Айчынныя спецыялісты выкарыстоўваюць у рабоце з дзецьмі метад «Серыйнае маляванне»

- 16:10Новости, Психолог в школе

Лета — гэта выдатны час для педагогаў­-псіхолагаў не толькі адпачыць, але і актуалізаваць веды, абмяняцца назапашаным за навучальны год практычным вопытам з калегамі. Менавіта такія задачы ставілі перад сабой арганізатары круглага стала па пытаннях выкарыстання метаду “Серыйнае маляванне”, які адбыўся надоечы ў БДПУ, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Эфектыўна і бяспечна

Па меркаванні ўдзельнікаў сустрэчы за круглым сталом (супрацоўнікаў Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі Інстытута псіхалогіі БДПУ), да якіх далучыліся анлайн педагогі-псіхолагі з усіх рэгіёнаў Беларусі, кожны педагог-псіхолаг у сваёй практычнай дзейнасці рана ці позна сутыкаецца з праблемамі дзяцей, якія цяжка выявіць, а яшчэ цяжэй вырашыць традыцыйнымі метадамі псіхалагічнай дыягностыкі і карэкцыі. Спецыялісту відавочна, што з дзіцем штосьці адбываецца, яно ад нечага пакутуе, аднак не можа ці не хоча расказаць аб той сітуацыі, у якой яно апынулася, ці аб тым, што з ім адбываецца. Магчыма, гэта трывожнасць з-за булінгу аднакласнікаў ці перажыванне траўмы пасля гвалту (у тым ліку сексуальнага). Пра такое дзіця баіцца нават падумаць, не тое што загаварыць. У гэтым выпадку на дапамогу педагогу-псіхолагу прыйдуць аркуш паперы, пэндзлі і фарбы. Гэты сціп­лы набор інструментаў дазволіць прымяніць у рабоце альтэрнатыўны метад псіхалагічнай дапамогі “Серыйнае маляванне”.

Серыйнае маляванне — эфектыўны і бяспечны спосаб адрэагаваць негатыўныя эмоцыі і траўміруючыя падзеі, вырашыць унутраныя канфлікты і зняць псіхаэмацыянальнае напружанне ў дзяцей.

Педагогі-псіхолагі Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі Інстытута псіхалогіі БДПУ пры падтрымцы Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі прайшлі навучанне метаду “Серыйнае маляванне” па аказанні экстраннай псіхалагічнай дапамогі дзецям, якія адчуваюць стрэс і трывогу. Па словах начальніка РЦПД Аксаны Альшэўскай, за тры гады практычнага прымянення серыйнага малявання ў сваёй рабоце спецыя­лісты цэнтра назапасілі ўнікальны вопыт і выдатна авалодалі метадам. Таксама Аксана Міхайлаўна ўпэўнена, што надышоў час дзя­ліцца ведамі і навыкамі. Першыя вучэбныя праграмы для калег з устаноў адукацыі (з далейшай супервізійнай падтрымкай) ужо праведзены. Альтэрнатыўны метад працуе і карыстаецца попытам у псіхолагаў-практыкаў.

Проста намаляваць карцінку

Паглыбімся ў тэорыю пытання і практыку прымянення метаду. Як паведамілі на сустрэчы педагогі-псіхолагі РЦПД, метад серыйнага малявання заснаваны на прынцыпах юнгіянскай тэрапіі і прадугледжвае штотыднёвае маляванне на вольную тэму ў прысутнасці псіхолага.

Няўжо так проста? І гэта працуе? Яшчэ як!

К.Г.Юнг быў упэўнены, што псіхіка чалавека — гэта не толькі захавальніца выцесненых эмоцый, але і крыніца вылячэння і здароўя. Вядомы псіхолаг лічыў, што ў стрэ­савых сітуацыях чалавек звяртаецца да ўнутранай сферы бессвядомага, каб знайсці там вобразы, якія маюць своеасаблівае насенне для вылячэння. Такім чынам, калі накіроўваць павышаную ўвагу на творчасць дзіцяці і на вобразы, якія яно паказвае, то можна не толькі змяніць сітуацыю крызісу да лепшага, але і стварыць перадумовы да вылячэння дзіцяці і абагачэння яго ўнутранага жыцця. Просты па сутнасці метад серыйнага малявання, да таго ж незатратны па матэрыялах, дазваляе гарманізаваць псіхаэмацыянальны стан дзіцяці за 8—12 сустрэч па 35—45 хвілін кожная.

У чым жа яго сутнасць?

Неабходна стварыць спецыяльныя ўмовы для актывізацыі прыродных механізмаў вылячэння: стабільнае месца, рэгулярны час, абазначаная колькасць сустрэч, рытуалы пачатку і завяршэння заняткаў, абазначаныя правілы захоўвання серыі малюнкаў у псіхолага на ўвесь тэрапеўтычны перыяд і вернісаж падчас апошняй сустрэчы. Падчас заняткаў псіхолаг просіць дзіця “проста намаляваць карцінку”. Так фарміруюцца пэўныя ўзаемаадносіны паміж дзіцем і псіхолагам, а дзіцячыя праб­лемы знаходзяць сімвалічнае выяўленне ў малюнках. У выніку ўзнікае магчымасць вылячэння дзіцяці і вырашэння яго ўнутраных канфліктаў.

Пачаць з белага ліста

Выраз “пачаць з белага ліста” знаёмы кожнаму з нас. У мета­дзе “Серыйнае маляванне” ён ужываецца ў прамым значэнні. Вось дзяўчынка, якая прыйшла да педагога-псіхолага з трывож­насцю, некалькі заняткаў малюе набярэжную. Спачатку пад пэндзлем дзіцяці ажываюць хвалі і неба, пасля да іх дадаецца каменная кладка набярэжнай, мост з гнуткімі металічнымі парэнчамі і нарэшце лёгкі фіялетавы шалік, які трапеча пад ветрам. Чый ён, гэты шалік? Можа, яго хтосьці забыўся, можа, хтосьці кінуў, а можа, гэта шалік чалавека, якія зараз у вадзе, адказвае аўтар малюнка. Серыйнае маляванне дазваляе спецыялісту зразумець, што праблема ў дзіцяці не толькі з трывожнасцю, але і са складанымі ўзаемаадносінамі з мамай.

Хлопчык з агрэсіяй раз-пораз малюе танкі. А вось на малюнку яшчэ адной дзяўчынкі — літаральна дзясятак мазкоў фарбай, у якіх заключана ўсё няпростае жыццё дзіцяці. На белым аркушы — некалькі кветак на ледзь абазначанай клумбе, а над імі пад аблокамі і сонейкам трымціць маленькі матылёк. Тут намаляваны і булінг аднакласнікаў, і неразуменне з боку бацькоў, і няшчаснае ка­ханне…

Як сцвярджаюць педагогі-псіхолагі Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі, белы ліст паперы ператвараецца для дзіцяці ў бяспечнае месца для размяшчэння праекцый сваіх эмоцый у выглядзе сімвалаў і вобразаў, з якімі дзіцячая псіхіка ў свой час не справілася, якія былі падаўлены, але не перапрацаваны, не адрэагаваны, як кажуць спецыялісты, экалагічна. Пры такім бяспечным выяўленні эмацыянальны стан дзіцяці стабілізуецца, узнікаюць новыя вобразы і пачуцці, якія дазваляюць пераадолець траўму.

Выявіць свае пачуцці

Зразумела, што пры выкарыс­танні метаду “Серыйнае маляванне” ў педагога-псіхолага ёсць яшчэ адна важная частка работы — ампліфікацыя малюнкаў (тэхніка работы з псіхалагічна значным матэрыялам метадам пашырэння поля яго разуменняў і значэнняў). Спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі падзяліліся з калегамі сваім вопытам аналізу, інтэрпрэтацыі малюнкаў, ведамі, якія педагогі-псіхолагі прымянялі, каб зразумець, што ж насамрэч адбываецца з дзіцем. Свае гіпотэзы яны суадносілі з вынікамі дыягностыкі, тэстаў, праведзеных на папярэднім этапе з дзіцем і яго бацькамі.

А дзіця можа пакутаваць па самых розных прычынах. Яно можа цяжка перажываць развод бацькоў і канфлікты ў сям’і, пераезд на новае месца жыхарства і змену школы, гараванне пасля страты роднага чалавека і перажыванне разлукі з блізкімі людзьмі, булінг, дамашні гвалт, сексуальнае насілле і г.д. Такое дзіця пакутуе ад стрэсу, трывог, страхаў, можа стаць агрэсіўным. Зразумела, што такому дзіцяці неабходна тэрміновая псіхалагічная дапамога. Як сведчаць псіхолагі-практыкі, метад “Серыйнае маляванне” дазваляе не толькі высветліць прычыны праблем у дзіцяці, але і трансфармаваць негатыўныя перажыванні, стварыць умовы для іх адрэагавання, паказаць бацькам, як іх дзіця рэагуе на траўміруючую сітуацыю, і навучыць іх больш эфектыўным зносінам з дзіцем, каб яно магло выявіць свае пачуцці ў поўнай ступені.

Дзяржаўная задача

Намеснік старшыні Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь спадарыня Габрыэла Акімава падкрэсліла значнасць супрацоўніцтва з БДПУ. Сучаснаму грамадству важна клапаціцца не толькі пра фізічнае здароўе дзіцяці, але і пра яго псіхалагічны дабрабыт. Сапраўдным цудам яна назвала той момант, калі ў рамках серыйнага малявання пасля змрочных фарбаў на малюнках дзіцяці паступова з’яўляюцца сонечныя адценні. Значыць, дзіцячая праблема вырашаецца.

Айчынныя педагогі-псіхолагі ўсё больш звяртаюцца да практыка-арыентаваных падыходаў у сваёй дзейнасці, і гэта варта горача вітаць. Такое меркаванне падчас сустрэчы за круглым сталом выказала першы прарэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Святлана Копцева. Спецыялісты адчуваюць дэфіцыт тэхнік работы з падлеткамі, якія не могуць дакладна апісаць свой стан, раскрыць свае перажыванні. І тут метад серыйнага малявання вельмі падыходзіць для работы педагога-псіхолага. Толькі сёлета каля 40 дзяцей атрымалі псіхалагічную дапамогу ў яго рамках.

— Упэўнена, што метад “Серыйнае маляванне” трэба актыўна ўкараняць у падрыхтоўку студэнтаў — будучых псіхолагаў, каб яны былі гатовы спраўляцца з новымі выклікамі і праблемамі ў дзяцей. Таму што клопат пра псіхалагічнае здароўе падрастаючага пакалення з’яўляецца сур’ёзнай дзяржаўнай задачай, — адзначыла Святлана Іванаўна.

Наталля КАСТЭНКА
Фота аўтара