“Алімпія­2022” збірае сяброў

- 10:56Выхаванне, Спартыўныя падзеі

У Валожынскім раёне прайшоў XVI Рэспубліканскі спартыўна­-масавы фестываль для працоўнай моладзі.

На тры дні палатачны гарадок на беразе ракі Іслач стаў маладзёжнай сталіцай для актыву БРСМ — самых ініцыятыўных, спартыўных і творчых юнакоў і дзяўчат, якія працуюць на буйных прадпрыемствах краіны, у міністэрствах, ведамствах і арганізацыях.

У юбілейны для Беларускага рэс­публіканскага саюза моладзі год у “Алімпіі” прынялі ўдзел 18 маладзёжных каманд — усяго больш за 600 чалавек. Сярод іх былі як заўсёднікі фестывалю — калектывы пярвічных арганізацый БРСМ Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і Міністэрства адукацыі, Беларускай чыгункі, Беларусбанка, зборныя саюза мола­дзі, так і пачаткоўцы праекта — мала­дзёж­ныя дружыны “Беллегпрама”, ААТ “БелАЗ” — кіруючая кампанія холдынга “БелАЗ-ХОЛДЫНГ”, “Беларуськалія”, “Белшыны”, ААТ “БМЗ — кіруючая кампанія холдынга “БМК”, Магілёўскага завода ліфтавага машынабудавання, “Мінсктранса”.

Традыцыйна праграма маладзёжнага мерапрыемства была насычана рознымі відамі актыўнасцей і ўключала камандныя спаборніцтвы па трох кірунках. Першы атрымаў назву “Алімпія: разам за спорт!” і аб’яднаў аматараў міні-футбола, валейбола, перацягвання каната, сплаву на байдарках, а таксама дваровых і настольных гульняў.

“Алімпія: разам за творчасць!” — крэатыўны кірунак, куды ўвайшлі конкурсы бівакоў, візітовак і гатавання страў, а таксама спаборніцтва на лепшую аўтарскую песню, опэн-эйр “БРСМ: 20 гадоў разам!”.

Цвіком праграмы трэцяга кірунку “Алімпія: разам за інтэлект!” стаў адкрыты дыялог. Сярод экспертаў маладзёжнай дыскусіі быў міністр адукацыі Андрэй Іванец.

У першай частцы гутаркі моладзь прапанавала экспертам “прымераць” ролі ўдзельнікаў вядучых напрамкаў БРСМ — байцоў студэнцкіх атрадаў і мала­дзёжных атрадаў аховы правапарадку, валанцёраў руху “Добрае сэрца”, а таксама згуляць у гульню “Джэнга” на веданне гісторыі стварэння і развіцця мала­дзёж­на­га аб’яднання. Больш сур’ёзная дыскусія разгарнулася ў другой частцы дыялогу і закранула шматлікія актуальныя тэмы.

— Сёння рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў нашай краіне ўдзяляецца асаблівая ўвага з боку кіраўніка дзяржавы, — падкрэсліў міністр адукацыі. — Моладзь — гэта наша будучыня і наша апора. І калі да навучэнскай моладзі мы заўсёды маем выхад праз настаўніка, педагога, прафесара, то з працуючай моладдзю, вядома, мы павінны мець зносіны на роўных, у тым ліку і ў рамках такіх мерапрыемстваў. Вельмі важна адзначыць і такі аспект: сёння мы ўдзя­ляем асаблівую ўвагу падрыхтоўцы спецыялістаў па ўзаемадзеянні з працуючай моладдзю. Па рэкамендацыі калегіі Адміністрацыі Прэзідэнта на прадпрыемствах незалежна ад формы ўласнасці колькасцю больш чым 1000 чалавек павінны ўводзіцца такія спецыялісты.

Пераможцай фестывалю стала каманда пярвічнай арганізацыі БРСМ ААТ “БМЗ — кіруючая кампанія холдынга “БМК”. На другім месцы размясцілася каманда МНС, на трэцім — зборная каманда Мінскай гарадской арганізацыі БРСМ.

Дзмітрый АРХІПЕНКА.
Фота Moladz.by.