На карце нашай сталіцы з’явіўся новы аб’ект. Жыхароў горада цяпер будзе радаваць алея, прысвечаная 80-годдзю сістэмы прафесійнай адукацыі. Пасадзілі яе людзі, якія з’яўляюцца часткай гэтай сістэмы і ганарацца гэтым.
Алея высаджана ў адным з двароў, што на Партызанскім праспекце. Гэта ў Заводскім раёне, дзе знаходзяцца буйныя вытворчыя прадпрыемствы, для якіх сістэма рыхтуе кадры, а таксама і некаторыя ўстановы сістэмы прафадукацыі.
На алеі зазелянелі 25 ліп. Іх пасадзілі кіраўнікі, работнікі і навучэнцы ўсіх устаноў ПТА і ССА Мінска, якія падпарадкоўваюцца камітэту па адукацыі Мінгарвыканкама, а таксама прадстаўнікі Мінгарвыканкама і адміністрацыі Заводскага раёна: А.М.Цуран, намеснік старшыні Мінгарвыканкама, М.С.Кіндзірэнка, старшыня камітэта па адукацыі, А.П.Зелянко, намеснік кіраўніка адміністрацыі Заводскага раёна Мінска. Таксама на алеі з’явіўся валун з памятнай таблічкай. Алею будуць і далей добраўпарадкоўваць. Ва ўстановах прафесійнай адукацыі вучыцца і працуе мноства таленавітых, працавітых людзей, якія змогуць стварыць прыгожыя аб’екты, што зробяць гэта месца прыгожым і ўтульным.
У рамках святкавання 80-годдзя прафадукацыі ў сталіцы адбыўся шэраг мерапрыемстваў. Гэта ўшанаванне ветэранаў, анлайн-экскурсіі па музеях устаноў адукацыі, а таксама ўрачыстае мерапрыемства, якое прайшло ў Нацыянальнай бібліятэцы.
Сёння сістэма прафесійнай адукацыі сталіцы — гэта 22 установы ПТА і ССА, у якіх набываюць прафесіі больш за 20 тысяч навучэнцаў. Ва ўстановах дзейнічаюць 6 рэсурсных цэнтраў. Актыўна ўключыліся ўстановы прафадукацыі ў работу са школьнікамі — больш за 8 тысяч юнакоў і дзяўчат наведваюць цэнтры прафесійнай і дапрафесійнай падрыхтоўкі, каб пазнаёміцца з больш чым 30 рабочымі спецыяльнасцямі. Сучасная сістэма прафадукацыі — гэта моцная структура, якая гнутка рэагуе на патрэбы рынку працы. За гады сістэма даказала, што здольна паспяхова вырашаць нават самыя складаныя задачы, якія стаяць перад ёй. Таму значную дату прафесійныя каледжы і ліцэі сталіцы сустракаюць з гонарам і надзеяй на новыя дасягненні.
Дар’я РЭВА.
Фотаздымак прадастаўлены Мінскім гарадскім ВМЦ прафесійнай адукацыі.