Ад лялькі да квадрацыкла

- 11:53Апошнія запісы, Навіны рэгіёнаў

На выставе тэхнічнага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Гродзенскай вобласці можна было ўбачыць звыш 600 экспанатаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і амаль 90 узораў тэхнічнай творчасці.

Выстава, прысвечаная 75-годдзю прафесійна-тэхнічнай адукацыі, сабрала работы прадстаўнікоў 34 навучальных устаноў з усіх куткоў Гродзенскай вобласці.
— Кожны дзень на працягу амаль месяца ў нас праходзілі экскурсіі, — расказвае выконваючая абавязкі дырэктара Гродзенскага абласнога дома навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі Тэрэза Серахан. — На выставе было на што паглядзець! Тут і калекцыі адзення, і традыцыйныя кірункі народнай творчасці — кераміка, саломка, і сучасныя, якія толькі пачынаюць развівацца. Усе работы зроблены з густам, быццам не юныя навучэнцы іх выканалі, а майстры-прафесіяналы.
Лялькі і кветкі з новага матэрыялу фаамерану прадставіла разам са сваімі вучнямі педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў № 1 Святлана Баркоўская. Вырабы, упрыгожаныя джутавай філігранню з нітак, выконваюць члены гуртка “Умелыя рукі” з Гродзенскага каледжа бытавога абслугоўвання насельніцтва. Навучэнцы Ваўкавыскага каледжа ГрДУ вырабляюць лялькі… з бяросты.
Надоўга спыняліся наведвальнікі каля творчых работ з керамікі і дрэва навучэнцаў Мірскага дзяржаўнага мастацкага прафесійнага каледжа, вырабаў са шкла, якія прадставілі навучэнцы Нёманскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя з Бярозаўкі Лідскага раёна. Хаця падоўгу можна было стаяць каля кожнага экспаната гэтай выставы.
Трэнажор-генератар і квадрацыкл, электраплуг і плывучая гідраэлектрастанцыя, інвертарны зварачны апарат — сярод тэхнічных распрацовак было шмат карысных і перспектыўных мадэлей.
За лепшую пастаноўку работы па развіцці дэкаратыўна-прыкладной творчасці дыпломамі І ступені ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама адзначаны: сярод устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі — Гродзенскі дзяржаўны прафесійны тэхналагічны каледж, Гродзенскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж бытавога абслугоўвання насельніцтва, Мірскі дзяржаўны мастацкі прафесійна-тэхнічны каледж, Бераставіцкі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй, Гродзенскі дзяржаўны будаўнічы прафесійны ліцэй і Гродзенскі дзяржаўны прафесійны ліцэй будаўнікоў № 1; сярод сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі — Ваўкавыскі каледж УА “Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы”.
За лепшую пастаноўку работы па развіцці тэхнічнай творчасці дыпломамі І ступені ўзнагароджаны сярод устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі Гродзенскі дзяржаўны прафесійны электратэхнічны каледж імя І.Шчаснага і Скідзельскі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй; сярод сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі — Лідскі каледж Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Дыпломамі ІІ і ІІІ ступені ўзнагароджаны яшчэ 15 устаноў адукацыі Гродзенскай вобласці.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Юрыя ІВАНЮКА.