Алена Карповіч — пра сучасныя вектары развіцця адукацыі Капыльшчыны

- 13:39Планерка

Як у трэндзе сучасных запытаў грамадства развіваецца сістэма адукацыі Капыльскага раёна, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала начальнік ўпраўлення адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алена Карповіч.

— Алена Алегаўна, як у трэндзе сучасных запытаў грамадства развіваецца сістэма адукацыі раёна?

— Яна развіваецца дынамічна — з улікам прыярытэтных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі і выхавання, а таксама патрэб грамадства. Асноўныя прыярытэты ў нашай рабоце — даступнасць, якасць, эфектыўнасць адукацыйных працэсаў. Сёння школа фарміруе ў вучняў неабходныя навыкі, кампетэнцыі, спрыяе іх прафесійнаму самавызначэнню, асобаснаму станаўленню. У раёне вядзецца актыўная работа па навучанні школьнікаў асновам фінансавай дасведчанасці, назіраецца станоўчая дынаміка ў рэалізацыі праектнай дзейнасці, развіваецца STEM-адукацыя, удасканальваецца інфармацыйна-адукацыйная прастора. Канкурэнтаздольнасць сістэмы адукацыі забяспечваюць 643 педагогі. З іх 1 настаўнік-метадыст, 186 настаўнікаў з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй і 322 — з першай.

На Капыльшчыне працуюць 35 навучальных устаноў. Сярод іх 20 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі: гімназія, пачатковая школа, 2 базавыя школы, 16 сярэдніх школ, а таксама 12 устаноў дашкольнай адукацыі, у тым ліку дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці, установа дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, сацыяльна-педагагічны цэнтр.

Дзеці ранняга і дашкольнага ўзросту цалкам забяспечаны месцамі ў дзіцячых садах, пяцігадовыя хлопчыкі і дзяўчынкі на 100% падрыхтаваны да навучання ў школе. Сёлета ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці “Сонейка” Капыля пачалася рэалізацыя адукацыйнага праекта Парка высокіх тэхналогій “Інфарматыка без разеткі”.

— Раскажыце падрабязней аб праектнай дзейнасці ва ўстановах адукацыі раёна.

— У гэтым навучальным годзе ў 19 установах адукацыі рэалізуюцца 22 праекты: 3 эксперыментальныя, 5 інавацыйных і 14 педагагічных. Палова з апошніх — абласныя.

Напрыклад, у Лясноўскім дзіцячым садзе, а таксама дзіцячых садах № 1, № 2 Капыля эксперыментальна апрабоўваюцца дыдактычныя матэрыялы, накіраваныя на логіка-матэматычнае развіццё выхаванцаў старэйшага дашкольнага ўзросту. У Семежаўскай сярэдняй школе імя М.С.Высоцкага ўкараняюцца тэхналогіі мнагамернага чытання для фарміравання функцыянальнай дасведчанасці малодшых школьнікаў. У Лясноўскай сярэдняй школе прымяняюцца мадэлі семантызацыі духоўна-маральных паняццяў і катэгорый на аснове традыцыйных каштоўнасцей беларускага народа. У гімназіі № 1 Капыля імя М.В.Рамашкі і Старыцкай сярэдняй школе ўкараняюцца мадэлі фарміравання функцыянальнай дасведчанасці вучняў з дапамогай інтэграцыі педагагічных і лічбавых тэхналогій. Мадэль арганізацыйна-метадычнага забеспячэння дзейнасці рэсурснага цэнтра па духоўна-маральным выхаванні праходзіць апрабацыю ў сярэдняй школе № 2 Капыля імя Цішкі Гартнага.

Праектная дзейнасць устаноў адукацыі накіравана на ўдасканаленне адукацыйнага працэсу, фарміраванне ў вучняў даследчых кампетэнцый, грамадзянска-патрыятычных якасцей, ключавых кампанентаў функцыянальнай дасведчанасці, развіццё нацыянальнай самасвядомасці, экалагічнай кампетэнцыі.

— Ведаю, што ў раёне пашыраецца спектр профільных класаў…

—  Педагагічныя групы функцыяну­юць у гімназіі № 1 Капыля імя М.В.Рамашкі, капыльскіх сярэдніх школах № 3, № 2 імя Цішкі Гартнага, Семежаўскай сярэдняй школе імя М.С.Высоцкага. Аграрныя групы дзейнічаюць на базе Лясноўскай і Старыцкай сярэдніх школ, Цімкавіцкай сярэдняй школы імя Кузьмы Чорнага. У гэтым навучальным годзе ў раёне адкрыліся 2 інжынерныя класы.

Навучэнцы старшых класаў вучацца па спецыяльнасцях “Аператар электронна-вылічальных машын (персанальна-вылічальных машын)”, “Швачка”, “Прадавец” у Капыльскім дзяржаўным каледжы. Таксама з калегамі з каледжа, БДСГА, БДАТУ, Інстытута пагранічнай службы мы распрацавалі і рэалізуем сумесную практычную работу: праводзім прафарыентацыйныя экскурсіі, творчыя сустрэчы, майстар-класы. У рамках мерапрыемстваў шостага школьнага дня ўзаемадзейнічаем з Капыльскім дзяржаўным каледжам, Слуцкім дзяржаўным сельскагаспадарчым ліцэем, Універсітэтам грамадзянскай абароны МНС, Ваеннай акадэміяй Рэспублікі Беларусь.

— На ваш погляд, як павінны выбудоўвацца адносіны ў тандэме “педагог — вучань — бацькі”?

— У такім тандэме важнае значэнне мае яднанне ўсіх удзельнікаў, адзінства мэт і задач, якія перад сабой ставяць педагогі і бацькі, а таксама паразуменне паміж імі. Бацькі і педагогі павінны прывіваць адны і тыя ж каштоўнасці дзецям, быць паплечнікамі і саюзнікамі. У калектыве для фарміравання супрацоўніцтва паміж дарослымі і дзецьмі важна ства­рыць сяброўскую атмасферу, каб было адчуванне адзінага цэлага — адной вялікай, згуртаванай сям’і, у якой кіпіць жыццё. Гэтаму спрыяе і рэалізацыя рэспубліканскага праекта “Бацькоўскі ўніверсітэт”, мерапрыемствы якога накіраваны на выбудоўванне супрацоўніцтва педагогаў і баць­коў на аснове дыялогу, адкрытасці, адмаўлення ад крытыкі і ацэнак.

Марына КУНЯЎСКАЯ