Кожная вольная хвілінка, аддадзеная любімай справе, дазваляе чалавеку адчуць упэўненасць у сваіх сілах, раскрыць і ўдасканаліць здольнасці, знайсці сяброў і аднадумцаў, нарэшце — дасягнуць поспеху, ператварыць неверагодную казку ў самую сапраўдную рэальнасць. У гэтым яшчэ раз пераканаліся хлопчыкі і дзяўчынкі, удзельнікі рэспубліканскай інтэлектуальна-творчай гульні “Тысяча і адно захапленне”. Даследаванне свету захапленняў не толькі падарыла ім незабыўныя ўражанні, але і дапамагло зрабіць мноства цікавых адкрыццяў. А самым упартым, крэатыўным і мэтанакіраваным ігракам — прынесла перамогу.
— Рэспубліканская інтэлектуальна-творчая гульня “Тысяча і адно захапленне”, арганізаваная Цэнтральным саветам грамадскага аб’яднання “БРПА” пры інфармацыйнай падтрымцы газеты “Зорька”, праводзілася ў рамках праграмы “Акцябраты” сярод малодшых школьнікаў — удзельнікаў грамадскага аб’яднання “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя”, была накіравана на ўдасканаленне форм работы з акцябратамі, выхаванне актыўнай грамадскай пазіцыі, развіццё інтэлектуальна-творчых кампетэнцый, самарэалізацыю членаў арганізацыі і прысвечана 70-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, — расказала загадчык аддзела піянерскай справы і дзіцячых рухаў Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі Наталля Шыбека. — У нашай вобласці жаданне расказаць пра “Тысячу і адно захапленне” — свае, сяброў і аднакласнікаў, родных і знаёмых, вядомых і паважаных землякоў — выявіла больш за 600 навучэнцаў малодшых класаў. На разгляд журы абласнога этапу спаборніцтва было прапанавана 58 работ, з якіх вылучана 20 самых змястоўных і арыгінальных. 10 з іх заахвочана спецыяльнымі прызамі, столькі ж адзначана дыпломамі і каштоўнымі падарункамі. Менавіта яны неўзабаве прынялі ўдзел у заключным этапе гульні. І прадставілі Віцебшчыну дастойна, заняўшы ўсе тры ступені п’едэстала: дыпломам І ступені ўзнагароджана каманда “Арляняты” (сярэдняя школа № 4 Віцебска, кіраўнік Наталля Смагажэўская), ІІ ступені — “Дзеці Сонца” (сярэдняя школа № 1 імя Героя Савецкага Саюза Пятра Аўкцыёнка г.п.Шуміліна, кіраўнік Святлана Емяльянава), ІІІ ступені — “Пупсы” (Кашчынская сярэдняя школа Чашніцкага раёна, кіраўнік Таццяна Сяргун).
Першы этап гульні доўжыўся з кастрычніка мінулага па люты гэтага года і праходзіў у 5 тураў. Заданні штомесяц друкаваліся на старонках газеты “Зорька”. Адпаведна з’яўляліся новыя старонкі ў творчых дзённіках каманд. Здавалася б, што новага можна даведацца пра захапленні блізкіх людзей? Аказваецца, многае. Як потым прызнаваліся навучэнцы, часам аповеды бацькоў пра іх колішнія хобі былі зусім нечаканыя…
— І дапамаглі дарослым і дзецям духоўна зблізіцца, лепш зразумець адно аднаго.
Ужо дзеля гэтага варта было гуляць, — упэўнена старшыня Віцебскага абласнога савета грамадскага аб’яднання “БРПА” Юлія Іванова. — Вартай ідэяй арганізатараў была прапанова расказаць пра паважанага чалавека са свайго горада, вёскі. Між іншым, сярод такіх людзей — не толькі грамадскія актывісты, дзеячы культуры і мастацтва, спартсмены; мяне асабіста крануў сціплы аповед пра жанчыну, якая раней працавала на хлебазаводзе, а пасля выхаду на пенсію любіць збіраць у сваім доме дзятву і частаваць смачнай выпечкай…
…А яшчэ спадабаліся навучэнцам заданні на логіку, кемлівасць, уменне думаць нестандартна. Тыя ж генеалагічныя дрэвы з традыцыйнага фармату перайшлі ў трохмерны, выраслі ў малыя архітэктурныя формы — у шэрагу раёнаў потым з поспехам прайшлі іх выставы. З энтузіязмам хлопчыкі і дзяўчынкі збіралі загадкі і прыказкі пра Радзіму; нярэдка ілюстрацыямі ў альбомах служылі арыгінальныя фотаздымкі, выкананыя дзецьмі. Работу пераможцаў фіналу гульні коратка можна ахарактарызаваць як самую буйную па памеры (альбом фармату А3) і бездакорную па змесце. Адразу прыцягнуў увагу, заінтрыгаваў і пакарыў спачатку абласное, а потым і рэспубліканскае журы “жоўты чамаданчык”, запоўнены знаходкамі “Дзяцей Сонца” з Шуміліна. Добрая змена падрастае іх старэйшым сябрам-піянерам (якія, між іншым, летась перамаглі ў рэспубліканскай інтэлектуальна-творчай гульні “Цімураўцы.by” — і таксама пад кіраўніцтвам Святланы Емяльянавай). Моцную канкурэнцыю пераможцам саставілі школьнікі з Ушаччыны — што для прадстаўнікоў Кашчынскай сярэдняй школы зноў-такі традыцыя.
— Ва ўсім свеце дзеці ведаюць пра Шахеразаду, яе прыгоды, чытаюць дзіўныя гісторыі “Тысячы і адной ночы”. Але і ў свеце захапленняў мы часта сустракаем сапраўднае чарадзейства: тут спрадвеку валадарыць магія таленту і майстэрства, — лічыць Наталля Шыбека. — Таму сімвалічна, невыпадкова і вельмі прыемна, што родныя матывы ў выкананні хлопчыкаў і дзяўчынак з Віцебшчыны гучаць так пранікнёна, натхнёна і захапляюць ці не больш, чым аповеды знакамітай усходняй казачніцы.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена аддзелам піянерскай справы і дзіцячых рухаў
Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі.