Па выніках 2023 года ўпраўленне па адукацыі Бабруйскага гарвыканкама было прызнана лепшым у Магілёўскай вобласці і ў рэспубліцы. Пра сакрэт поспеху карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала начальнік упраўлення па адукацыі Бабруйскага гарвыканкама Алена Лісіца.
Высокі статус
— У 2020 годзе я была прызначана на пасаду начальніка ўпраўлення па адукацыі Бабруйскага гарвыканкама, — расказвае Алена Сяргееўна. — Хоць першы год работы быў складаным, але па яго выніках наша ўпраўленне па адукацыі стала лепшым у Магілёўскай вобласці. Такі ж вынік мы атрымалі ў 2021 годзе, а па выніках 2023 года ўпраўленне па адукацыі Бабруйскага гарвыканкама было прызнана лепшым і ў вобласці, і ў рэспубліцы ў намінацыі “Лепшае стуктурнае падраздзяленне гарадскіх, раённых выканаўчых камітэтаў, мясцовых адміністрацый раёнаў у гарадах, якія ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы адукацыі”.
— Як вам такі высокі статус?
— Такі статус абавязвае працаваць якасна, прадукцыйна, і на сённяшні момант наша задача — не зніжаць планку. Зразумела, што такі вынік — гэта не поспех аднаго чалавека, а праца цэлай каманды. Лічу, што ў нашым горадзе моцная педагагічная супольнасць, педагогі і кіраўнікі ўстаноў адукацыі цвёрда ведаюць мэты, гатовы працаваць на вынік, разумеюць значнасць сваёй дзейнасці. Менавiта за гэта я i ўдзячна кожнаму педагогу асабіста.
— Вы згодны, што ваша каманда — гэта калектыў аднадумцаў?
— Я з упэўненасцю магу сказаць, што мы каманда аднадумцаў, якая аб’яднана адной мэтай — выхаваць асобу, грамадзяніна, патрыёта. Для гэтага сёння ў нашай краіне ў цэлым і ў нашым горадзе ў прыватнасці створаны ўсе неабходныя ўмовы. У нас працуюць найлепшыя педагогі і вучацца самыя лепшыя дзеці. Мы працуем на якасць. Адзін у полі не воін, каманда — гэта самае галоўнае.
— А каго вы можаце назваць сваёй правай рукой? Ці ёсць чалавек, на якога вы заўсёды можаце абаперціся на рабоце?
— Мая правая рука — мой калектыў упраўлення па адукацыі, гэта пяць супрацоўнікаў. Кожны з калег адказвае за свой кірунак работы, разумее сваю задачу і здольны яе выканаць якасна i аператыўна.
— Цікава, што пяць чалавек быццам пяць пальцаў адной рукі…
— Так, мае супрацоўнікі — гэта і ёсць мая правая рука, мы працуем зладжана і прадукцыйна. Ніколі ніхто з нас не лічыцца з асабістым часам, сямейнымі абставінамі. Мы рэальна разумеем, што на рабоце мы працуем, імкнёмся ўсё зрабіць лепш, больш вынікова.
— А ці ёсць у Алены Лісіцы нейкі адмысловы сакрэт поспеху?
— Сакрэт — у маім працалюбстве. Я з сям’і педагогаў і бясконца люблю сваю прафесію. Галоўны сакрэт поспеху — упэўненасць у сабе і ў заўтрашнім дні, гатоўнасць прымаць рашэнні і несці за іх адказнасць.
Выканаць усё намечанае
— Ці ёсць прыярытэты ў сістэме адукацыі Бабруйска як буйнога прамысловага горада?
— Такія прыярытэты ёсць у кожным з напрамкаў нашай работы. Галоўны прыярытэт — забеспячэнне якасці адукацыі, таму робім упор на педагогаў, на іх узровень кваліфікацыйнай катэгорыі. Вынікі відавочныя: высокія балы нашых навучэнцаў на ЦЭ і ЦТ, удзел у рэспубліканскіх алімпіядах, актыўная даследчая дзейнасць, удзел у рэспубліканскіх конкурсах “Настаўнік года” і абласных фестывалях і конкурсах. Менавiта перамогi нашых дзяцей і педагогаў сведчаць аб якасці адукацыi ў нашым горадзе.
У плане выхаваўчай работы ў нас шмат прыярытэтаў. Безумоўна, мы ўдзяляем асаблівую ўвагу патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення, прававому выхаванню, прафілактыцы супрацьпраўных паводзін і сямейнай нядобранадзейнасці, прафілактыцы суіцыдальных паводзін. Акцэнт таксама на стварэнні бяспечных умоў знаходжання дзяцей ва ўстанове адукацыі. Акрамя таго, нам важна, каб і ў сям’і былі створаны ўсе ўмовы для развіцця дзіцяці, каб мы разумелі, што яно знаходзіцца ў здаровай атмасферы.
У частцы фінансава-гаспадарчай дзейнасці прыярытэт — утрыманне ўстаноў адукацыі ў належным стане. У мінулым годзе ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі мы замянілі аконныя блокі, у бягучым годзе пачалі ўжо такія работы ва ўстановах дашкольнай, спецыяльнай і дадатковай адукацыі. Улічваючы, што пастановай Савета Міністраў вызначаны тэрміны, парадак падрыхтоўкі і падпісання пашпартоў гатоўнасці ўстаноў адукацыі, ужо сёння мы актыўна працуем над падрыхтоўкай да чарговага навучальнага года. На сённяшні момант мы маем неабходнае фінансаванне, вызначаны задачы і мерапрыемствы. Засталося толькі выдатна папрацаваць і выканаць усё намечанае.
У плане кадравай палітыкі актыўна працуем з выпускнікамі ўстаноў адукацыі па папулярызацыі педагагічнай прафесіі. Так, у мінулым годзе заключылі 17 мэтавых дагавораў з выпускнікамі, сёлета ўжо сабраны 32 заяўкі на атрыманне навучэнцамі адукацыі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Яшчэ адзін аспект — гэта работа з маладымі спецыялістамі, наша задача — замацаваць іх на першым працоўным месцы.
— Як будуеце работу з сацыяльнымі партнёрамі? Ці ўдаецца знаходзіць разуменне з кіраўнікамі мясцовых буйных прадпрыемстваў?
— Удаецца. Бабруйск — прамысловы горад, у якім некалькі буйных прадпрыемстваў.
Сацыяльныя партнёры заўсёды адкрытыя для аказання спонсарскай дапамогі на падрыхтоўку ўстаноў адукацыі да навучальнага года, на ўдасканаленне іх матэрыяльна-тэхнічнай базы.
Адзін з яркіх прыкладаў — Бабруйскі завод трактарных дэталей і агрэгатаў, які летась аказаў дапамогу ў рамонце вучэбных кабінетаў сярэдняй школы № 31 горада. Аказвае нам падтрымку і Бабруйскі завод буйнапанэльнага домабудавання — яе атрымліваюць сярэднія школы № 35 і № 32, установы дашкольнай адукацыі. Аб кожным прадпрыемстве нам ёсць што сказаць. У нас наладжана гэтая работа, за што мы вельмі ўдзячныя нашым сацыяльным партнёрам.
Час выбірае нас
— Да чаго імкнецца сістэма адукацыі Бабруйска і асабіста вы?
— Сістэма адукацыі нашага горада імкнецца да таго, каб дзеці атрымлівалі якасную адукацыю, каб было менш сямейнай нядобранадзейнасці, каб хлопчыкі і дзяўчынкі раслі ў нармальных, здаровых умовах. Наша задача — выхаваць грамадзяніна, карыснага грамадству і нашай краіне. Асабіста я імкнуся быць карыснай роднай Беларусі. Як гаворыцца, час выбірае нас. Усе задачы, якія будуць пастаўлены перада мной, я гатова вырашаць.
— Упэўнена, што ў вас і вашых калег усё атрымаецца!
Наталля КАСТЭНКА
Фота аўтара