Алена Клачкова: «Створым для нашых дзяцей карыснае і аздараўленчае лета»

- 13:10Планерка

Вынікі навучальнага года карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” падвяла з начальнікам аддзела адукацыі Рагачоўскага райвыканкама Аленай Клачковай.

— Алена Вітальеўна, наколькі выні­ковым для сістэмы адукацыі Рагачоўшчыны стаў 2023/2024 навучальны год?

— Гэты год быў паспяховым для сістэмы адукацыі нашага раёна. І самым яркім момантам стала перамога нашага прадстаўніка ў конкурсе “Настаўнік года”. Гаворка, безумоўна, пра настаўніка выяўленчага мастацтва Доўскай сярэдняй школы Сяргея Шамінскага.

У нас існуе раённая праграма кантролю якасці адукацыі, якая дзейнічае вельмі даўно. І так атрымалася, што ў Год якасці быў зацверджаны новы этап яе рэалізацыі. Свае задачы былі пастаўлены на ўсіх узроўнях адукацыі. Калі гаварыць пра агульныя мэты, то ў іх аснове — стварэнне ўмоў ва ўстановах адукацыі раёна. Маем на ўвазе бяспеку, кадры, матэрыяльна-тэхнічнае аснашчэнне. Шмат чаго было зроблена пры падрыхтоўцы да 2023/2024 навучальнага года. Рашэннем райвыканкама за кожнай установай замацаваны шэфскія арганізацыі, якія аказваюць рэальную дапамогу, кожны з улікам сваіх магчымасцей. Не застаюцца ўбаку і бацькі, за што мы ім вельмі ўдзячны. Усё гэта спрыяе таму, што агульнымі намаганнямі ствараем максімальна камфортныя і бяспечныя ўмовы для ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу.

Калі гаварыць пра дашкольную адукацыю, то на працягу апошніх трох гадоў у нас захоўваецца тэндэнцыя зніжэння захворванняў. Шмат нашых педагогаў-дашкольнікаў выдаюць свае дапаможнікі. Акрамя таго, на базе дзіцячых садоў рэалізуюцца 2 інавацыйныя праекты, дзейнічаюць 2 эксперыментальныя пляцоўкі і 2 рэсурсныя цэнтры.

Развіваем інклюзіўную адукацыю. У Рагачоўскім раёне працуюць Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, Гарадзецкая спецыяльная школа-інтэрнат, педагогі якіх прыкладаюць максімум намаганняў, каб дапамагаць і развіваць асаблівых дзяцей. Мы нават у гэтым навучальным годзе правялі конкурс сярод настаўнікаў спецыяльнай адукацыі, каб яны адчувалі свой прафесійны рост і маглі пад­рыхтавацца да прадстаўлення назапашанага вопыту на рэспубліцы. Трэба адзначыць, што конкурс прайшоў на вельмі высокім узроўні.

Шмат сіл укладваем у духоўна-патрыятычнае і грамадзянскае выхаванне дзяцей. Гэта вельмі важны напрамак работы. У кожнай установе адукацыі прадстаўлена дзяржаўная сімволіка. У гэтым годзе прайшоў раённы конкурс куткоў дзяржаўнай сімволікі. Ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі створаны сцяганосныя групы. На базе цэнтра тэхнічнай творчасці ў пачатку навучальнага года стварылі раённы Цэнтр бяспекі. Дапамагалі ўсе рэгіянальныя структуры: Асвод, РУУС, МНС, медыкі. Такое міжгаліновае супрацоўніцтва стала асновай і для развіцця адукацыйнага працэсу, які ажыццяўляецца на базе цэнтра. Сумеснымі намаганнямі распрацаваны тэсты, інспектары праводзяць заняткі і тэматычныя сустрэчы з нашымі школьнікамі.  

Вялікую ўвагу ў 2023/2024 навучальным годзе ўдзялялі харчаванню дзяцей. У нас вельмі эфектыўна працуе раённы міжгаліновы савет па харчаванні, які ўзначальвае намеснік старшыні Рагачоўскага райвыканкама Кацярына Раждаева. Праверкі і маніторынг ажыццяўляліся рэгулярна, што дапамагала трымаць планку. Як і вучыцца на памылках іншых (калі школа атрымлівала заўвагі, то пасля іх разбіралі дырэктары ра­зам са сваімі супрацоўнікамі, тымі, хто мае дачыненне да арганізацыі харчавання). У выніку нашы дзеці харчуюцца смачна, своечасова і збалансавана.

— Гэты навучальны год папоўніў скарбонку перамог раёна і на рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах.

—  Так. Звычайна 4—6 нашых навучэнцаў траплялі на рэспубліканскі этап алімпіяды па вучэбных прадметах. Напрыклад, у мінулым годзе Рагачоўшчыну прадстаўлялі 5 чалавек, якія прывезлі 3 дыпломы. У гэтым жа годзе ў нашага раёна небывалы поспех — 9 навучэнцаў трапілі на рэспуб­ліку, сямёра з іх вярнуліся з дыпломамі (па кітайскай мове ў нас абсалютны пераможца), а двое — з пахвальнымі водзывамі. Трое з ліку пераможцаў з’яўляюцца выпускнікамі, таму яны заваявалі яшчэ і магчымасць паступіць ва ўніверсітэт без экза­менаў.

Каб развіваць алімпіядны рух, нала­джана сістэмная работа з раённымі трэнерамі і настаўнікамі-прадметнікамі. Штогод напрыканцы навучальнага года праводзіцца раённае свята “Юныя таленты роднай зямлі” пад патранажам старшыні райвыканкама Віталія Сушко, дзе заахвочваюцца нашы таленавітыя, адораныя дзеці, іх педагогі і бацькі.

Акрамя таго, шмат працуем у галіне падрыхтоўкі вучняў да ЦЭ і ЦТ. У мінулым годзе раён быў на 5-м месцы ў абласным рэйтынгу па іх выніках. Сёлета праз метадычныя аб’яднанні па прадметах зноў была арганізавана сістэмная падрыхтоўка да ЦЭ і ЦТ. Сочым за тым, каб усе нашы адзінаццацікласнікі не адзін раз спрабавалі свае сілы на рэпетыцыйным тэсціраванні.

— Ці выраслі пасля перамогі Сяргея Шамінскага крылы ў настаўнікаў раёна?

— Пачну з таго, што перамога Сяргея Міхайлавіча здарылася тады, калі ёй было наканавана. І яна невыпадковая. Канечне ж, педагагічны і метадычны патэнцыял С.М.Шамінскага мае ўздзеянне на педагогаў раёна. Па-першае, ён актыўна дзеліцца вопытам, а па-другое, яго прыклад натхняе. Увогуле, абмену метадычным вопытам удзяляем шмат увагі, развіваем міжпрадметныя сувязі ў раённай педагагічнай супольнасці. Элементы майстар-класа Сяргея Міхайлавіча лёгка кладуцца на матэматыку ці, напрыклад, біялогію. Дзейнасць кожнага педагога накіравана на павышэнне вучнёўскай цікавасці да прадмета, а метадычны інструментарый універсальны. Галоўнае — навучыцца ім карыстацца ў разрэзе свайго прадмета.  

Дарэчы, у раёне 6 настаўнікаў-метадыстаў, гэта наша метадычнае ядро. Дзей­насць гэтых педагогаў накіравана на развіццё калег, павышэнне іх прафесійных кампетэнцый. Сярод іх трое гісторыкаў, якія актыўна працуюць над распрацоўкай матэрыялаў і праектаў, прызваных па­казаць маладому пакаленню ўсю прыгажосць і значнасць роднага краю. Акрамя таго, яны заахвочваюць дзяцей да ўдзелу ў алімпіядным руху і навукова-практычных канферэнцыях. Гаворка пра Л.В.Літвінаву, В.В.Краўчанка, С.І.Варыкаву. Настаўніца рускай мовы і літаратуры Т.Я.Клымчук умацоўвае філалагічны напрамак у раёне. Настаўнік працоўнага навучання А.М.Атро­хаў развівае патэнцыял педагогаў і дзяцей у рамках свайго прадмета. А Сяргей Шамінскі цяпер з’яўляецца эталонным настаўнікам не толькі ў раёне, але і ва ўсёй краіне. Яго патэнцыял распаўсюджваецца і на сістэму дадатковай адукацыі.

— На парозе лета. Што ў планах?

— Будзем развіваць усе напрамкі: працоўную занятасць моладзі, арганізацыю адпачынку ў лагерах як дзённага, так і круг­ласутачнага знаходжання. Мы вельмі цесна супрацоўнічаем з раённым упраўленнем па працы і сацыяльнай абароне, рэалізуем шэраг сумесных праектаў па працоўнай занятасці падлеткаў, таму штогод спіс прапаноў павялічваецца. Абавязкова працуем з дзецьмі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы і ў адносінах да якіх вядзецца індывідуальная прафілактычная работа.

На ўсё лета ў нас распісана дзей­насць школьных лагераў (зразумела, з улікам пад­рыхтоўкі ўстаноў да новага навучальнага года). Брэндам нашага рэгіёна з’яўляецца міжнародны палатачны лагер “Кры­нічка”, які гэтым летам зноў чакае гасцей. Працягнем супрацоўніцтва са 120-й гвар­дзейскай дывізіяй. У нас фармі­руецца атрад для змены на яе базе. Будуць арганізаваны змены і для адораных вучняў. Створым для нашых дзяцей карыснае і аздараўленчае лета.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алены КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВАЙ