“Залатыя рукі” не перавяліся

- 16:08Апошнія запісы, Навіны рэгіёнаў, Рознае

На Магілёўшчыне ўрачыста завяршыўся рэгіянальны этап міжнародных спаборніцтваў прафесійнага майстэрства WorldSkills. На працягу дзесяці дзён лепшыя навучэнцы магілёўскіх ліцэяў і каледжаў дэманстравалі свае таленты, уменні і навыкі.

Атрымаўся рэгіянальны этап конкурсу WorldSkills на славу. Нягледзячы на тое, што Беларусь толькі ў гэтым годзе ўступіла ў асацыяцыю WSI і падобныя спаборніцтвы праводзяцца ў нас упершыню, усе ўдзельнікі паказалі вельмі добрую падрыхтоўку. Яны здзіўлялі цвёрдымі ведамі асноў сваёй прафесіі, узроўнем майстэрства і творчымі знаходкамі.
Дні спаборніцтваў праходзілі ў напружаным рэжыме. У прафесійных установах вобласці, выбраных пляцоўкамі для правядзення конкурсу, кіпела работа. Усе імкнуліся да перамогі, а таму кожны з удзельнікаў стараўся набраць максімальную колькасць балаў. Задача гэта была няпростая, бо заданні адпавядалі сусветным стандартам.

Напрыклад, маладым дызайнерам было прапанавана распрацаваць эскізы калекцыі і прэзентаваць яе. Цырульнікам трэба было выканаць практычнае заданне ў дзвюх катэгорыях: тэхнічнай, якая прадугледжвала выкананне мужчынскай класічнай стрыжкі з укладкай для ўрачыстага выпадку, і фантазійнай, падчас якой удзельнікі рабілі мадэлям вясельную прычоску з пляценнем. Два розныя модулі заданняў трэба было выканаць і канкурсантам кампетэнцыі “Рэстаранны сэрвіс”. Будучыя рэстаратары спачатку праводзілі падрыхтоўку да абслугоўвання ў розных стылях, а потым ажыццяўлялі непасрэдна абслугоўванне ў адпаведнасці з папярэдне атрыманым заказам. У падрыхтоўцы мастацкай кампазіцыі на тэму “Вясна” з кандытарскіх дэсертных мас дэманстравалі свае ўменні кандытары. Пачынаючыя кухары паказвалі майстэрства ў гатаванні страў і складанні кампазіцыі з агародніны, садавіны. Сталяры па самастойных чарцяжах выраблялі столік. Муляры выконвалі модулі змешанай дэкаратыўнай рэльефнай кладкі.

Заданні сапраўды былі няпростыя, тым больш, што ўсе яны выконваліся ўдзельнікамі ў рэжыме рэальнага часу. Аднак канкурсантаў гэта не спалохала. Большасць удзельнікаў прадэманстравала нядрэнную падрыхтоўку. А ўсё таму, што ўсе канкурсанты захоплены выбранай прафесіяй.
— Упэўнена, у выбары прафесіі я не памылілася. Хоць я і не марыла ў дзяцінстве аб тым, каб стаць цырульнікам, а больш захаплялася спортам, але вельмі любіла рабіць розныя прычоскі і стрыжкі родным і сябрам. Мне падабалася рабіць людзей прыгожымі. Калі ж пасля траўмы спорт адышоў на другі план, я дакладна вырашыла пайсці вучыцца ў ліцэй, дзе пачала развіваць свой талент. Спаборніцтвы WorldSkills далі мне магчымасць праверыць свае прафесійныя навыкі, паказаць атрыманыя веды і ўменні. Я яшчэ раз пераканалася, што выбраная справа сапраўды мне па душы, а значыць, я на правільным шляху, — гаворыць прадстаўніца кампетэнцыі “Цырульніцкае мастацтва” навучэнка Магілёўскага дзяржаўнага тэхналагічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа Настасся Каламійчук.

— Хоць я і не імкнуўся да таго, каб стаць мулярам, выбраная прафесія моцна захапіла мяне. Я пачаў бачыць у ёй сапраўднае мастацтва. Муляр з цэглы, цэменту і іншых будаўнічых матэрыялаў здольны стварыць нешта прыгожае. Але для гэтага, вядома ж, патрэбен талент і жаданне, — гаворыць прадстаўнік кампетэнцыі “Каменныя работы” навучэнец Мсціслаўскага дзяржаўнага будаўнічага прафесійна-тэхнічнага каледжа Дзмітрый Жукаў. — Што тычыцца спаборніцтваў WorldSkills, то яны здзівілі нестандартнымі, арыгінальнымі заданнямі. Удзел у гэтым конкурсе даў магчымасці пашырыць свой кругагляд, узмацніў імкненне пазнаваць і выкарыстоўваць новае ў сваёй прафесіі, а таксама дазволіў пазнаёміцца з хлопцамі з іншых каледжаў, паглядзець, што ўмеюць яны, тым самым удасканальваючы свае навыкі, — дадае ён.
Аб абмене вопытам, якому спрыяў конкурс, гаварыла падчас закрыцця рэгіянальнага этапу і галоўны спецыяліст аддзела агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі ўпраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Вольга Скамарохава.

— Спаборніцтвы WorldSkills даюць магчымасць навучэнцам пазнаёміцца з перадавым вопытам у прафесійнай кваліфікацыі, вучаць іх перамагаць, рэалізоўваць сябе ў выбранай прафесіі, спрыяючы іх станаўленню як канкурэнтаздольных спецыялістаў. Акрамя таго, конкурс дорыць яркія, незабыўныя ўражанні, новых сяброў, што таксама важна, — адзначыла Вольга Міхайлаўна.
Пераможнага дыплома ў кампетэнцыі “Каменныя работы” быў удастоены навучэнец Мсціслаўскага дзяржаўнага будаўнічага прафесійна-тэхнічнага каледжа Дзмітрый Жукаў. Лепшым абліцоўшчыкам прызнаны навучэнец Магілёўскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 5 Герман Моцны. Сярод дызайнераў адзення не было роўных навучэнцы Бабруйскага дзяржаўнага тэхналагічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа Ксеніі Басяковай. Кандытарскае мастацтва, вартае першага месца, прадэманстравала навучэнка дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 10 Магілёва Марыя Кушвід. У кулінарным мастацтве першай стала навучэнка дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 10 Магілёва Галіна Дубко. Лепшым цырульнікам названа навучэнка Магілёўскага дзяржаўнага тэхналагічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа Настасся Каламійчук, а ў рэстаранным сэрвісе перамога была за навучэнкай дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 10 Магілёва Надзеяй Грыцкевіч. У намінацыі “Такарныя работы на станках з праграмным кіраваннем” перамог навучэнец Бабруйскага дзяржаўнага механіка-тэхналагічнага каледжа Аляксандр Памінаў, у напрамку “Фрэзерныя работы на станках з праграмным кіраваннем” пераможцам стаў навучэнец Магілёўскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя машынабудавання Максім Кандрацьеў. У кампетэнцыях “Зварачныя работы” і “Сталярныя работы” першымі сталі навучэнец Магілёўскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа Аляксандр Ралкоў і навучэнец Бабруйскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага мастацкага кале-джа імя А.Я.Ларына Аляксандр Кандрачэнка адпаведна.

Гэтыя таленавітыя маладыя людзі на справе даказалі, што “залатыя рукі” на Магілёўшчыне не перавяліся. Зараз усе яны ўвойдуць у склад зборнай вобласці, каб прадставіць родны Прыдняпроўскі край на рэспубліканскіх спаборніцтвах у сталіцы.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара і з архіва вучэбна-метадычнага цэнтра прафесійнай адукацыі
ўпраўлення адукацыі аблвыканкама.