інваліднасцю; актывізаваць працу па стварэнні кабінетаў і пунктаў прафарыентацыі, у тым ліку віртуальных; арганізоўваць віртуальныя экскурсіі на базавыя прадпрыемствы.
Спадзяюся, што змястоўная прафарыентацыйная работа паўплывае на правядзенне прыёмнай кампаніі і навучэнцамі ўстаноў адукацыі стануць матываваныя маладыя людзі, якія ўсвядомлена выбралі рабочую прафесію.
Гутарыла Ала КЛЮЙКО.