Злавіць хвалю

- 12:46Выхаванне, Спартыўныя падзеі

У Міністэрстве адукацыі адбыліся ўрачыстыя провады беларускай спартыўнай дэлегацыі, якая прыме ўдзел у спаборніцтвах па плаванні VIII Усерасійскай летняй універсіяды — 2022.

Спаборніцтвы пройдуць з 26 па 30 чэрвеня ў Астрахані, дзе 5 нашых студэнтаў будуць змагацца за медалі са студэнтамі з 30 устаноў вышэйшай адукацыі Расійскай Федэрацыі. Беларусь у спаборніцтвах па плаванні прадставяць студэнты Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, якія набралі найбольшую колькасць агульнакамандных ачкоў у Рэспубліканскай алімпіядзе — 2021 па плаванні.

— Мы за вас вельмі перажываем і жадаем бая­вога настрою і ўпэўненасці ва ўласных сілах. Вядома, будзем за вас хварэць і чакаць вашага вяртання на радзіму. Калі вернецеся з медалямі — сустрэнем з гонарам, калі без медалёў — з пажаданнем больш сур’ёзных трэніровак, — звярнуўся да ўдзельнікаў дэлегацыі міністр адукацыі Андрэй Іванец.

Кіраўнік ведамства ўручыў капітану каманды Лізавеце Запольскай Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, а кіраўнік Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту алімпійскі чэмпіён Аляксандр Багдановіч — сцяг асацыяцыі.

— Удзел у гэтых спаборніцтвах — новы вопыт і выдатная магчымасць для развіцця, — расказала Лізавета. — На Універсіядзе можна праявіць сябе ў больш спрынтарскіх дыстанцыях, таму мы рыхтаваліся да яе вельмі адказна. Я хачу паказаць максімум — устанавіць асабістыя рэкорды. Буду рабіць акцэнт на дыстанцыю 200 метраў комплексным плаваннем і на эстафету.

Усерасійская ўніверсіяда праводзіцца адзін раз у два гады. Упершыню яна пройдзе ў адкрытым фармаце. У перыяд з 18 чэрвеня па 22 ліпеня ў 6 рэгіёнах Расіі пройдуць спаборніцтвы летняй Універсіяды па 14 відах спорту: бадмінтоне, боксе, валейболе (мужчыны, жанчыны), гандболе (мужчыны, жанчыны), дзюдо, лёгкай атлетыцы, настольным тэнісе, плаванні, рэгбі-7 (мужчыны, жанчыны), самба, спартыўным арыентаванні, грэка-рымскай і вольнай барацьбе, таэквандо і шахматах.

Дзмітрый АРХІПЕНКА.
Фота аўтара.