Самыя хуткія, спрытныя, трапныя

- 16:01Спартыўныя падзеі

У абласным этапе рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне “Снежны снайпер” на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба прынялі ўдзел 350 юных спартсменаў — пераможцаў раённых і гарадскога (Наваполацк) этапаў.

— Адметнасцю “Снежнага снайпера” з’яў­ляецца тое, што за перамогу змагаюцца навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, якія не праходзяць падрыхтоўку па лыжных гонках, біятлоне ці стральбе ў спецыялізаваных спартыўных установах, — адзначыў галоўны суддзя спаборніцтваў Сяргей Бабіч. — У залежнасці ад узросту ім неабходна пераадолець дыстанцыю ад 1,8 да 3 кіламетраў з двума агнявымі рубяжамі. У адрозненне ад дарослых біятлонных гонак, на лыжню ўдзельнікі выхо­дзяць без вінтовак і атрымлі­ваюць зброю толькі на стрэльбішчы, за кожны промах трэба прабегчы дадатковыя 50 метраў. Спачатку вызначаюцца самыя хуткія, спрытныя і трапныя ў індывідуальным заліку, затым — у змешанай эстафеце. Калі гаварыць пра лідарства ў разрэзе раёнаў, то варта адзначыць Сенненскі, Чашніцкі, Лёзненскі, Ушацкі і Аршанскі, а таксама Першамайскі раён Віцебска. Выдатна выступілі навучэнцы Вялікадолецкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Ушацкага раёна, сярэдняй школы № 1 Сянна імя З.І.Азгура, Дабрамыслінскай сярэдняй школы Лёзненскага раёна. У склад каманд, якія будуць абараняць гонар вобласці на заключным этапе “Снежнага снайпера”, адабраны прадстаўнікі амаль 10 раёнаў.

Спаборніцтвы адбыліся з 25 па 30 студзеня на базе Віцебскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву ў чатырох узроставых групах.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.