Больш за 100 пераможцаў заключнага этапу сёлетняй рэспубліканскай прадметнай алімпіяды і ІV Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства сярод рабочых (служачых), спецыялістаў і навучэнцаў устаноў прафесійнай і вышэйшай адукацыі WorldSkills Belarus сталі лаўрэатамі прэміі Брэсцкага аблвыканкама. Школьнікі і педагогі, якія займаліся іх падрыхтоўкай, атрымалі заслужаныя ўзнагароды з рук начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Ю.М.Прасмыцкага падчас урачыстай цырымоніі на сцэне Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці.
Адукацыя — адзін з прыярытэтных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі, паколькі ад развіцця інтэлектуальнага патэнцыялу краіны залежыць яе будучыня. У Беларусі створаны належныя ўмовы для выяўлення, развіцця і сацыяльнай падтрымкі адоранай і таленавітай моладзі. Штогод школьнікі Брэстчыны адзначаюцца грашовымі прэміямі спецыяльнага прэзідэнцкага фонду па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Поспехі ў алімпіядным руху пацвярджаюць, што ў школах вобласці вучыцца разумная, мэтанакіраваная, ініцыятыўная і творчая моладзь. З 2006 года Брэсцкі аблвыканкам уручае прэміі таленавітым юнакам і дзяўчатам, а таксама настаўнікам, якія эфектыўна працуюць. За гэты час яе лаўрэатамі сталі каля 1,4 тысячы навучэнцаў і педагогаў. Мясцовая ўлада вельмі цэніць і паважае іх працу.
У заключным этапе сёлетняй рэспубліканскай прадметнай алімпіяды прадстаўнікі Брэстчыны заваявалі 70 дыпломаў: І ступені — 12, ІІ ступені — 16, ІІІ ступені — 42. Найбольшую колькасць дыпломаў атрымалі навучэнцы Баранавіч (20). Лепш за ўсё каманды выступілі па геаграфіі, рускай мове, фізіцы і інфарматыцы.
Сярод устаноў адукацыі варта вылучыць гімназію № 1 Брэста (6 дыпломаў), гімназію № 5 Баранавіч (5), Брэсцкі абласны ліцэй імя П.М.Машэрава (5), ліцэй № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста (5) і гімназію № 2 Баранавіч (4). Многія навучэнцы Брэстчыны з’яўляюцца пераможцамі заключнага этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды на працягу некалькіх гадоў запар і паспяхова выступаюць на міжнародных інтэлектуальных спаборніцтвах. Сярод іх — Дзяніс Рабчук, Ілья Кучынскі і Дзмітрый Боніч з гімназіі № 1 Брэста.
Поспехі алімпіяднікаў — заслуга педагогаў-прафесіяналаў. На працягу многіх гадоў вельмі эфектыўна працуюць з адоранымі навучэнцамі настаўнік фізікі Міхаіл Міхайлавіч Макаед з ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста, настаўніца геаграфіі Алена Арнольдаўна Сакалоўская і настаўніца інфарматыкі Ірына Юр’еўна Гарбацэвіч з гімназіі № 1 Брэста, настаўнік інфарматыкі Іван Альфрэдавіч Трагубаў з сярэдняй школы № 2 Лунінца, настаўнік хіміі Іосіф Вячаслававіч Шчэрба з гімназіі № 2 Баранавіч і многія іншыя.
Адзінаццацікласнік Мацвей Капралаў з сярэдняй школы № 28 Брэста паспяхова ўдзельнічае ў алімпіядным руху з 8 класа. Юнак вельмі любіць геаграфію, якая сумяшчае ў сабе веды з розных навук. Мацвей спадзяецца, што школьнае захапленне з цягам часу стане прафесійнай дзейнасцю, таму плануе паступіць на геаграфічны факультэт БДУ і атрымаць спецыяльнасць у галіне геаінфармацыйных сістэм. Падрыхтоўкай юнака да інтэлектуальных спаборніцтваў займаўся дырэктар школы настаўнік геаграфіі Аляксандр Аляксандравіч Лазарук.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.