Аляксандр Кадлубай — пра восьмы з’езд настаўнікаў СНД: мы назапасілі багаты вопыт, нам ёсць чым падзяліцца

- 12:05Актуально, Новости

“Адукацыя ў зменлівым свеце: уплыў глабальных рэалій на развіццё адукацыі дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў” — ключавая тэма восьмага з’езда настаўнікаў СНД. З’езд праходзіць з 2 па 5 кастрычніка ў Ерэване (Арменія). Яго ўдзельнікамі сталі прадстаўнікі педагагічных супольнасцей Беларусі, Расіі, Арменіі, Казахстана, Кыргыз­стана,  Узбекістана, Таджыкістана, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

У праграме з’езда — пленарнае пасяджэнне, дзе прадстаўнікі дэлегацый азнаёмілі са стандартамі адукацыі ў сваіх краінах, а таксама арганізацыя работы 10 тэматычных секцый у фармаце панэльных сесій, дыскусій, вучэбных семінараў і трэнінгаў.

— З’езд настаўнікаў СНД — выдатная пляцоўка для знаёмства і абмену вопытам. Акрамя таго, гэта магчымасць зверыць нашы адукацыйныя компасы. Мы назапасілі багаты адукацыйны і выхаваўчы вопыт работы на ўсіх узроўнях адукацыі, і нам ёсць чым падзяліцца. Прынамсі, пабудаваная сістэма грамадзянскага і патрыятычнага выхавання дае магчымасць захоўваць нашу нацыянальную ідэнтычнасць, — адзначыў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай.

Секцыі сталі пляцоўкамі для абмеркавання адукацыі ў імя ўстойлівага развіцця, крытэрыяў ацэнкі якасці адукацыі, новых трэндаў у педагогіцы, запатрабаваных інавацыйных тэхналогій. Гаварылася пра сучасныя інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі ў адукацыі, пра шляхі фарміравання выпускніка будучыні, пашырэнне інклюзіўнай адукацыі.

Абмяркоўваліся стратэгіі павышэння якасці адукацыйных праграм падрыхтоўкі настаўнікаў замежных моў, асаблівасці арганізацыі вучэбнага працэсу ў сучасных умовах (канструяванне модульных адукацыйных праграм), кампетэнцыі ХХІ стагоддзя ў нацыянальных стандартах школьнай адукацыі. Асобна ішла гаворка пра развіццё сістэмы сярэдняй прафесійнай адукацыі (новыя магчымасці супрацоўніцтва ў рамках СНД).

Прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі Садружнасці Незалежных Дзяржаў”. Сярод беларусаў узнагароду атрымалі Дзяніс Дук, рэктар Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова, Анастасія Маршалак, выхавальніца санаторнага дзіцячага сада Смаргоні, Іван Якіменка, настаўнік матэматыкі і інфарматыкі Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна. Віншуем!

Акрамя таго, у межах з’езда прайшоў ІІІ Міжнародны фестываль педагагічнага майстэрства, мэта якога — выяўленне таленавітых і паспяховых педагагічных работнікаў дзяржаў — удзельніц СНД, распаўсюджванне іх вопыту работы на міжнародным узроўні, вызначэнне каштоўнасцей і прыярытэтаў адукацыі ў глабалізаваным грамадстве.

Сваё майстэрства дэманстравалі 9 педагогаў з Беларусі. Майстар-класы настаўнікаў прахо­дзілі ў трох намінацыях: “Настаўнік”, “Выхавальнік” і “Псіхолаг/сацыяльны педагог”.

У намінацыі “Настаўнік” выступалі Святлана Здаранкова, настаўніца фізікі сярэдняй школы № 34 Баб­руйска, Таццяна Пархамчук, настаўніца біялогіі гімназіі № 2 Пінска, і Аляксандра Сакулевіч, настаўніца рускай мовы і літаратуры Ліцэя імя Ф.Э.Дзяржынскага БДУ.

Намінацыю “Выхавальнік” прадстаўлялі Ганна Крышталь з дзіцячага сада № 1 Пінска, Любоў Палын, метадыст па дашкольнай адукацыі Мазырскага вучэбна-метадычнага цэнтра, і Кацярына Талкач, прадстаўніца дзіцячага сада Копішча Мінскага раёна.

У намінацыі “Псіхолаг/сацыяльны педагог” свой вопыт прадстаўлялі Кацярына Грыбоўская, педагог сацыяльны сярэдняй школы № 9 Маладзечна, Юлія Пшанічнікава, педагог-псіхолаг дзіцячага сада № 134 Мінска, і Любоў Шэрсцень, педагог сацыяльны гімназіі № 3 Барысава.

Арганізацыйна-мета­дычнае суправаджэнне ўдзель­нікаў фестывалю ажыццяўляла Акадэмія адукацыі.

 Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота аўтара