Жыць так, каб не пакідаць руіны за спінай

- 9:00Актуально, Апошнія запісы

Дзень, калі краіна ўзгадвала трыццаць пятую гадавіну з дня трагедыі на Чарнобыльскай АЭС, міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка правёў у Гомельскай вобласці. Яна больш за іншых пацярпела ад наступстваў тэхнагеннай катастрофы.

Міністр адукацыі пабываў у райцэнтры Ветка, які знаходзіцца зусім побач з Гомелем. Адразу пасля Чарнобыльскай катастрофы стаяла пытанне аб поўным высяленні гэтага невялічкага гарадка — настолькі ён быў забруджаны радыяцыяй. Населены пункт урэшце было вырашана захаваць, але ж многія вёскі з карты Веткаўшчыны зніклі назаўсёды. У памяць пра іх побач са знакамітым Веткаўскім музеем стараверства і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава цяпер закладзены яблыневы сад.

У якасці падарунка 75 дрэўцаў розных гатункаў у Ветку прывезлі прадстаўнікі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Яе прарэктар Максім Патапенка гаворыць, што саджанцы падбіралі спецыяльна: каб ласавацца пладамі можна было з канца ліпеня і па самы лістапад.

Міністр пасадзіў дрэва, прысвечанае вёсцы Старыя Грамыкі. Вёска падверглася радыяцыйнаму забруджванню, а ўсе яе жыхары — 53 сям’і — былі пераселены ў чыстыя мясціны. Дарэчы, у Старых Грамыках нарадзіўся выбітны савецкі дыпламат і дзяржаўны дзеяч Андрэй Андрэевіч Грамыка.

Ігар Карпенка саджаў дрэўцы разам са студэнтамі Гомельскага дзяржаўнага педагагічнага кале­джа імя Льва Выгоцкага. Між тым Веткаўскі музей і гомельскі педкаледж з 2015 года разам рэалізуюць экалога-краязнаўчы праект “Галасы пайшоўшых вёсак”. Праект быў прэзентаваны грамадскасці сёлета 15 красавіка на Рэспублікан­скай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі. У выніку гэтай доўгатэрміновай ініцыятывы створаны банк даных па культуры і традыцыях населеных пунктаў рэгіёна, якія былі адселены ў сувязі з катастрофай на ЧАЭС.

Наступствы аварыі на ЧАЭС паўплывалі на жыццё Веткаўшчыны. У выніку аварыі 59 населеных пунктаў раёна зніклі з карты. Былі ліквідаваны восем сельскіх саветаў і восем сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Колькасць насельніцтва ў параўнанні з 1986 годам паменшылася ўдвая. З сельскагаспадарчага выкарыстання было выведзена звыш 36 тысяч гектараў прадукцыйных сельгасугоддзяў, са складу агульнага карыстання выведзена больш за 70 тысяч гектараў зямель ляснога фонду.

У Ветцы міністр адукацыі Ігар Карпенка прыняў удзел у мітынгу, прысвечаным 35-й гадавіне трагедыі на Чарнобыльскай АЭС. Кіраўнік ведамства ўсклаў кветкі да помніка адселеным вёскам Веткаўскага раёна.

— У гэты дзень мы смуткуем і спачуваем усім, каму прыйшлося перажыць гэтую трагедыю, — адзначыў Ігар Карпенка падчас мітынгу. — Мы ўдзячны ўдзельнікам ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай аварыі. Яны праявілі муж­насць і гераізм, прадухілілі далейшае распаўсюджванне радыяцыі. Чарнобыльская трагедыя заклікала нас зрабіць урокі на будучыню. Бо наступствы радыяцыйнай катастрофы яшчэ не пераадолены да канца і не страцілі сваёй актуальнасці. Вялікая колькасць населеных пунктаў у паўднёвых рэгіёнах Беларусі пацярпела. Частка сельскагаспадарчых зямель дагэтуль выведзена з абароту. Частка вёсак была пакінута сваімі жыхарамі. А гэта іх дамы, іх прытулак, іх малая радзіма. Так было. І пра гэта нельга забыць. Нягледзячы на мінулыя тры дзесяцігоддзі, аднаўленне забруджаных тэрыторый, адраджэнне эканомікі і захаванне бяспечных умоў для жыхароў пацярпелых раёнаў з’яўляецца адным з прыярытэтных кірункаў дзейнасці прэзідэнта і ўрада. І не выпадкова прэзідэнт у гэтыя дні знаходзіцца ў гэтых рэгіёнах. У многіх населеных пунктах Беларусі ў памяць пра адселеныя пасля аварыі вёскі ўсталяваны манументы і памятныя знакі, рэалізуецца дзяржаўная праграма па пераадоленні наступстваў катастрофы на ЧАЭС. Гэта дата прымушае нас у мітусні штодзённага жыцця спыніцца і задумацца пра сэнс жыцця. Бо жыць трэба так, каб не пакідаць за спінай руіны і мёртвыя гарады. Жыць трэба дзеля будучых пакаленняў. Гэты дзень заўсёды будзе аб’ядноўваць усіх, хто жыве адным успамінам, адным смуткам і надзеяй. І пакуль мы захоўваем памяць пра падобныя катастрофы, пра тых людзей, якія пераадольвалі наступствы гэтай катастрофы, гэта робіць наш народ больш згуртаваным. У адзін­стве наша сіла і моц.

Наведванне веткаўскай сярэдняй школы № 1 імя А.А.Грамыкі, якая мае больш чым 150-гадовую гісторыю, стала апошняй у пра­граме візіту міністра адукацыі ў Гомельскі рэгіён. Тут пад кіраўніцтвам настаўніка фізкультуры і здароўя Яўгена Бяляцкага амаль 20 гадоў існуе аб’яднанне па інтарэсах “Турызм і спартыўнае скалалажанне”. Ёсць унікальная для ўсяго раёна трэніровачная база, набыты экіпікіроўка і рыштунак. Кіраўнік змог заразіць сваім захапленнем многіх вучняў школы. Асобныя з іх паказваюць выдатныя спартыўныя вынікі на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. Спартыўны інвентар — тэнісны стол, футбольныя і баскетбольныя мячы, перададзеныя ў падарунак установе адукацыі Ігарам Карпенкам, — бу­дзе тут вельмі дарэчы.

Удзельнікам савета старша­класнікаў Веткаўшчыны, якія прыйшлі на сустрэчу з Ігарам Карпенкам, дастаўся вялізны прыгожы торт. Але спачатку яны літаральна засыпалі міністра пытаннямі, якія тычыліся арганізацыі адукацыйнага працэсу, уступ­най кампаніі, прафесійнай арыентацыі. А яшчэ дзецям было цікава, як міністр стаў міністрам і якім чынам рэалізоўваць свае лідарскія якасці. Ігар Карпенка запэўніў, што ў нашай краіне для гэтага ёсць усе магчымасці — было б жаданне маладых людзей.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.