Вогненная дзяўчына

- 14:30Спартыўныя падзеі

Ксеніі Чурсіной 15 гадоў, яна вучыцца ў 10 класе сярэдняй школы № 40 Віцебска і на сёлетнім чэмпіянаце свету сярод дзяўчат і юніёрак па пажарна-выратавальным спорце заваявала чатыры медалі. Мы пагутарылі з дзяўчынай і яе трэнерам намеснікам начальніка ПАВЧ № 3 Віцебска Вячаславам Боскавым пра бацькоўскія страхі, настройванне падлеткаў і спакой перад стартамі.

Пажарна-выратавальны спорт нарадзіўся ў 1937 годзе, калі прайшлі першыя спаборніцтвы пажарнай аховы НКУС СССР. У праграме былі пад’ём па штурмавой лесвіцы і трохкаленнай лесвіцы ў вокны вучэбнай вежы, 100-метровая паласа з перашкодамі, эстафета 6´100 м з тушэннем вадкасці, якая гарыць, баявое разгортванне, спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы, стральбе і гімнастыцы. Тры апошнія віды выключылі ў 1938 годзе. У Беларусі пажарны спорт развіваецца з 1947 года. Іван Васільевіч Шульга — першы чэмпіён свету з беларусаў. Ён стаў лепшым у 100-метровай паласе з перашкодамі ў 1973 годзе.

Уверх, як па прамой

Х чэмпіянат свету сярод юнакоў і юніёраў і VI чэмпіянат свету сярод дзяўчат і юніёрак праходзіў 9—15 жніўня ў Чакаўцы, Харватыя. З Віцебскай вобласці туды паехалі Ксенія Чурсіна і Ілья Грыгор’еў. Ілья стаў 5-м у пад’ёме па штурмавой лесвіцы і 6-м на 100-метровай паласе з перашкодамі. Ксенія ўзяла “серабро” ў пад’ёме па штурмавой лесвіцы (7,85 сек) і ў скла­дзе зборнай заваявала бронзавыя медалі ў эстафеце, баявым разгортванні і агульнакамандным заліку.

— Я займаюся пажарна-выратавальным спортам з пачатку 2018 года, тады мне было 12, — расказвае дзяўчына. — Прыйшла за старэйшымі сёстрамі, якія вельмі дапамаглі адаптавацца. Да гэтага хадзіла на лёгкую атлетыку, бегала доўгія дыстанцыі. Было цяжка перайсці на спрынт, але, дзякуючы трэнеру, усё атрымалася. Яшчэ ў пачатку вельмі баялася падымацца па штурмавой лесвіцы. З часам прызвычаілася, цяпер, калі падымаюся, ні пра што не думаю, нічога не адчуваю. Успрымаю гэта як звычайны гладкі бег. Бацькі за мяне хвалююцца, я іх супакойваю, але здараюцца і непрыемныя сітуацыі. На чэмпіянаце Беларусі сярод жанчын я ледзь не ўпала са “штурмоўкі” ўніз, бацькі прасілі больш іх так не пужаць.

Ксенія трэніруецца штодзень, акрамя нядзелі. Прыходзіць, размінаецца, потым адпрацоўвае канкрэтныя віды (пад’ём па штурмавой лесвіцы ці
100-метровую паласу з перашкодамі), у канцы — АФП. Па часе гэта займае ад 2 да 4 гадзін. Перад чэмпіянатам свету дзяўчына трэніравалася ў Мінску на зборах. Хутка знайшла агульную мову з новым настаўнікам, тым больш ён сябруе з асноўным трэнерам Ксеніі Вячаславам Боскавым і пры неабходнасці ўдакладняў у таго асаблівасці падрыхтоўкі.

— Перад чэмпіянатам свету я не асабліва хвалявалася. Раней на спаборніцтвах адчувала страх, але зараз працую са спартыўнымі псіхолагамі, і мой эмацыянальны стан дазваляе выходзіць на старт спакойнай. На канкрэтнае месца сябе не настройвала, проста хацела паказаць вынік, які паказваю на трэніроўках, годна выступіць і, калі атрымаецца, трапіць у тройку.

“Нашы выхаванцы часцей за ўсё становяцца трэнерамі, настаўнікамі фізічнай культуры і здароўя ці паступаюць ва Універсітэт грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь. А выхаванкі прафесіі выбіраюць розныя, для іх спорт хутчэй хобі”.

Побач, хоць анлайн

Напэўна, толькі трэнеры хочуць перамогі для сваіх выхаванцаў больш, чым самі спартсмены. Спачатку гады трэніровак, потым розныя адборы і нарэшце выступленне на самых важных спаборніцтвах. Такі доўгі шлях павінен быць узнагароджаны.

— На зборы, дзе адбіралі будучых удзель­нікаў чэмпіянату свету, трапілі чацвёра маіх выхаванцаў. У асноўны склад трапілі двое — Ксенія і Ілья, — расказвае Вячаслаў Боскаў. — Я ведаў, што выступяць яны добра. У Ксеніі была сур’ёзная матывацыя, бо яна самай юнай паехала на свой першы чэмпіянат свету ў 2019 го­дзе. Тады ёй не хапіла вопыту, але пасля вяртання мы разабралі ўсе памылкі, пачалі над імі працаваць. У наступным го­дзе Ксенія паставіла нацыянальны рэкорд у пад’ёме па штурмавой лесвіцы ў малодшай узроставай катэгорыі, выйграла на чэмпіянаце краіны. Хоць летась чэмпіянат свету не праходзіў, мы не расслабляліся, падтрымлівалі форму, удзельнічалі ва ўсіх магчымых спаборніцтвах. Зараз бачна: недарэмна. Акрамя індывідуальнага “серабра”, Ксенія магла атрымаць і залаты медаль у 100-метроўцы, але на фінішы ў яе адляцела гайка, таму спробу не залічылі. Ілья двойчы станавіўся чэмпіёнам Беларусі ў пад’ёме па штурмавой лесвіцы, даказаў на зборах, што ён у добрай форме, але на чэмпіянаце яму не хапіла вопыту.

Вячаслаў Аляксандравіч не паехаў з выхаванцамі ў Харватыю, але сачыў за іх выступленнямі анлайн на YouTube-канале Firesport Belarus. Зараз там можна паглядзець выніковы ролік з чэмпіянату. Ён такі энергічны, якасны і натхняльны, што адразу хочацца ўбачыць падобныя спаборніцтвы ўжывую.

— Пасля таго як выхаванцы зробяць спробу, яны мне тэлефануюць, мы абмяркоўваем, што рабіць, я даю ім настаўленні. Дзіця, асабліва падлетка, трэба настройваць. Калі штосьці не атрымліваецца, спартсмены засмучаюцца, не могуць са­брацца, тут важна падабраць правільныя словы. Для гэтага трэнер павінен быць вопытным, павінен ведаць характар кожнага выхаванца.

Шлях на чэмпіянат свету выглядае так: гарадскія спаборніцтвы — абласныя — чэмпіянат Беларусі — прагляд у Мінску. Далей фарміруецца склад спартсменаў, якія будуць прадстаўляць краіну на міжнародных і матчавых сустрэчах, чэмпіянаце свету.

Трэніроўкі для спрынтараў

Секцыя пажарна-выратавальнага спорту працуе ў Віцебску на спартыўнай базе МНС. У ёй тры ўзроставыя групы: малодшая (12—13 гадоў), сярэдняя (14—15 гадоў) і старэйшая (16—17 гадоў). Трэніроўкі праходзяць штодзень, акрамя выхадных, 2 разы на дзень па 1,5—2 га­дзіны. Ранішнія заняткі для тых, хто хо­дзіць у школу ў другую змену, вячэрнія — для тых, хто ў першую.

— Мы праводзім майстар-класы, спартландыі, прыходзім на ўрокі фізкультуры. Выбіраем сабе дзяцей і запрашаем з бацькамі да нас у манеж, дзе расказваем і паказваем, што гэта за від спорту. Чалавек, які ў яго прыхо­дзіць, павінен быць трывалым, хуткім, мець гімнастычныя і акрабатычныя даныя, таму мы шукаем жвавых дзяцей, якія добра сябе паказваюць на кароткіх дыстанцыях, — гаворыць Вячаслаў Боскаў.

Трэніроўкі ў секцыі падобны да трэніровак па лёгкай атлетыцы для спрынтараў. Дзеці вучацца азам бегу на кароткія дыстанцыі і тэхнічным элементам: як схапіць рукавы, як прабегчы па бервяне, як далучыць рукаўную лінію і г.д. Таксама працуюць над агульнафізічнай падрыхтоўкай.

— З малодшай групай мы тэхнічныя элементы не чапаем. Спачатку дзяцей трэба ўмацаваць, навучыць правільна выконваць практыкаванні, размінку. Потым пакрысе ўводзіць снарады, назіраць, што атрымліваецца, што — не. Цяжэй за ўсё выхаванцам даюцца злучэнне разгалінавання і хват рукавоў. Гэта робіцца на высокай хуткасці, патрабуе дакладнасці, сабранасці і не дапускае памылак, бо, калі ты памыліўся, спробу не залічаць.

Па меркаванні Вячаслава Аляксандравіча, поспех спартсмена залежыць ад яго ўзаемадзеяння з трэнерам. Калі яны давяраюць адно аднаму, калі разуме­юць, што робяць і навошта, калі шчыра пытаюцца, як у каго справы, тады будзе вынік. У віцебскага трэнера такое стаўленне да сваіх выхаванцаў абсалютна шчырае. Напэўна, гэта яшчэ адзін важны складнік поспеху.

У спаборніцтвы па пажарна-выратавальным спорце ўваходзяць:

• пад’ём па штурмавой лесвіцы. Спартсмен з лесвіцай у руках па сігнале бяжыць да вучэбнай вежы і падымаецца на яе любым спосабам. Галоўнае — не перашкаджаць іншым;

• 100-метровая паласа з перашкодамі. Удзельнік пераадольвае плот, бярэ рукавы, прабягае па бервяне (буме), злучае рукавы паміж сабой, бяжыць да разгалінавання, далучае да яго рукаўную лінію і пракладвае яе;

• дваябор’е. Уключае дысцыпліны, апісаныя вышэй;

•  эстафета 4´100 метраў. Замест эстафетнай палачкі — пажарны ствол. На першым этапе спартсмен падымаецца на дах доміка па штурмавой лесвіцы, саскоквае на бегавую дарожку за абмежавальную лінію і датыкаецца да пляцоўкі. На другім этапе трэба пераадолець плот, у гэты час у блясе падпальваецца вадкасць. На трэцім этапе спартсмен бярэ рукавы, прабягае па бервяне, далучае да разгалівання рукаўную лінію і пракладвае яе. Апошні спартсмен падбягае да вогнетушыцеля, нясе яго да бляхі і тушыць вадкасць;

•  баявое разгортванне. Удзельнікі дабягаюць да шчыта, дзе складзена пажарна-тэхнічнае ўзбраенне. Злучаюць магістральную лінію з мотапомпай і разгалінаваннем, пракладваюць дзве рабочыя лініі па адным рукаве. Ствольшчыкі становяцца за 45 м ад цэнтра шчыта, іншыя ўдзельнікі адначасова далучаюць усмоктвальны рукаў да заборнай сеткі і мотапомпы. Мотапомпа запускаецца, вада забіраецца з рэзервуара і падаецца па рукаўных лініях. Ствольшчыкі павінны напоўніць ёмістасці дзвюх мішэней па 10 літраў.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва К.Чурсіной.