Адаптацыя да школы — у гульні

- 12:50Псіхалогія +, Рознае партфолiо

Уласны вопыт дазваляе набыць упэўненасць у тым, што ў жыцці няма нічога выпадковага. Нядаўняя тэлефонная размова з натхнёным, клапатлівым настаўнікам пачатковых класаў 190-й сярэдняй школы Мінска, які ўжо рыхтуецца да навучальнага года, вымусіў весці дыялог менавіта на гэтую тэму. Як забяспечыць псіхалагічны камфорт дзецям на працягу ўсяго навучальнага года, і асабліва ў яго пачатку? Навучэнец любога ўзросту адчувальны да псіхалагічнага мікраклімату ў класе, але ў пачатковай школе, першым класе асабліва. Педагогу важна сустрэць дзяцей ветліва і радасна, перадаць гэты настрой навучэнцам і падтрымліваць яго на працягу года. Ёсць добры інструмент для наладжвання станоўчага кантакту сярод дзяцей, выяўленне лідараў, сарамлівых, разрадкі эмоцый, камандаўтварэння, актывізацыі, падтрымкі, зняцця напружання. Гэта — псіхалагічная гульня. Маючы ў запасе невялікі рэпертуар такіх гульняў, педагог можа скарыстацца імі ў адэкватнай сітуацыі. Час для гэтага знойдзецца на класнай гадзіне, на пазакласных мерапрыемствах, экскурсіях, а іншы раз і проста на ўроку з’явіцца неабходнасць у яе выкарыстанні.

Дыялог з чытачом

Прызначэнне любой гульні — не толькі падтрыманне дзіцячай весялосці і зацікаўленасці, але і развіццё таго ці іншага дзіцяці фізічна, псіхалагічна, інтэлектуальна. Дзеці проста гуляюць, атрымліваючы задавальненне і асалоду ад дзяцінства, не задумваюцца пра тое, што гульні садзейнічаюць іх развіццю і выхаванню ў псіхалагічным камфорце. Гульні, якія мы прапаноўваем, — гэта не проста забавы, а практыкаванні, прычым прыемныя і карысныя. Гэтыя спецыяльныя гульні-практыкаванні не толькі дазваляюць пазнаваць свет, але і знаёміцца з псіхалогіяй чалавека, таму мы можам смела назваць іх псіхалагічнымі гульнямі. Псіхалагічныя гульні не проста карысныя, а жыццёва неабходныя для нармальнага псіхічнага развіцця дзіцяці. Дзеці, як і дарослыя, пакутуюць ад непаразумення, сарамлівасці, боязі, няўпэўненасці, імпульсіўнасці, няўважлівасці. Гуляючы з дзяўчынкамі і хлопчыкамі, дарослыя могуць дапамагчы пераадолець і гэтыя цяжкасці.

“Нітка Арыядны”

Для гульні спатрэбіцца клубок нітак. Аптымальнае размяшчэнне дзяцей — у крузе. Педагог бярэ ў рукі клубок, называючы сваё імя, потым што-небудзь гаворыць пра сябе. Выказаўшыся, першы ўдзельнік заціскае канец ніткі ў руцэ і кідае клубок каму пажадае. Той, хто зловіць клубок, таксама выказваецца і кідае клубок наступнаму, заціскаючы ў сваіх пальцах частку ніткі. Калі хтосьці не хоча выказвацца, то проста заціскае нітку ў руцэ і кідае клубок наступнаму. Так клубок перадаецца, пакуль усе дзеці не заблытаюцца ніткай. Наступная задача — разблытаць павуціну: зрабіць усе дзеянні ў адваротным парадку.

“Як цябе завуць?”

Вядучы па чарзе кідае мяч гульцам, а тыя хуценька адказваюць на пытанне: “Як цябе завуць?” Просты варыянт — назваць імя. Больш складаны — выбраць псеўданім, які цябе характарызуе. Напрыклад: матэматык, рыцар, герой, золатавалоска, паэтэса, сінявочка, гімнастка.

“Прывітанне-прывітанне і тры прывітанні раніцай”

Усе разбіваюцца на пары. Кожнай пары прапаноўваецца прыдумаць варыянт прывітанняў і рукапацісканняў. На гэта трэба даць час (5 хвілін). Кожная пара паказвае сваё прывітанне. З усіх спосабаў на нейкі час выбіраецца адна ці дзве мадэлі, якія калектыўным рашэннем прызнаюцца лепшымі. Мадэлямі прывітання можна карыстацца ў гэтым калектыве, час ад часу змяняючы іх.

“Праслаўлялка”

Можна таксама рассесціся па крузе. Вядучы дае кожнаму гульцу запіску з імем аднаго з навучэнцаў. Калі прыйдзе чарга выказвацца ўдзельніку, то ён павінен сказаць штосьці добрае пра таго, хто напісаны ў гэтай запісцы. Можна прыдумаць розныя варыянты “праслаўлялкі”. Напрыклад, вядучы дае гульцу ў рукі любы прадмет (яблык, кветку) ці запіску з адным імем. Задача гульцоў — перадаючы прадмет па крузе, праслаўляць яго, гэта значыць, называць прыметнікі, якія яго характарызуюць (ружа: прыгожая, пахучая, мілая, лёгкая). Выйграе той, чый адказ будзе апошнім.
Аказаць псіхалагічную падтрымку першакласнікам ці навічкам можна, напрыклад, пры дапамозе гульні “Лялька Маша, лялька Даша”.

“Лялька Маша, лялька Даша”

Дзеці становяцца ў круг і лічылкай выбіраюць таго, хто павінен легчы на дыванок, расслабіцца, уявіць, што ён коцік, які адпачывае. Усе астатнія па чарзе павінны падысці да гэтай “цацкі”, ласкава і пяшчотна пагуляць з ёй. Яе можна гладзіць, тармасіць, пахлопваць, рабіць усё прыемнае для “цацкі”. Можна гульню разнастаіць. Разбіць дзяцей на групы. Кожны з членаў групы няхай на кароткі час ператворыцца ў такую жывую цацку і атрымае порцыю цяпла і ўвагі, якіх, магчыма, многім дзецям не хапае ў жыцці.
Актывізаваць, стварыць добры настрой, змякчыць адмоўныя эмоцыі дзяцей, а таксама развіць хуткасць рэакцыі дапамогуць гульні “Смех, ды і толькі”, “Падарожнікі”.

“Смех, ды і толькі”

Вядучы па чарзе кідае гульцам мяч ці іншы прадмет, які сімвалізуе пераход ходу да канкрэтнага гульца.
Задача гульца — хутка даць гэтаму прадмету смешную назву. Напрыклад, каструля — варылка, коцік — пушысцік, веласіпед — нагакрут. Калі гулец не прыдумаў варыянт, то часова яму мяч не кідаюць. Пераможцам становіцца той, хто даўжэй застаўся ў гульні.

“Падарожнікі”

Вядучы называе краіну, горад, вёску ці іншую мясцовасць, выбірае гульца, які адкажа на пытанне, што менавіта ён рабіў бы ў гэтым месцы? Напрыклад, вядучы называе слова “Афрыка”. Гулец адказвае: “Там бы я загараў на сонцы і еў бананы”. Калі гулец замарудзіўся з адказам, то выходзіць з гульні. Перамагае той, хто даўжэй за іншых пратрымаўся ў гульні.
Выяўляем лідараў разам з гульнёй “Далёка-далёка ў густым лесе”.

“Далёка-далёка ў густым лесе”

Гульцы садзяцца на крэслы, заплюшчваюць вочы. Вядучы гаворыць: “Далёка-далёка ў густым лесе… хто?” Павінен адказаць толькі адзін з гульцоў. Напрыклад: “Лісяняты”. Калі адначасова гучыць некалькі адказаў, то пытанне паўтараецца зноў. Вядучы не павінен умешвацца, а даць дзецям самім разабрацца і дасягнуць аднолькавага адказу на пытанне. Калі адзіны адказ атрыманы, вядучы прамаўляе наступную фразу: “Далёка-далёка ў густым лесе лісяняты… што робяць?” Адказы прымаюцца па тых жа правілах. Гуляйце пакуль не надакучыць. Звычайна атрымліваецца, што адзін ці некалькі гульцоў адказваюць больш за іншых. Менавіта яны валодаюць найбольш развітымі лідарскімі здольнасцямі.
Выхоўваючы і развіваючы дзіця, нам даводзіцца выхоўваць і развіваць сябе. Толькі ў такім узаемадзеянні магчымы поспех абодвух бакоў. Пачаўшы працаваць у гэтым, на першы погляд, парадаксальным рэчышчы, педагог адкрые для сябе новыя эмоцыі, пачуцці, думкі, што дабратворнай свежай крыніцай увальюцца ў раку яго наяўнага вопыту, натхняючы і матывуючы на новыя здзяйсненні.

Псіхалагічнае люстэрка

Наколькі актыўнае ваша дзіця

Актыўнасць чалавека — адна з найважнейшых крыніц яго жыццёвага поспеху, поспеху ў вучобе. Задайце дзецям наступныя пытанні і ацаніце адказы. Потым інтэрпрэтуйце іх. Вынікі тэста — усяго толькі арыенціры для педагога, бацькоў. І пасля тэста працягвайце назіраць, дзейнічаць, рабіць высновы. Як правіла, вынікі тэстаў дакладныя, але іншы раз вынік вызначаецца ўсяго толькі сітуацыяй. Наступны тэст дапаможа вам лепш зразумець дзіця. Яму трэба выбраць адзін з прапанаваных адказаў на пытанні.

1. Уяві, што ў цябе вольны час. Чым ты будзеш займацца?
А) Пайду гуляць на вуліцу, пагуляю ў рухавыя гульні.
Б) Пачытаю кнігу ці буду глядзець фільм.
В) Прыбяру ў кватэры ці займуся іншай карыснай справай.
2. Ты прыйшоў са школы ў пятніцу вечарам. Наперадзе — два свабодныя дні. Калі ты будзеш рабіць урокі?
А) У пятніцу і ў суботу я буду адпачываць, за ўрокі вазьмуся ў нядзелю.
Б) Усё залежыць ад настрою. Магчыма, некаторыя ўрокі я зраблю адразу.
В) Калі ў мяне ў пятніцу няма ніякіх спраў, то я прыступлю да ўрокаў.
3. Якая з прычын табе здаецца найбольш верагоднай для свята з сябрамі?
А) Я лічу, што добра правесці час з сябрамі можна заўсёды, як толькі з’явіцца вольны час.
Б) Усё залежыць ад сітуацыі.
В) Я лічу, што для свята патрэбна прычына, якая заслугоўвае ўвагі. Напрыклад, дзень нараджэння ці нешта іншае.
4. Уяві, што ты вырашыў прыдумаць апавяданне. Пра што яно будзе?
А) Я хацеў бы напісаць фантастычнае апавяданне.
Б) Я хацеў бы сачыніць прыгодніцкі раман.
В) Я хацеў бы напісаць апавяданне пра тое, што адбылося са мной ці маімі сябрамі.
5. Уяві, што ты ўдзельнічаеш у спектаклі. Якую ролю ты выбераш?
А) Я хацеў бы быць галоўным героем.
Б) Я хацеў бы іграць маленькую ролю.
В) Я хацеў бы быць гледачом ці рэжысёрам.
6. Падумай, чаго б табе хацелася больш за ўсё?
А) Мець больш вольнага часу.
Б) Каб усе жаданні выконваліся.
В) Стаць лепшым навучэнцам у школе.
7. Ці задавальняюць цябе твае адносіны з сябрамі?
А) Так, з сябрамі ў мяне цудоўныя адносіны.
Б) Задавальняюць, але іншы раз я люблю быць адзін.
В) Я вельмі мала кантактую з равеснікамі.
8. Калі табе бывае сумна?
А) Калі я адзін.
Б) Калі я вымушаны займацца нецікавай справай.
В) Мне ніколі не бывае сумна.
9. Уяві сабе такую сітуацыю. Ты гуляеш па лесе, раптам бачыш перад сабой роўную дарогу. Ты не ведаеш, куды яна вядзе. Што ты будзеш рабіць?
А) Абавязкова пайду па гэтай дарозе, не баючыся заблудзіцца.
Б) Пайду па дарозе, але недалёка.
В) Пастараюся вызначыць, куды вядзе дарога. Калі яна вядзе вельмі далёка, я нікуды не пайду.
10. Уяві, што ты ідзеш па дарозе. Раптам наперадзе ты бачыш звера (дракона, велізарнага тыгра ці інш.). Звер сядзіць на месцы і не спрабуе напасці на цябе. Што ты будзеш рабіць?
А) Пастараюся асцярожна падысці бліжэй. Можа, звер не такі небяспечны.
Б) Кіну ў звера камень ці палку і пагляджу на яго дзеянні.
В) Вярнуся назад.
11. Уяві, што звера ты ўдачна абмінуў і цяпер ідзеш далей. Раптам ты бачыш перад сабой вельмі прыгожую хатку. Што ты будзеш рабіць?
А) Абавязкова зайду ў хатку.
Б) Пастукаю ў дзверы ці ў акно і спытаю, ці дома гаспадары.
В) Не буду заходзіць у хатку.
12. Уяві, што ты ідзеш далей па лесе. І раптам бачыш, што перад табой стол, на якім шмат чаго смачнага. Побач нікога няма. За час падарожжа ты вельмі прагаладаўся. Што ты будзеш рабіць?
А) Паколькі стол накрыты, а побач нікога няма, я прысяду і паем.
Б) Вазьму са стала што-небудзь адно — яблык, цукерку ці пірог — і працягну свой шлях.
В) Нічога браць са стала не буду.
13. Ты ідзеш далей і раптам знаходзіш скарб. Там прыгожыя цацкі, упрыгажэнні, залатыя і сярэбраныя манеты. Што ты будзеш рабіць?
А) Пастараюся ўзяць з сабой усё, што знайду.
Б) Вазьму не ўсё, а крышку.
В) Нічога не буду браць.
14. Ты ідзеш далей і раптам прыходзіш да зачараванага горада (ці палаца). Табе кажуць, што выратаваць яго можа толькі чалавек, які прыйшоў здалёк. Для выратавання горада ці палаца трэба як след папрацаваць. Што ты будзеш рабіць?
А) Абавязкова пастараюся выратаваць зачараваны горад.
Б) Усё залежыць ад таго, ці не будзе для мяне гэта вельмі небяспечна.
В) Не буду нічога рабіць. Калі ў мяне будзе магчымасць, я прывяду сюды таго, хто мацнейшы за мяне і зможа дапамагчы на самай справе.

Калі дзіця адкажа на ўсе пытанні, азнаёмцеся з вынікамі тэста.
Калі дзіця выбірала пераважна адказы пад літарай “А” — яно аддае перавагу дзеянням, а не роздумам. У яго багатая фантазія, плюс да гэтага яно стараецца па магчымасці змяніць сітуацыю вакол сябе. Яно не спыняецца перад цяжкасцямі, не баіцца рызыкі. Штодзённае, аднастайнае, руціннае жыццё не для яго. Яно ніколі не будзе адчуваць сябе шчаслівым, займаючыся манатоннай работай. Дзіця пастараецца ўзяць ад жыцця ўсё. Няўдачы, цяжкасці не пужаюць яго. У далейшым, верагодней за ўсё, дзіця будзе выбіраць тое, што патрабуе актыўных і рашучых дзеянняў.
Калі дзіця ў асноўным выбірала адказы пад літараў “Б” — гэта сведчыць пра яго практычнасць і рацыянальнасць. Яно не будзе рызыкаваць дарэмна. Яно ўмее цвяроза ацэньваць свае сілы. Яму падыдзе любы від дзейнасці, які яно само палічыць найбольш цікавым. Паколькі дзіця на рэдкасць разважлівае, пастарайцеся не ціснуць на яго адносна выбару той ці іншай справы. У большасці выпадкаў дзіця само паспяхова вырашыць, што для яго лепш. А любыя настойлівыя парады і рэкамендацыі для яго недапушчальныя.
Калі дзіця выбірала пераважна адказы пад літарай “В” — варта ўважліва прыгледзецца да яго, магчыма, трэба стымуляваць яго актыўнасць. Дзіця аддае перавагу пазіцыі назіральніка. Яно пасіўнае: калі яму патрабуецца зрабіць нешта самастойна — яно імкнецца адысці ў цень. Цалкам верагодна, што дзіця проста адчувае сябе слабым, безабаронным, няўпэўненым. Яму неабходна развіваць свае ўменні і таленты, тады ў далейшым яму лёгка будзе знайсці сабе справу па душы.

Святлана РАДЗЬКОВА,
дацэнт кафедры псіхалогіі і прадметных методык
Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі.