Адпачываць трэба ўмець

- 11:18Авторские колонки, Колонка психолога

Вядучая рубрыкі — Наталля СТЭЛЬМАХ

 

 

 

 

 

Доўгачаканы летні адпачынак у разгары. Дзецям не трэба рана ўставаць у школу і рабіць дамашнія заданні. Можна расслабіцца і адпачываць! Але адпачываць таксама трэба ўмець.

Варта разумець, што лета для дзіцяці — гэта, у першую чаргу, перыяд адпачынку, і пазбаўляць дзяцей гэтай радасці ні ў якім разе нельга. Гэта раўназначна таму, калі б вас прымусілі працаваць без водпуску круглы год. Так што не варта перагружаць дзіця і прымушаць яго займацца. Лепш даць яму ўдосталь нагуляцца — так яно само засумуе па кніжках, сшытках і ўроках. Няправільна арганізаваны адпачынак можа не даць станоўчага выніку, і дзіця не набярэцца сіл перад новым навучальным годам. Як зрабіць адпачынак не толькі прыемным, але і карысным?

Некалькі парад бацькам, як арганізаваць летнія канікулы дзіцяці з найбольшай карысцю для яго.

  1. Падбярыце праграму адпачынку з улікам інтарэсаў і захапленняў дзіцяці. Напрыклад, калі яно займаецца спортам, можна адправіць яго ў спартыўны лагер ці арганізаваць заняткі ў спартыўнай секцыі. У Беларусі функцыянуе вялікая колькасць дзіцячых летніх лагераў: творчыя, спартыўныя, моўныя, аздараўленчыя (дзіцячыя санаторыі), патрыятычныя, лагеры палатачнага тыпу і шмат іншых. Абавязкова далучыце дзіця да абмеркавання летніх планаў незалежна ад яго ўзросту. Калі дзіця будзе адчуваць сваю ўцягнутасць у працэс прыняцця рашэнняў, шансы на атрыманне ім пазітыўнага вопыту падчас адпачынку павялічацца.
  2. Дапамажыце дзіцяці навучыцца плана­ваць свой дзень. Гэта вельмі важны навык, які спатрэбіцца ў будучыні. Можна пачаць з сумеснага складання раскладу на дзень, дзе будзе пазначаны час для заняткаў, адпачынку, прагулак і г.д.
  3. Старайцеся абмяжоўваць час, які дзіця праводзіць за камп’ютарам, тэлевізарам і іншымі гаджэтамі. Вольны час лепш выкарыстоўваць для заняткаў творчасцю, чытання кніг, заняткаў спортам, прагулак, міні-падарожжаў і г.д.
  4. Прадастаўце дзіцяці магчымасць право­дзіць вольны час на свежым паветры. Летам гэта асабліва важна. Сумесныя прагулкі, паездкі на прыроду і пікнікі дапамогуць дзіцяці расслабіцца і атрымаць асалоду ад летняга адпачынку.
  5. Як мага больш размаўляйце з дзіцем, цікаўцеся яго жыццём. Часам падчас вучобы на гэта не хапае часу. Ідэальным варыянтам было б, калі падчас канікул нехта з бацькоў таксама ўзяў бы водпуск. Сумесны сямейны адпачынак — ідэальны варыянт для згуртавання сям’і. Адпачынак жа павінен быць не толькі фізічным, але і эмацыянальным, запамінальным.
  6. Стварыце спакойную і расслабленую атмасферу дома. Для гэтага не трэба рабіць нешта надзвычайнае. Можна проста сядзець разам і размаўляць, слухаць музыку, глядзець фільм ці рабіць нешта прыемнае для ўсёй сям’і. Сумесная дзейнасць бацькоў і дзяцей, якія сталеюць, падчас летняга адпачынку можа стаць цудоўнай школай зносін і ўзаемаразумення.
  7. Арганізуйце дзецям здаровы сон і правільнае харчаванне. Лета — пара свежых ягад, садавіны і агародніны. Пастарайцеся, каб усе гэтыя прадукты ўваходзілі ў рацыён дзіцяці. Паўнавартасны адпачынак у летнія месяцы ўключае ў сябе не толькі забавы, але і клопат пра сваё здароўе.