“Ажурны” гарадоцкі брэнд

- 9:30Культура

У Доме рамёстваў і фальклору Цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці Гарадоцкага раёна Віцебскай вобласці каля 20 гадоў адраджаюць старадаўняе народнае рамяство — ажурнае ткацтва. Загадчык установы Марына Гушча, захапіўшыся ўнікальнай тэхнікай, зрабіла ўсё, каб пра яе ведалі не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой. Сёння тэхналогія ажурнага ткацтва ўнесена ў дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Саткаць жыццё

Марына ГУШЧА — асноўная захавальніца старадаўняй традыцыі ажурнага ткацтва, народны майстар, пераможца рэспубліканскага конкурсу “Чалавек года культуры”, стыпендыят Міністэрства культуры за адраджэнне старадаўняй тэхналогіі ткацтва, лаўрэат шматлікіх конкурсаў прафесійнага майстэрства.

Незвычайнае захапленне ткацтвам у жыцці Марыны Леа­нідаўны з’явілася гадоў 30 н­азад, аднак яго пачатак быў па­кладзены яшчэ ў дзяцінстве. “Бабуля і дзядуля, які быў самадзейным мастаком, прывілі мне любоў да ручных вырабаў, навучылі быць цярплівай і карпатлівай, шыць, вязаць, маляваць, — успамінае яна. — Мне заўсёды падабалася нешта ствараць рукамі, таму і паступіла на мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава. Там я абараніла дыпломную работу па ткацтве і габелене, які я заўсёды называла маляваннем каляровымі ніткамі. Пасля некаторы час папрацавала ў школе і трапіла ў раённы края­знаўчы музей, дзе быў клуб народных майстроў “Вытокі”, які я і ўзначаліла. Наш клуб аб’яднаў гарадоцкіх рамеснікаў і аматараў вышыўкі, вязання, ткацтва, саломапляцення, ганчарства”.

Разам з супрацоўнікамі края­знаўчага музея М.Гушча прымала ўдзел у этнаграфічных экспедыцыях, і яе больш за ўсё цікавілі тэкстыльныя вырабы, якія яна і пачала збіраць. “Акрамя ручнікоў, якія распаўсюджаны па ўсёй Беларусі, на Гарадоччыне сустракаліся прыгожыя ажурныя вырабы розных відаў, і менавіта яны мяне і захапілі. На жаль, майстроў, якія б валодалі падобнай тэхнікай, я не змагла адшукаць. Увогуле дадзены від ткацтва лічыўся страчаным і быў занесены ў спіс помнікаў беларускай культуры, — расказала майстрыха. — Я адправілася на спецыяльныя курсы па ткацтве ў Віцебскі навукова-метадычны цэнтр. Да таго ж мне вельмі дапамагла ў асваенні ажурнага ткацтва наш тагачасны дырэктар музея Кацярына Уверская, якая паспела застаць майстрых, што валодалі гэтай тэхнікай. Потым са спецыяльнай літаратуры па гісторыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва я даведалася пра існаванне трох відаў гэтага рамяства. У першым выраб ствараецца з дапамогай паўніта, які перакручвае ніткі. Да другога віду можна аднесці ўзоры, што выконваюцца з дапамогай рэйкі, пры якой утвараюцца прасветы, упрыгожаныя мярэжкай. У трэцім відзе ўзор на тканіне будуецца на чаргаванні ўчасткаў палатнянага ткацтва і ажурных мярэжак. Канечне, было вельмі складана аднавіць ажурнае ткацтва, але думка пра тое, што я адраджаю ўнікальнае мастацтва, надавала сілы”.

У 1992 годзе на Віцебшчыне пачалі з’яўляцца дамы рамёстваў, адзін з першых быў адкрыты ў Гарадку. І Марына Леанідаўна пайшла туды працавац­ь кіраўніком гуртка па ткацтве, прычым займалася як з дарослымі, так і з дзецьмі. “Калі я пачала ткаць, узорам для мяне былі толькі музейныя экспанаты, якія мы сабралі ў экспедыцыях. Брала ручнік і канкрэтна яго ўзнаўляла, падлічваючы кожную льняную нітачку — усё рабіла так, як у ім. Канечне, таўшчыня маіх нітак была крыху іншай, аднак за 20—30 гадоў пасля неаднаразовага мыцця яны таксама сталі амаль як музейныя экспанаты і колерам, і фактурай”, — з усмешкай паведаміла М.Гушча.

Плыве, як думкі, палатно

Ажурнае ткацтва адрозніваецца ад класічнага тым, што выраб тчэцца з тонкага льну, таму атрымліваецца няшчыльным, нагадвае тканіну сеткаватай структуры і падобны на марлю. Ажурнае палатно складаецца з простых геаметрычных форм: квадратаў, прамавугольнікаў і палос. Своеасаблівыя прасветы ў ім атрымліваюцца ў выніку перавіўкі нітак асновы.

Ажурныя тканіны ў Гарадоцкім раёне маюць вобразную народную назву — “рэдчыкі” або “кісяя”. Іх выраблялі з лепшых гатункаў ільну, тонкіх выбеленых якасных нітак. Гарадоцкі ажур у асноўным аднаколерны, але нярэдка аздоблены карункамі ў выглядзе фестонаў, край якіх абвязваўся чырвонымі ніткамі.

Варта адзначыць, што памер аднаго ручніка — 40 х 270 см, на яго стварэнне ідзе кіламетр нітак і некалькі месяцаў. “Мы ствараем ручнікі музейных памераў, бо яны прызначаны не для таго, каб выцірацца, а для аздаблення інтэр’ера і паказу на выставах, — патлумачыла майстрыха. — Часам адзін ручнік тчэцца цэлы год. Гэта вельмі марудная праца, а таму нават калі 10 см саткаў — ура! Між іншым спачатку тку проста палатно, а потым станок выкарыстоўваю як пяльцы і раблю вышыўку, пасля зноў накручваю палатно на вал і зноў тку. Не ведаю, як рабілі нашы продкі, але я раблю вось так. Тчэш — і думкі павольна цякуць, але ўсё гэта аднастайна і патрабуе неймавернага цярпення”.

Для стварэння такіх унікальных ручнікоў патрэбны былі і ўнікальныя кросны, якія зрабіў муж Марыны Леанідаўны. “Мае юныя выхаванцы паказваюць майстар-класы на маленькім падлогавым станочку, які лёгка транспартуецца. А яшчэ ў нас ёсць чатыры настольныя станкі для правядзення курсаў. Усе станкі зрабіў мой муж”, — з гордасцю адзначыла майстрыха.

Неаднаразова працы М.Гушчы станавіліся пераможцамі конкурсаў майстроў народных рамёстваў і промыслаў. У тым ліку на яе рахунку — гран-пры Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску — 2001”.

За 30 гадоў сваёй дзейнасці Марына Леанідаўна стварыла багатую калекцыю ручнікоў, якая дэманстравалася ў розных кутках Беларусі і за мяжой. Айчынныя “ажурныя” экспазіцыі прадстаўляліся на выставах у Расіі, Польшчы, Слава­кіі, краінах Балтыі, Турцыі, і ўсюды яны выклікалі захапленне ў публікі і спецыялістаў. “У 2007 го­дзе 10 майстроў ад Беларусі пабывалі ў Венесуэле, дзе паказалі сваё мастацтва. Там нашым ажурным ткацтвам асабліва захапляліся. На самай справе нашым ткацтвам усюды захапляюцца, хоць я сама настолькі да яго прывыкла, што здаецца, а што тут асаблівага, — здзіўляецца М.Л.Гушча. — На V Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў 2018 годзе ў Магілёве да нас кожны дзень прыходзіла кітаянка і прасіла прадаць наш ручнік. А ў Турцыі таксама была ўдзельніцай міжнароднага фестывалю, дзе быў наш стэнд з невялічкім станком і калекцыяй сатканых работ, у тым ліку і ажурных ручнікоў. Менавіта яны найбольш уразілі кіраўніка горада. Людзі сапраўды з непадробленай цікавасцю і захапленнем глядзяць на нашы вырабы”.

Унікальная спадчына

У 2013 годзе ажурнае ткацтва выкраслілі са спіса помнікаў і прызналі культурнай спадчынай краіны. “Цяпер яно павінна бесперапынна развівацца і перадавацца маладому пакаленню. Зараз ужо магу ганарыцца некаторымі сваімі вучаніцамі. Так, Яніна Кліменка дасканала валодае ткацтвам. Яна асвоіла і самую складаную тэхніку — ажурную, стварыла некалькі вялікіх ільняных ручнікоў і нават два вэлюмы. Мы лічым, што іх маглі рабіць менавіта ў такой тэхніцы. Яніна выткала вэлюм з двух кавалкаў і пасярэдзіне злучыла іх карункавай ільняной стужкай. Ажур не сатчэш вялікім палатном, яго, відаць, і нашы бабулі рабілі маленькімі кавалкамі, і калі хацелі зрабіць шырокі абрус, то злучалі іх карункавай устаўкай”, — дзеліцца думкамі М.Гушча.

“Двух аднолькавых ажурных ручнікоў не існуе. Нават выкананыя па адной схеме пляцення, яны будуць адрознівацца, бо многае залежыць і ад рукі майстра, і ад яго ўмення, і нават ад настрою”.

Марына Леанідаўна не шкадуе свайго часу, каб перадавац­ь свае веды і вопыт маладому пакаленню і проста ўсім зацікаўленым у спецыялізаваных гуртках і на семінарах. “У 2016 годзе ў Віцебску праводзіла курсы па ажурным ткацтве, потым у Магілёўскім навукова-метадычным цэнтры, — гаворыц­ь яна. — Больш за 25 гадоў я з’яўляюся кіраўніком гуртка ткацтва Гарадоцкага дома рамёстваў і фальклору. У ім займаюцца і дарослыя, і дзеці. Заняткі праводзяцца два разы на тыдзень. Зараз сярод маіх вучаніц як сталыя жанчыны ва ўзросце ад 40 да 60 гадоў, так і дзяўчынкі-падлеткі”.

Па прызнанні майстрыхі, яна хоць і навучыла ткаць не а­дзін дзясятак людзей, аднак гэта вельмі складаная, карпатлівая праца, таму вучаніц становіцца ўсё менш. “Усім хочацца хуткага выніку, каб сеў і за пару гадзін не­шта зрабіў, а тут па­трэбен час, і толькі самыя цярплівыя даво­дзяць працу да канца, таму ткацтва і такое каштоўнае. Неабходны вялізнае цярпенне і ўседлівасць, каб займацца ткацтвам, тым больш ажурным”, — дадала яна.

У 2020 годзе М.Гушча атры­мала грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на рэалізацыю праекта па развіцці тэхналогіі ажурнага ткацтва. “Мы змаглі закупіць дадатковыя станкі і іншае абсталяванне, правялі некалькі майстар-класаў і практычных курсаў на Віцебшчыне і Магілёўшчыне. У нас у Гарадку летам быў конкурс па ткацтве, і там усе майстрыхі таксама выстаўлялі свае вырабы. У канцы года арганізавалі справа­здачную выставу, на якой прадставілі ўсе створаныя за год тканыя работы. Наша калекцыя папоўнілася 10 ручнікамі, — паведаміла яна. — Я лічу, што праз ручное ткацтва, без перабольшання, перадаецца душа народа”.

Жаданне тварыць

Марына Леанідаўна Гушча — неверагодна цікавая суразмоўніца. Яна можа га­дзінамі расказваць не толькі пра ткацтва, але і пра адметных май­строў свайго любімага Дома рамёстваў і фальклору. У ім зараз функцыянуе больш за 10 гурткоў, і ў кожным тонкасці розных рамёстваў спасцігаюць і дзеці, і дарослыя, у тым ліку пенсіянеры. Нязменнай папулярнасцю карыстаецца ганчарства, бо “лепка не займае шмат часу і паддаецца людзям усіх узростаў”. Любяць і кераміку, і лозапляценне, і ткацтва нават людзі з інваліднасцю. І ў гэтым, бадай, найпершая заслуга майстроў-выкладчыкаў, якія маюць вышэйшую педагагічную адукацыю. “Яны не проста ў дасканаласці валодаюць сваім рамяством, але і ведаюц­ь, як знайсці падыход да любога вучня, як цікава і даступна расказаць пра ўсе нюансы”, — дадае загадчыца Дома рамёстваў і фальклору.

М.Гушча: “Аднавіць ажурнае ткацтва было вельмі складана, але думка, што я адраджаю ўнікальнае мастацтва, надавала сілы”.

На традыцыйнае пытанне пра далейшыя планы Марына Леанідаўна адказала, што ніколі не задумвалася, што будзе далей. “Я чалавек творчы і ніколі не сяджу на адным месцы, таму захаплялася і макрамэ, і жывапісам, батыкам, габеленам, глінай… Дарэчы, мае габелены знаходзяцца ў розных кутках Зямлі. Пасля ў маім жыцці з’явілася ткацтва. Зараз паралельна з ім асвоіла экапрынт — гэта размалёўка тканіны з дапамогай лісця, калі прыродныя колеры раслін пераносяцца на тканіну. Мне заўсёды падабаліся натуральныя матэрыялы і вельмі хацелася перадаваць прыгажосць прыроды. І ў гэтым якраз і дапамагае экапрынт, — расказала М.Гушча. — Але для любога захаплення патрэбна жаданне — жаданне ствараць нешта сваё, адметнае. Вось ажурнае ткацтва — гэта адметнасць Гарадоччыны, якая можа стаць нашым мясцовым брэндам”.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота з архіва Марыны Гушчы.