На працягу месяца ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце дзейнічала выстава сучаснай візуальнай творчасці студэнтаў, арганізаваная ў рамках рэспубліканскай культурна-асветніцкай акцыі “Грані творчасці”. На ёй прэзентаваліся лепшыя творчыя работы студэнцкай моладзі на тэму роднай мовы.
— На гэтую цікавую і актуальную тэму арганізатараў праекта натхніла трылогія малой радзімы, — расказала загадчыца аддзела сацыякультурных праектаў навучэнскай і студэнцкай моладзі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі А.С.Лаўрыновіч. — На змену вершаваным радкам Янкі Купалы “Магутнае слова, ты, роднае слова!”, якія былі дэвізам леташняй акцыі, прыйшлі словы Навума Гальпяровіча “Захавай маю мову, чарговы наш век, як мелодыю свету, якую я чую”.
Аснову акцыі склала тэматычная інтэрактыўная экспазіцыя, падрыхтаваная па выніках выставы-конкурсу, у якой удзельнічалі больш за 200 творчых работ з 24 устаноў вышэйшай адукацыі. Лепшыя з іх у намінацыях “Летэрынг”, “Каляровая графіка. Рэхарыфма”, “Фотаканцэпт” і “Візуальны сэт” экспанаваліся ў сталічнай мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” і пабываюць на працягу года ў розных універсітэтах краіны, дзе адбудуцца інтэрактыўныя прэзентацыі і культурна-асветніцкія мерапрыемствы.
Удзельнікі стваралі работы ў тэхніцы летэрынг, дзе асэнсоўвалі вершаваныя радкі Уладзіміра Дубоўкі “Родная мова, цудоўная мова! Ты нашых думак уток і аснова!”, паштоўкі і віншаванкі, дзе візуалізавалі беларускія прыказкі і прымаўкі, ілюстравалі беларускія святы з ужываннем нацыянальных сімвалаў і арнаментальных матываў, абапіраючыся на словы Ларысы Геніюш “Мова родная, мова дзядоў! Іншай мовы мы сэрцам не чуем”. Акрамя таго, удзельнікі візуалізавалі рэдка ўжывальныя ці забытыя беларускія словы праз фотапартрэты і рэпартажныя фотаздымкі. На гэта аўтараў натхнілі словы Кастуся Цвіркі “Як скарб дарагі, перададзены ў спадчыну, у сэрцы хавае народ мой ад здрад праменнае звонкае слова матчына для песень сонечных i балад!”. Астатнія работы былі выкананы ў розных тэхніках выяўленчага мастацтва і ілюстравалі вершаваныя радкі Якуба Коласа: “Слова — радасць, слова — чары, // Вобраз вечна юных вёсен, // Ёсць ты ўсюды: у сонцы, у хмары, // Ты глядзіш праз неба просінь. // Лашчыш слух мой, слова-ззянне, // Атуляеш сэрца ласкай, // Ноч і вечар, дзень, світанне // Абняло ты, слова-краска”. Сінтэз паэтычнага слова, традыцый беларускай культуры, жывапісу, графікі, фатаграфіі і лічбавай творчасці дазваляе азнаёміцца з візуалізацыямі эстэтычных уражанняў і мастацкімі эксперыментамі студэнцкай моладзі.
Па словах А.С.Лаўрыновіч, педагогі і студэнты праявілі вялікую цікавасць да акцыі, якая праводзіцца з мэтай удасканалення сістэмы патрыятычнага і мастацка-эстэтычнага выхавання моладзі на аснове фарміравання каштоўнасных адносін да айчыннай гістарычна-культурнай спадчыны, прапаганды сучасных напрамкаў і лепшых узораў мастацкай творчасці, стварэння аптымальных умоў для развіцця і рэалізацыі творчага патэнцыялу студэнцкай моладзі, укаранення ў практыку інавацыйных і эфектыўных форм сацыякультурных камунікацый.
Першым пунктам прыпынку перасовачнай экспазіцыі стаў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, другім — Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт. У рамках акцыі выкладчыкі і студэнты УВА, чые работы вылучаюцца высокім узроўнем выканання і цікавымі аўтарскімі ідэямі, правялі шэраг адметных інтэрактыўных культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў: Insta-марафон з экспанатамі выставы “Карціна дня”, выставы творчых работ Авезгелды Тачмырадава “Туркменістан і Беларусь — скрыжаванне шляхоў” і народнага гуртка “Майстэрня” “Мой чароўны край, Бацькаўшчына светлая мая!” і “Бабёр-дацэнт”, паэтычныя чытанні ўдзельнікаў літаратурнага аб’яднання “Серада”, майстар-клас па беларускім этнатанцы “Вечарына на Паркавай”, адкрытую лекцыю “Дынаміка творчага працэсу”, тымбілдынг з удзельнікамі маладзёжнай крэатыў-каманды “Я люблю Беларусь” і інш. Кожнае мерапрыемства пакінула ва ўдзельнікаў яркія ўражанні.
Пасля БарДУ тэматычная інтэрактыўная экспазіцыя накіравалася ў ПалесДУ.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.