Альбіна Давідовіч – пра эксперыментальную і інавацыйную дзейнасць у дашкольнай адукацыі

- 11:04Компетентно, Школа управления

Аб сённяшнім стане дашкольнай адукацыі і напрамках, якія будуць прыярытэтнымі ў новым навучальным годзе, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала Альбіна Давідовіч, намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі — начальнік аддзела дашкольнай адукацыі галіновага міністэрства.

З улікам сучасных норм

— Альбіна Леанідаўна, ці папоўнілася сетка ўстаноў дашкольнай адукацыі новабудоўлямі?

— У гэтым годзе запланавана ўвесці ў строй 15 устаноў дашкольнай адукацыі і адну ўстанову агульнай сярэдняй адукацыі, дзе прадугледжаны месцы для дзяцей дашкольнага ўзросту. У цяперашні час 3 установы дашкольнай адукацыі, якія разлічаны на 650 месцаў, ужо ўведзены ў эксплуатацыю. Гэта дзіцячыя сады ў Ашмянах Гродзенскай вобласці, у вёсцы Копішча Мінскай і ў Бабруйску Магілёўскай абласцей. Яны пабудаваны з улікам сучасных норм, патрабаванняў, адказваюць усім сучасным тэндэнцыям будаўніцтва ўстаноў дашкольнай адукацыі, у тым ліку там створаны ўмовы для навучання і выхавання дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

 У мінулым навучальным го­дзе ў краіне функцыянавалі 3750 устаноў дашкольнай адукацыі, з якіх непасрэдных устаноў дашкольнай адукацыі налічваецца 2795 з агульнай колькасцю выхаванцаў 355,7 тысячы дзяцей. Традыцыйна ў сістэме дашкольнай адукацыі вельмі высокі паказчык ахопу дзяцей узроставай катэгорыі да 6 гадоў. На працягу апошніх 5 гадоў ён трымаецца на ўзроўні амаль 90%. На 100% забяспечана падрыхтоўка дзяцей 5-гадовага ўзросту да школы. І мы перакананы, што для кожнага дзіцяці ў нас забяспечаны роўныя стартавыя магчымасці для працягу адукацыі ўжо ў пачатковай школе, што пацвярджае выкананне ўсіх тых дзяржаўных сацыяльных стандартаў, якія ўстаноўлены ў сферы адукацыі.

Сёння ў сферы дашкольнай адукацыі працуюць звыш 55 тысяч педагагічных работнікаў, дзе больш за палову, а гэта 66%, — педагогі з вышэйшай адукацыяй, амаль 61% — з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй. Работа па прафесійным удасканаленні работнікаў будзе працягнута. Якасць падрыхтоўкі педагагічных кадраў, іх прафесійны ўзровень, безумоўна, уплываюць на якасць дашкольнай адукацыі.

— У гэтым годзе пачалі рэалізоўваць галіновую праграму развіцця і ўдасканалення дашкольнай адукацыі на 2024—2025 гады. Якія яе асноўныя напрамкі?

— Ва ўсіх рэгіёнах зацверджаны і рэалізуюцца аналагічныя рэгіянальныя праграмы. Яны накіраваны на тыя ключавыя пазіцыі, якія неабходны для стварэння ўмоў для навучання і выхавання дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту. Гэта не толькі арганізацыя адукацыйнага працэсу, яго зместавае напаўненне, кадравы патэнцыял, але і матэрыяльныя рэсурсы, якія ўключаюць абсталяванне надворных гульнявых пляцовак, аснашчэнне харчаблокаў, групавых памяшканняў. У красавіку гэтага года прыняты новы пералік мэблі і сродкаў навучання, якія неабходны для арганізацыі вучэбнага працэсу ва ўстановах дашкольнай адукацыі. І ў далейшым усе мерапрыемствы, якія нацэлены на рэсурснае забеспячэнне, будуць улічваць тыя новыя тэндэнцыі, якія адлюстраваны ў гэтым нарматыўным прававым дакуменце. Ім зацверджаны патрабаванні, якія прад’яўляюцца да вучэбна-матэрыяльнай базы ўстаноў не толькі дашкольнай, але і спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі. На мясцовым узроўні будзе звяртацца ўвага на стварэнне ва ўстановах дашкольнай адукацыі груп інтэграванага навучання, спецыяльных груп, дзе будуць вучыцца і выхоўвацца дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Адзін з прыярытэтных кірункаў, над якімі мы працуем, — аптымізацыя адміністрацыйных працэдур. Гэта пастаноўка на ўлік дзяцей, якія будуць атрымліваць дашкольную адукацыю, і выдача накіраванняў ва ўстановы дашкольнай адукацыі.

Сумесным рашэннем адпаведных рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання мы праводзім усе неабходныя мерапрыемствы для пераводу гэтых адміністрацыйных працэдур у электронны фармат. Гэта істотна спросціць і аптымізуе працэдуру атрымання месца ва ўстанове дашкольнай адукацыі.

Якасць на кантролі

— Ці мае новыя рысы эксперыментальная і інавацыйная дзейнасць у дашкольнай адукацыі?

— Ва ўстановах дашкольнай адукацыі ў мінулым годзе рэалізавана 4 эксперыментальныя і 9 інавацыйных праектаў. У эксперыментальных прымалі ўдзел 76 устаноў, у інавацыйных — 117. Тэматыка іх вельмі разнастайная, і ў іх апрабоўваюцца вынікі навукова-­даследчых работ, якія праводзіліся па заданні Міністэрства адукацыі. Гэта логіка-матэматычнае развіццё выхаванцаў, распрацоўка зместу адукацыі для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця з улікам прынцыпу інклюзіўнасці, грамадзянска-патрыятычнае і духоўна-маральнае выхаванне, розныя аспекты міжасобасных зносін і пераемнасці дашкольнага і школьнага ўзростаў. У гэтым годзе частка навуковых даследаванняў па грамадзянска-патрыятычным выхаванні будзе працягнута. Так, па даручэнні Міністэрства адукацыі ў БДПУ імя Максіма Танка распрацоўваюцца інтэрактыўныя, дыдактычныя гульні і заданні, што будзе спрыяць удасканаленню арганізацыі адукацыйнага працэсу, павышэнню якасці дашкольнай адукацыі, што вельмі актуальна ў Год якасці.

З мэтай удасканалення гэтага кірунку пачата распрацоўка крытэрыяў ацэнкі якасці дашкольнай адукацыі. Акадэмія адукацыі ажыццяўляе навукова-даследчую работу па распрацоўцы навукова-метадычнага забеспячэння ацэнкі дзейнасці дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі.

Упершыню ў гэтым навучальным годзе Акадэміяй адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі арганізаваны маніторынг якасці дашкольнай адукацыі, па выніках якога мы намецім тыя мерапрыемствы, якія будзем арганізоўваць у мэтах удасканалення нацыянальнай сістэмы дашкольнай адукацыі.

Традыцыйна да новага навучальнага года забяспечваем установы дашкольнай адукацыі вучэбна-метадычнымі дапаможнікамі. Выдадзена 8 найменняў, сярод якіх вядомы вучэбна-метадычны комплекс “Мае першыя ўрокі”. Што тычыцца дапаможнікаў для педагагічных работнікаў, то яны выпускаюцца на працягу ўсяго навучальнага года, і сёння ўсё ідзе па плане.

— Нормы рэжыму дзейнасці ўстановы дашкольнай адукацыі ўжо распрацаваны?

Рэжым дзейнасці ўстаноў дашкольнай адукацыі ўрэгуляваны на заканадаўчым узроўні і ўстаноўлены Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі. Рэжым можа складаць ад 2 да 7 гадзін, 10,5 га­дзіны, 12 і 24 гадзіны. У адпаведнас­ці з даручэннем кіраўніка дзяржавы ён прыведзены ў адпаведнасць з рэжымам работы прадпрыемстваў і арганізацый.

Мясцовым уладам дадзена даручэнне, каб да 1 верасня яны максімальна ўлічылі рэгіянальныя асаблівасці і скарэкціравалі рэжым работы ўстаноў дашкольнай адукацыі.

Гэта можа быць фарміраванне асобных груп альбо дзей­насць установы ў цэлым. Найбольшая колькасць устаноў у мінулым навучальным годзе працавала ў рэжыме 10,5 гадзіны, што складае 77,6% ад іх агульнай колькасці, ёсць і такія, дзе працягласць работы складае 12 і 24 гадзіны. Амаль усе дзіцячыя сады Мінска функцыянуюць у 12-гадзінным рэжыме.

У мінулым годзе ўпершыню была прадастаўлена магчымасць атрымліваць дашкольную адукацыю дома тым дзецям, якія па медыцынскіх паказчыках не могуць наведваць установу дашкольнай адукацыі пастаянна, — для 1678 выхаванцаў з 135 устаноў дашкольнай адукацыі. Такі напрамак будзем рэалізоўваць і сёлета.

На развіццё асобы дзіцяці

— Якім будзе змест вучэбнай праграмы для дашкалят? На што будзе звернута асаблівая ўвага?

У новым навучальным годзе прадоўжыцца рэалізацыя вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі, якая носіць комплексны характар. Змест распрацаваны для кожнай узроставай катэгорыі — ад ранняга ўзросту і да моманту пераходу дзіцяці ва ўстанову агульнай сярэдняй адукацыі, гэта значыць для дзяцей 6—7 гадоў, якія па тых ці іншых прычынах засталіся вучыцца і выхоўвацца ў дзіцячым садзе. Задачы вучэбнай праграмы — выхаванне ў дзяцей грамадзянскасці і патрыятызму, нацыянальнай самасвядомасці на аснове дзяржаўнай ідэалогіі, фарміраванне культуры ў галіне аховы навакольнага асяроддзя і прыродакарыстання з улікам дасягнення Мэт устойлівага развіцця. Міністэрствам адукацыі распрацаваны метадычныя рэкамендацыі, як арганізаваць вучэбны працэс у дзіцячых садах, якія формы работы найбольш эфектыўныя. Рэкамендацыі распрацаваны на аснове вопыту, назапашанага ўстановамі дашкольнай адукацыі, і напрацовак педагогаў. Таксама ўлічаны рэкамендацыі, прадастаўленыя Генеральнай пракуратурай і якія тычацца тэматыкі ў рамках расследавання генацыду беларускага народа. Мы праводзім мерапрыемствы не толькі для педагагічных работнікаў устаноў дашкольнай адукацыі, але і з удзелам дзяцей дашкольнага ўзросту непасрэдна ў дзіцячых садах, улічваючы іх узроставыя асаблівасці. На забеспячэнне рознабаковага развіцця асобы дзіцяці і стварэнне ўмоў для яго ранняй сацыялізацыі ў змесце вучэбнай праграмы прадстаўлены шырокі спектр адукацыйных галін: фізічная культура, элементарныя матэматычныя ўяўленні, развіццё маўлення і культура маўленчых зносін, выяўленчае, музычнае мастацтва, мастацкая літаратура. Змест вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі рэалізуецца не толькі на занятках, але і ў рамках нерэгламентаванай дзейнасці — у час прагулак, гульняў, якія мы максімальна выкарыстоўваем як любімы від дзейнасці ў дзяцей.

— Наколькі дзеці забяспечаны месцамі ў дзіцячых садах?

— У нас выконваюцца сацыяльныя стандарты па забеспячэнні месцамі дзяцей ва ўстановах дашкольнай адукацыі. Заклапочанасць выклікае Мінскі раён, дзе па апошніх даных у першым паўгоддзі 2024 года 2340 дзяцей не забяспечаны месцамі па месцы пражывання. Ёсць напружанасць у новых мікрараёнах Мінска, дзе актыўна вя­дзецца будаўніцтва жылога масіву, асабліва для мнагадзетных сем’яў, і не заўсёды прадастаўляюцца месцы ў дзіцячых садах у крокавай даступнасці. Задзейнічаны ўсе рэсурсы для таго, каб дзіця паступіла ў дзіцячы сад, найбліжэйшы да яго дома.

Працэдура прадастаўлення месца аптымізавана за кошт увядзення такой інавацыі, як інтэрактыўныя карты. Яны размешчаны на сайтах Міністэрства адукацыі, упраўленняў адукацыі рэгіёнаў, якія прадастаўляюць інфармацыю, у якой канкрэтна ўстанове дашкольнай адукацыі ёсць свабодныя месцы і ў якой узроставай групе.

Аналагічныя карты створаны і ў сістэме агульнай сярэдняй адукацыі, дзе прадстаўлены адпаведныя звесткі. Гэта дае магчымасць бацькам аператыўна вызначыць тую ўстанову адукацыі, якая ім найбольш падыходзіць.

 Ала КЛЮЙКО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА