Пра спосабы прафілактыкі і выкаранення падлеткавай злачыннасці карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказаў в.а. начальніка аддзела арганізацыі работы інспекцый па справах непаўналетніх Міністэрства ўнутраных спраў падпалкоўнік міліцыі Васіль Дземідовіч.
Актыўная барацьба
— Васіль Мікалаевіч, злачынствы якога характару здзяйсняюць падлеткі часцей за ўсё?
— Крадзяжы. Але калі раней колькасць крадзяжоў складала палову ад усіх учыненых злачынстваў, то цяпер гэты паказчык захоўваецца ў межах 30%. Прычым калі раней былі пераважна крадзяжы з аўтамотатранспарту (тых жа магнітол, ручной паклажы), то сёння сітуацыя кардынальна змянілася: падлеткі крадуць усё, пачынаючы ад мабільных тэлефонаў, веласіпедаў і заканчваючы грашыма ў розным памеры. На другім месцы стаіць хуліганства, калі непаўналетнія хочуць прадэманстраваць сваю “крутасць” і вечарам, як правіла, у стане алкагольнага ап’янення, могуць пашкодзіць маёмасць, транспарт, зламаць плот і інш. Акрамя таго, дзеці з’яўляюцца арганізатарамі і ўдзельнікамі боек з цялеснымі пашкоджаннямі.
— Вы яшчэ не згадалі наркотыкі, ужыванне і распаўсюджванне якіх у падлеткавым асяроддзі займаюць асобнае месца.
— Так, наркотыкі сталі вялікай праблемай не толькі для праваахоўных органаў, але і для ўсяго нашага грамадства. Мы вядзём актыўную барацьбу з гэтым злом. Раней сярод падлеткаў было вельмі папулярным ужыванне так званых спайсаў. І трэба сказаць, што мы іх перамаглі. Але сёння на змену спайсам прыйшлі новыя псіхатропныя рэчывы пад назвай “солі”. Яны вельмі моцна ўздзейнічаюць на цэнтральную нервовую сістэму дзіцяці, і да іх вельмі хутка прывыкаюць.
Акрамя ўжывання, падлеткі прыцягваюцца да збыту наркатычных сродкаў. Дарослыя вярбуюць іх на распаўсюджванне наркотыкаў, абяцаючы лёгкія грошы і беспакаранасць з-за іх непаўналецця. Але ілюзіі юных наркакур’ераў развейваюцца вельмі хутка. Лёс малалетніх закладчыкаў наркотыкаў зусім кароткі, 2 тыдні, не больш, ды і фінансавы прыбытак, які выдзяляюць ім куратары, мінімальны. Затое ступень адказнасці вельмі сур’ёзная. Яны трапляюць у турму і лепшыя юнацкія гады праводзяць у месцах зняволення.
— Зусім нядаўна з’явіўся такі від злачынства, як перадача рэквізітаў банкаўскай карткі іншай асобе. Некаторыя здзіўляюцца: што тут злачыннага?
— Гэты від злачынства зусім новы. Ён абазначаны заканадаўча як незаконны абарот сродкаў плацяжу ў артыкуле 222 Крымінальнага кодэкса. Гэтая норма была ўнесена ў 2021 годзе, і ёй прадугледжана крымінальная адказнасць за прадастаўленне аўтэнтыфікацыйных даных банкаўскай карткі іншым асобам. Пакаранне за гэтае злачынства прадугледжвае 10 гадоў пазбаўлення волі. У цяперашні час заканадаўства дазваляе непаўналетнім, якія дасягнулі 14 гадоў, атрымліваць асабістыя банкаўскія карткі ў неабмежаванай колькасці. Гэтым і карыстаюцца зламыснікі. Яны раяць непаўналетняму аформіць некалькі асабістых банкаўскіх картак і перадаць іх рэквізіты іншым асобам за пэўную плату, скажам, у памеры 20 рублёў за кожную. У далейшым гэтыя карткі выкарыстоўваюцца для разліку з закладчыкамі наркотыкаў. Жаданне атрымаць хуткія і лёгкія грошы падштурхоўвае моладзь займацца такімі махінацыямі і прадаваць рэквізіты сваіх банкаўскіх картак. Калі гаварыць у цэлым, то 70% злачынстваў здзяйсняюцца з мэтай лёгкага заробку.
Сёння колькасць злачынстваў, звязаных з банкаўскімі карткамі, імкліва расце. Толькі за апошні час такі крымінальны бізнес вырас у 5 разоў. Каб спыніць яго наступствы, мы вядзём актыўную інфармацыйную кампанію сярод бацькоў, педагогаў, кіраўнікоў устаноў адукацыі, каб яны ведалі пра такі від злачынства і прымалі дзейсныя меры. Са свайго боку мы ўнеслі змяненні ў артыкул 25 Грамадзянскага кодэксу, і з 19 лістапада гэтага года ўступяць у сілу заканадаўчыя нормы, згодна з якімі банкі змогуць выдаваць дзецям банкаўскія карткі толькі з дазволу і згоды бацькоў.
— А як наконт вэйпаў? Ці лічыцца злачынствам іх ужыванне? На думку нашых падлеткаў, калі ён не парыць (не курыць), то ён не ў трэндзе.
— Вэйп сапраўды лічыцца ў маладзёжным асяроддзі модным аксесуарам. Кожны падлетак імкнецца займець гэты электронны сродак курэння і зусім не задумваецца аб наступствах згубнай звычкі для свайго здароўя. Непаўналетнія могуць яго купіць, атрымаць злачынным шляхам, украсці, а бывае, што падлетку вэйп купляюць бацькі і нават заахвочваюць выкарыстоўваць менавіта яго, а не курыць звычайныя цыгарэты. За выкарыстанне вэйпа ў грамадскіх месцах падлеткі прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці.
Індывідуальная работа
— Пытанне напрошваецца само сабой. Як весці прафілактычную работу сёння? Якія павінны быць меры ўздзеяння на падлеткаў? Ці працуюць ранейшыя механізмы?
— Прафілактычныя гутаркі, якія мы праводзім ва ўстановах адукацыі сярод навучэнцаў, страчваюць сваю эфектыўнасць. Падлеткі, якіх мы затрымліваем па тым ці іншым правапарушэнні альбо злачынстве, як правіла, добра ведаюць пра законы, крымінальную адказнасць і пакаранне. Яны нават не раз удзельнічалі ў прафілактычных мерапрыемствах. Таму трэба весці індывідульную прафілактычную работу з ранняга ўзросту, пачынаючы з пачатковай школы. Як паказвае аналіз, найбольш эфектыўная форма прафілактыкі — выкарыстанне кіна- і відэаматэрыялаў. Сумесна з Белтэлерадыёкампаніяй наша міністэрства стварыла фільмы па прафілактыцы наркаманіі, педафіліі, кіберзлачынстваў. Мы знялі сумесна з Міністэрствам адукацыі фільм пра спосабы прыцягнення падлеткаў да незаконнага абароту наркотыкаў. Фільм кароткі, але вельмі даходліва расказвае аб гэтай праблеме. Мы дэманструем фільмы ў час нашых сустрэч з падлеткамі і дарослымі. Добры водгук атрымала правядзенне стрым-семінараў з удзелам асуджаных. Мы запрашаем падлеткаў, якія ў рэжыме анлайн размаўляюць з асуджанымі аднагодкамі, якія расказваюць сваю гісторыю: як трапілі ў месцы зняволення, што гэтаму папярэднічала, як яны жывуць сёння. Яшчэ адзін плюс гэтага мерапрыемства ў тым, што дзеці могуць самі задаваць пытанні зняволеным. Аповед асуджаных, іх вочы, у якіх застылі раскаянне і роспач, настолькі ўражваюць падлеткаў, што іншых слоў ужо не патрэбна, яны будуць лішнімі. Яшчэ большы ўплыў аказвае сустрэча непаўналетніх з асуджанымі, з якімі яны знаёмы асабіста.
Таксама запрашаем школьнікаў на экскурсіі ў месцы пазбаўлення волі. Звычайна ў іх удзельнічаюць падлеткі, схільныя да правапарушэнняў, якія стаяць на ўліку ў камісіях па справах непаўналетніх. Як гаворыцца, лепш адзін раз убачыць. Эфектыўнымі з’яўляюцца і круглыя сталы з удзелам урачоў-нарколагаў і наркаманаў, якія знаходзяцца ў стадыі ўстойлівай рэмісіі.
У цэнтры прафілактыкі на базе МУС існуюць чатыры асобныя лакацыі па прафілактыцы наркаманіі,
дзе падлеткі могуць даведацца больш падрабязна, што такое наркотык, як ён уздзейнічае на арганізм чалавека і якія наступствы яго ўжывання.
Такія цэнтры існуюць у кожным абласным горадзе.
Закон для парадку
— Што прадугледжваюць змяненні ў заканадаўстве, якія нядаўна ўступілі ў сілу?
— Калі разглядаць наш асноўны Закон “Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх”, то ў ім шмат новаўвядзенняў. Адным з іх прадугледжана аказанне дапамогі дзецям, якія знаходзяцца ў залежнасці ад алкаголю або наркотыкаў. Бацькі могуць накіраваць іх у спецшколу па сваёй заяве і рэкамендацыі ўрачоў-нарколагаў, каб яны там атрымалі неабходную дапамогу. Тэрмін знаходжання ў спецустанове можа складаць ад 3 месяцаў да 1 года. Але калі бацькі прынялі рашэнне забраць сваё дзіця, то яны могуць гэта зрабіць у любы час па ўзгадненні з урачамі. У спецыяльнай школе праводзяцца навучанне і выхаванне пацыентаў, а таксама іх лячэнне і рэабілітацыя. Папярэдне, каб распрацаваць гэтую норму і заканадаўча замацаваць, наша міністэрства разам з міністэрствамі аховы здароўя і адукацыі правялі маніторынг, наколькі гэтая норма будзе запатрабавана ў бацькоў. Зараз МУС сумесна з нашымі партнёрамі распрацоўвае пастанову на ўзроўні ўрада, у якой будуць рэгламентаваны ўмовы і парадак накіравання дзяцей ва ўстановы такога тыпу. Бацькі змогуць адправіць дзяцей у спецшколу па заяве з 11 студзеня 2025 года, калі нормы закона ўступяць у сілу.
— Чым характарызуецца ваша супрацоўніцтва з сістэмай адукацыі? Наколькі цесныя вашы зносіны?
— Мы плённа працуем з навучальнымі ўстановамі, з педагогамі, бацькамі. Пастаянна інфармуем іх, якія правапарушэнні сёння здзяйсняюць падлеткі, якія спосабы сярод злачынцаў існуюць, каб заманіць дзяцей у супрацьпраўныя дзеянні, якая адміністрацыйная і крымінальная адказнасць прадугледжана за іх. З развіццём інтэрнэт-тэхналогій такіх спосабаў стала вельмі многа, новыя з’яўляюцца кожныя паўгода. Самы галоўны рупар — бацькоўскі сход. Мы прысутнічаем на іх рэгулярна. Выкарыстоўваем інтэрактыўныя спосабы зносін, прадстаўляем прафілактычную інфармацыю ў бацькоўскіх і вучнёўскіх чатах. У гэтым нам аказваюць дапамогу педагогі, з якімі працуем у тандэме.
Дзякуючы пільнасці настаўнікаў, многія падлеткі пазбеглі крымінальнай адказнасці. Асаблівую ўвагу сваім падапечным павінен удзяляць класны кіраўнік, адкрываць дзецям новыя маршруты здаровага ладу жыцця, захапляць цікавымі заняткамі ў пазаўрочны час.
— Апошнім часам у метро гучыць сацыяльная рэклама. Дзеці звяртаюцца да сваіх бацькоў з пытаннямі аб наркотыках, рабоце кур’ера. А бацькі ў адказ: “Адчапіся, няма часу, потым”.
— Асноўная прычына правапарушэнняў дзяцей — гэта безнагляднасць і бескантрольнасць з боку бацькоў. Таму, звяртаючыся да татаў і мам, хачу ім сказаць: будзьце ў курсе таго, чым жывуць вашы дзеці, з кім сябруюць, куды ходзяць, будзьце пастаянна з імі на сувязі, калі яны не дома. Звяртайце ўвагу на псіхалагічны стан дзіцяці, калі яно задуменнае, сумнае, калі відаць, што яго нешта турбуе, яно сканцэнтравана не на вучобе, а на чымсьці іншым, сустракаецца з падазронымі дарослымі. Для педагогаў і бацькоў мы арганізоўваем трэнінгі па спосабах выяўлення дзяцей, якія сталі ахвярамі сексуальнага насілля, прадастаўляем асноўныя маркеры, на што трэба звяртаць увагу пры размове з дзецьмі. Не адмахвайцеся ад сваіх дзяцей, знаходзьце час на зносіны зараз, бо потым можа быць позна.
Ала КЛЮЙКО
Фота на прэўю з сайта pixabay.com, выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі